Нядаўна мы пісалі пра шведскі тэатр Гётэборга ADAS, які паведаміў, што вымушаны адмяніць паказы спектакля «Mama Zoya, Belarus», пастаўленага сумесна з Брэсцкай тэатральнай групай «Крылы Халопа». Прычынай адмены тэатр назваў пагрозы, якія паступаюць у адрас аднаго з яго супрацоўнікаў.
Аднак адна са стваральніц спектакля «Mama Zoya, Belarus» Аксана Гайко напісала ў сацсетках, што насамрэч беларускім удзельнікам спектакля ніхто не пагражаў, тэатр не можа прадаставіць таму доказаў, аднак распаўсюджвае ў прэсе заявы пра пагрозы, што паступаюць ад беларускіх сілавікоў.
Рэжысёрка, актрыса і арт-менеджарка Аксана Гайко пачала працаваць над спектаклем пра сваю маці «Mama Zoya, Belarus» у 2021-2022 гадах разам са шведскім тэатрам ADAS.
Досвед супрацоўніцтва аказаўся няўдалым, і Аксана Гайко была адхілена ад праекта. Пра версію канфлікту ад Аксаны Гайко можна пачытаць тут.
Пазней сваім поглядам на падзеі падзялілася мастацкая кіраўнічка тэатра ADAS Фія Адлер Сандблад.
Летам шведскі тэатр працягваў ездзіць з гастролямі па Еўропе, выкарыстоўваючы кантакты «Крылаў Халопа». Аксана Гайко напісала ім афіцыйны ліст, у якім паведаміла, што тэатр «КХ» лічыць немагчымым якую-небудзь далейшую дапамогу і супрацоўніцтва з тэатрам ADAS.
Тым не менш ADAS працягнуў паказваць спектакль у Швецыі. У студзені 2024 г. удзельнічаць у праекце адмовілася і беларуская актрыса Святлана Гайдалёнак. Артыстка ў сваім допісе пералічвае прычыны адмовы: тэатр ADAS не выконвае пункты кантракту з Аксанай Гайко, піша ў медыя тэксты, якія падвяргаюць яе небяспецы, не лічыць патрэбным плаціць аўтарцы спектакля працэнт ад квіткоў, як было заяўлена раней…
Аднак, як высветлілася, гісторыя пра пагрозы КДБ мае свой грунт. Актрыса Святлана Гайдалёнак, калі ў студзені 2024 года вырашыла скончыць супрацу з тэатрам, напісала, што робіць гэта з некалькіх прычын. Адна з іх была выкладзена наступным чынам: «Сітуацыя становіцца горш у Беларусі. КДБ кантактуе з маімі блізкімі сябрамі. Мая сям’я там. Я баюся прыцягваць увагу». Праз нейкі час прадзюсар тэатра ADAS звярнуўся да Святланы з просьбай зрабіць каментар пра загрозу КДБ для яе як прычыну адмены гастроляў. Невялікі каментар для невялікай газеты і выклікаў тую хвалю, якая паднялася пасля ў шведскіх медыя. «Аднак тое, што пасля пачала распаўсюджваць Фія, шакавала мяне, — піша Святлана Гайдалёнак. — Шведы кажуць, што пагрозы датычылі іх супрацоўнікаў. Яны называлі супрацоўніцай мяне? Я ніколі ёй не была».
«Калі ўявіць, добра, я схлусіла пра КДБ, — працягвае Святлана. — Але якая прычына мне, акторцы без працы ў экзілі, адмаўляцца ад гастроляў? А прычына ёсць — аднагадовы канфлікт з ініцыятаркай праекта Аксанай Гайко і немагчымасць тэатра ADAS развязаць з ёй гэты канфлікт. Яны так і не папрасілі прабачэння ў Аксаны, не адказалі ёй на ліст пра правы на тэкст, не заплацілі ёй адсотак ад продажу квіткоў, цэлы год ставілі яе пад пагрозу сваімі тэкстамі ў пабліку і падобнае.
Я прашу прабачэння ў Аксаны за сваю хлусню, якая распачала жудасны медыяскандал».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram