Поўнаметражная ігравая карціна «Пад шэрым небам» беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч была адабрана ў міжнародны конкурс вядомага нью-ёркскага фестывалю Tribeca, заснаванага Робертам Дэ Ніра, Джэйн Розенталь і Крэйгам Хаткофам. Фільм, натхнёны постацямі і гісторыяй Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, будзе паказаны на адной з найвядомейшых пляцовак незалежнага кіно ў чэрвені. «Без сціпласці скажу, што трапіць у праграму такога фэсту — гэта поспех», — пракаментавала навіну Reform.news Мара Тамковіч.
Гісторыя стварэння карціны проста неверагодная. «Пад шэрым небам», якая вырасла з папярэдняй кароткаметражнай стужкі Мары Тамковіч «У жывым эфіры», была знятая за 15 дзён. Яе бюжэт — вельмі сціплы па мерках еўрапейскага кіно — 1 мільён злотых. І тым не менш фільм, натхнёны постацямі і гісторыямі беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, трапіў у конкурс прэстыжнага амерыканскага фестывалю незалежнага кіно.
— Для мяне вялікая радасць, што беларуская гісторыя адгукаецца людзям, здавалася б, вельмі далёкім ад праблемаў і справаў нашага рэгіёна. Спадзяюся, што карціна адгукнецца таксама і гледачам, якіх будзем намагацца знайсці для фільма як найбольш, — падзялілася сваімі эмоцымі з Reform.news Мара Тамковіч.
У анатацыі на сайце форуму адзначаецца, што фільм распавядае пра пару беларускіх журналістаў, якія намагаюцца захаваць сябе і адно аднога пад ціскам рэпрэсіяў пасля 2020 года. Але пасыл кіно — не толькі ў відавочным сюжэце.
— Для мяне карціна сталася спробай зразумець, што адбываецца з Беларуссю, усімі намі пасля 2020 года. А таксама спробай знайсці надзею, падавалася б, у безнадзейным, — распавяла Мара Тамковіч. — І гэтыя спробы завялі мяне да пошуку рэчаў, якія не даюць здавацца, нават калі ты змагаешся з праціўнікам, відавочна мацнейшым за цябе. Мне было важна пашукаць гэтыя рэчы не на ўзроўні вялікага палітычнага дзеяння, а на чалавечым узроўні, на ўзроўні вельмі няпростага, складанага, цяжкога, даўгога, асабістага перажывання гэтага працэсу.
Ці будзе гэты фільм пра надзею? Адказ на гэта пытанне залежыць ад гледача, лічыць рэжысёрка.
— То-бок асабіста я знайшла штосьці, у чым бачу надзею на шляху стварэння гэтага фільма. Але амерыканскага хэпі-энду ў класічным стылі ў карціне не будзе, — папярэджвае кінематаграфістка.
Мара падкрэслівае, што «Пад шэрым небам» не з’яўляецца спробай зафіксаваць падзеі ў дакументальным ключы — зрабіць свайго кшталту храналогію.
— Наша карціна — гэта спроба асэнсаваць досвед, з якім сутыкнуліся і гэтыя канкрэтныя людзі, і сутыкнулася шмат іншых людзей у Беларусі, — звяртае яна ўвагу. — Як і ў папярэдняй стужцы «У жывым эфіры», мы не ставілі за мэту зрабіць дакументальную фіксацыю рэчаіснасці.
У фільме здымаюцца акторы, якія былі задзейнічаны ў «У жывым эфіры»: у першую чаргу, Аляксандра Вайцяховіч; гэтаксама з’явяцца ў кіно Паліна Чабатарова і Андрэй Новікаў. Героя Ігара Ільяша будзе іграць Валянцін Навапольскі.
Карціна на 90% была прафінансавана Польскім інстытутам кіно.
На пытанне, што падштурхнула беларускую кінематаграфістку вырашыцца здымаць стужку ў такія сціплыя тэрміны — 15 дзён, яна адказвае:
— Падштурхнула тое, што звычайна штурхае здымаць кіно — запал. Я шмат гадоў на фільмах працую з адным і тым жа аператарам, і кожны раз, уключаючыся ў новы праект, мы кажам адно аднаму: «Ну, гэты праект мы зрушым, але наступны мусіць быць дакладна лягчэй». І кожны раз наступны фільм аказваецца складанейшы за папярэдні, — прызнаецца Мара. — Напэўна, мне трэба прымірыцца з гэтым, не ведаю. Але гэта, сапраўды, была вельмі авантурная задача — зняць стужку за 15 дзён. І без вялікага даверу, разумення і падтрымкі з боку ўсёй каманды — пачынаючы ад прадзюсараў, заканчваючы акторамі, тэхнічнай камандай, усімі, хто ўключыўся ў працэс — нічога не адбылося б. Відавочна, што пры такім бюджэце асноўная матывацыя каманды была абсалютна не фінансавая. І зараз гэта поспех кожнай асобы, якая спрычынілася да фільма. Без сціпласці скажу, што трапіць у праграму такога фэсту як «Трайбека» — гэта вялікая ўдача!
Пасля прэм’еры ў Нью-Ёрку «Пад шэрым небам» у верасні будзе паказаны на польскім фестывалі ігравога кіно ў Гдыні. Далей прадзюсары карціны будуць шукаць іншыя фестывальныя пляцоўкі, на якіх карціну змогуць паглядзець гледачы.
Tribeca Film Festival быў заснаваны ў 2002 годзе Робертам Дэ Ніра, Джэйн Розенталь і Крэйгам Хаткофам у якасці рэакцыі кінематаграфістаў на тэрарыстычныя акты 11 верасня 2001 года з мэтай аднаўлення дзелавой і сацыяльнай актыўнасці найбольш пацярпелага Ніжняга Манхэтэна і, у прыватнасці, раёна Трайбека. У якасці галоўнай місіі форуму заяўлены неабходнасць пераасэнсавання кінематаграфістамі іх уплыву на грамадскую свядомасць і папулярызацыю незалежнага кіно. Фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» быў адабраны ў конкурс «Найлепшы замежны ігравы фільм» з сотні прэтэндэнтаў з усяго свету. З ім у секцыі будуць спаборнічаць сем стужак рэжысёраў з Харватыі, Швецыі, Бразіліі, Сінгапура, Германіі ды іншых краін.
Сёлета Tribeca Film Festival пройдзе з 5 па 16 чэрвеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: