Георгій Рой анансаваў Велікодную літургію па-беларуску ў Лютэранскай кірсе Вільні

Культура
Святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта падчас службы беларускай літургіі ў лютэранскай кірсе Вільні ў мінулым годзе. Скрын відэа.

Апоўначы з 4-га на 5-га мая ў вільнюскай Евангелічнай лютэранскай кірсе на Vokiečių g. 20 пройдзе Велікодная літургія. Яе будзе служыць беларуская праваслаўная грамада на чале са святарамі Георгіем Роем і Аляксандрам Кухтам — грамада ў юрысдыкцыі Сусветнага (Канстантынопальскага) патрыярхату.

Ужо зараз у беларускай царкве на Bokšto g. 4 можна асвяціць велікодную ежу.

Гэтаксама 5 траўня на Bokšto а 9.00 адбудзецца яшчэ адна Велікодная служба — для дзяцей і іх бацькоў.

Але святочная літургія адбудзецца менавіта ў Евангелічнай лютэранскай кірсе на Vokiečių g. 20.

Айцец Георгій Рой адзначае, што да набажэнства зможа далучыцца кожны ахвотны — праз стрым на YouTube-канале «Беларускі праваслаўны прыход у Вільні».

«Для таго, каб быць больш уключанымі ў тое, што адбываецца, вы можаце спампаваць тэкст службы і сачыць за ёй падчас набажэнства», — звяртае ўвагу беларускамоўны святар на наяўнасць пісьмовай версіі літургіі «ў Вялікодную ноч Пасхі Госпада нашага Ісуса Хрыста»

Беларуская праваслаўная грамада ў Вільні дзейнічае ўжо год — з таго часу, як протаіерэй Георгій Рой разам з іерэем Аляксандрам Кухтам перайшлі з-пад юрысдыкцыі Маскоўскай патрыярхіі пад юрысдыкцыю Сусветнага патрыярха і атрымалі магчымасць служыць у Вільні. Першая іх літургія была на Вялікдзень мінулага года.

Сёння ў сэрцы Старога горада Вільні працуе Беларускі праваслаўны прыход на Boksto g. 4.

«Увесь гэты год мы вельмі рупліва працавалі над стварэннем царкоўнага жыцця нашай беларускай грамады ў Вільні, — адзначаў у інтэрв’ю Bgmedia.site Георгій Рой. — Вельмі важна для нас, каб гэта было царкоўнае аб’яднанне іншага характару, не такое, як мы ведаем з нашага папярэдняга царкоўнага жыцця. Каб гэта была сапраўдная хрысціянская грамада, пабудаваная на сапраўдных евангельскіх прынцыпах. Нам вельмі важна не проста змяніць юрысдыкцыю, а заснаваць якасна іншы пачатак Беларускай праваслаўнай царквы […].

Ёсць вельмі шмат праваслаўных беларусаў, якія доўгія гады ці нават дзесяцігоддзі марылі пра тое, што можа быць паўнавартасная беларуская царква, паўнавартасны беларускі прыход. Канешне, людзі вельмі па гэтым усім засумавалі. Таму мы зараз псіхалагічна гэта перажываем як здзяйсненне таго, чаго мы так доўга чакалі. І мы проста насалоджваемся атмасферай хрысціянскай праваслаўнай беларускасці».

Праваслаўная грамада ў Вільні запрашае на Велікодную літургію.

Падтрымаць Беларускі праваслаўны прыход можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: