Гільзы, сеткі і цела як поле бітвы… Як украінскае мастацтва рэагуе на вайну?

Украінскае выданне «Suspilne media» ў гадавіну расійскага ўварвання паразважала пра прысутнасць ваеннай рэальнасці ў сучасным мастацтве. Аўтарка тэксту Аля Сегал распавяла, як змянілася ўкраінскае грамадства за дзесяць гадоў расійска-ўкраінскай вайны і два гады з часу поўнамаштабнага ўварвання. Вайной прасякнута кожная сфера жыцця, уключаючы і культуру.

Галоўная тэндэнцыя сучаснага ўкраінскага мастацтва — жаданне пераасэнсаваць і ператварыць боль, каб паспрабаваць навучыцца жыць у свеце, які замест гліны прапануе ракеты. І ў гэтым імкненні многія аўтары працуюць з матэрыялам, што літаральна ляжыць на паверхні, — з артэфактамі вайны. Яны часта ствараюць аб’екты мастацтва са зброі або рэшткаў ваеннай тэхнікі, напрыклад, гэта могуць быць скрыні для боепрыпасаў, чахлы ад выкарыстаных Джавелінаў і гільзы ад снарадаў і іншыя прадметы, траўматычныя і добра чытэльныя для ўкраінскага гледача.

Напрыклад, на прэстыжным міжнародным форуме ў Венецыі — Венецыянскай біенале — Украіна будзе прадстаўлена праектам «Пляценне сетак». На думку куратараў, гэта калектыўнае дзеянне адпавядае тэме біенале — «Іншаземцы паўсюль», прысвечанай маргіналізаваным групам, уключаючы выгнаннікаў, эмігрантаў і аўтсайдараў.

Яшчэ адзін прыклад працы з маскіровачнай сеткай — крэсла Gropius Military Edition дызайнера Кацярыны Сакаловай, якое было распрацавана ў рамках дабрачыннага праекта «Украіна: дызайн для рэальнага часу» ў Парыжы. Матэрыялам для крэсла сталі палоскі тканіны, якія застаюцца ад вытворчасці мэблі.

Яраслаў Футымскі. Без назвы. 2023. Фота: suspilne.media.

У рамках серыі выстаў Малой галерэі «Мистецького Арсенала» мастак Яраслаў Футымскі стварыў шэраг аб’ектаў з каранёў і флешэтаў (металічных дроцікаў, вынятых са снарада ЗШ-1). Карняплоды з’яўляюцца ў працах і перформансах Футымскага часта, у асноўным гэта сезонная зеляніна, якую можна знайсці на кірмашах. Для выставы мастак працяў карэньчыкі флешэтамі. Іх ён знайшоў, калі працаваў на аднаўленні Чарнігаўшчыны. Працы, як адзначае мастак, не былі канцэптуальнымі, хутчэй ствараліся ў стане афекту ад убачаных руін. Карані вяргіні, прашытыя флешэтамі, на здзіўленне не высахлі, а пусцілі новыя парасткі. Мастак высадзіў кветку на Спаскім бастыёне, рэштках абарончага вала ў Кіеве.

Саша Курмаз. Храм Праабражэння Гасподняга. 2022.

У 2022 годзе Саша Курмаз стварыў у Берліне інсталяцыю «Храм Праабражэння Гасподняга», выкарыстаўшы для яе частку савецкага ваеннага ГАЗ-63 і злучыўшы яго з невялікім праваслаўным купалам. Тым самым ён правёў паралель паміж рэлігійнай экспансіяй Маскоўскага патрыярхату і вайсковай агрэсіяй Расіі.

Фрагмент экспазіцыі выставы Міхаіла Рэвы «Даследаванне зла». 2023.

У 2023 годзе ў Адэскім Нацыянальным мастацкім музеі прайшла выстава Міхаіла Рэвы «Даследаванне зла», на якой былі прадстаўлены скульптуры, зробленыя з гільзаў і абломкаў ваеннай тэхнікі і машын.

Жанна Кадырава. З серыі «Data Extraction». 2023.

Больш асцярожна і далікатна з артэфактамі вайны працуе мастачка Жанна Кадырава. У сваёй серыі «Data Extraction» («Выманне дадзеных») мастачка акуратна вылучае аб’екты з рэальнасці і змяшчае іх у галерэйную прастору, надаючы ім мастацкае прачытанне.

Працаваць з кавалкамі асфальту Кадырава пачала яшчэ ў 2011 годзе. Тады выразаныя пласты дарожнага пакрыцця з бясконцымі латамі сталі вобразамі карупцыі. У 2023 годзе кавалкі асфальту са слядамі ад снарадаў увасобілі сабой вобраз расійскай агрэсіі.

Кадырава перамяшчае частку ўкраінскай дарогі ў галерэю, дзе тая становіцца падобнай да абстрактнага палатна. Пры гэтым змест работы захоўваецца і маштабуецца.

Метафарычнае пераасэнсаванне тэмы вайны прапануе Марыя Кулікоўская, якая выкарыстоўвае цялесны досвед і нечаканыя матэрыялы. Аўтарка пачала працаваць з тэмай вайны і акупацыі яшчэ ў 2014 годзе, калі родны горад мастачкі быў захоплены Расіяй. Яна выставіла ў данецкам цэнтры «Ізаляцыя» свае аўтапартрэтныя скульптуры з мыла. З прыходам акупацыйных уладаў завод, у якім быў размешчаны мастацкі цэнтр, быў захоплены, большасць твораў з выставы — разбурана, а скульптуры мастачкі выкарыстаны баевікамі як мішэні для стральбы. У наступныя гады акупацыі расійцы ператварылі цэнтр «Ізаляцыя» ў турму і катавальню.

Адна са скульптур Марыі Кулікоўскай, напоўненай гільзамі і кветкамі. Фота: life.pravda.com.ua.

У 2019 годзе Марыя правяла перформанс, падчас якога сама расстрэльвала свае мыльныя скульптуры, прымяраючы на сябе ролю захопніка і прапрацоўваючы ўласную траўму.

За 12 гадзін да поўнамаштабнага ўварвання, 23 лютага 2022 года, мастачка прэзентавала скульптуру, напоўненую кветкамі, якія Кулікоўская сабрала на мяжы з часова акупаваным Крымам, а таксама адстралянымі гільзамі з усходу Украіны. Праца была эвакуяваная і паўторна выстаўленая ў Музеі медыямастацтва Francisco Carolinum у рамках персанальнай выставы мастачкі «Маё цела — поле бітвы».

Украінскія творцы мусяць пераасэнсаваць новую рэальнасць і навучыцца працаваць нават з такімі нечаканымі для сябе матэрыяламі. «Унутры краіны такія творы дапамагаюць асэнсаваць рэчаіснасць, у якой жыве грамадства, даюць прастору для рэфлексіі, а за мяжой – прыцягваюць увагу да гвалту, жаху і страт, якія нясе вайна ўжо дзесяць гадоў», — падагульняе свае разважанні пра ваеннае мастацтва аўтарка тэксту Аля Сегал.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!