Сярод хэдлайнераў падзеі — музыкі Света Бень і Галя Чыкіс, гурт Super Besse, а гэтаксама пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. У Варшаве 9 ліпеня на беразе Віслы пройдзе Hučna Fest.
Музычная сцэна, арт-маркет, пляцоўка сацыяльных актыўнасцяў, а гэтаксама літаратурная сцэна — праграма фэстывалю, які ўжо ў трэці год запар ладзіць Free Belarus Center, выглядае маштабна.
Ужо вядома, што сярод выступоўцаў музычнай сцэны таксама будуць беларускія гурты Sož і Graphotype, а таксама ўкраінскі band I33I.
Выдавецтва «Янушкевіч», якое прадставіць на фестывалі свой кніжны стэнд, згадвае пра літаратурныя навінкі Альгерда Бахарэвіча.
«Нагадаем, што цягам апошняга месяца ў Альгерда Бахарэвіча выйшла з друку ажно тры новыя кнігі — «Плошча Перамогі», «Ператрус у музэі», «Хлопчык і сьнег». І ўсе яны — на злабадзённыя, балючыя тэмы, якія трывожаць кожнага неабыякавага беларуса», — звяртае ўвагу на галоўнага госця літаратурнай пляцоўкі інстытуцыя.
Бліжэйшым часам Free Belarus Center абяцае раскрыць імёны іншых удзельнікаў падзеі.
Канцэпцыя ж фестывалю Hučna Fest, нагадаем, гучыць так.
«Фэст аб’ядноўвае актуальнае беларускае мастацтва ў розных праявах і дае магчымасць беларускім актывістам і актывісткам паказаць сябе. Мы запрашаем беларусаў і беларусак, украінцаў і ўкраінак, палякаў і полек, а таксама іншых жыхароў і гасцей Варшавы больш даведацца пра пра нашу Беларусь — сучасную, еўрапейскую і дэмакратычную».
Уваход на мерыпрыемства — вольны. Час і месца — 9 ліпеня, на беразе Віслы каля варшаўскага Музея Сучаснага Мастацтва (Wybrzeże Kościuszkowskie, 22).
Сачыць за падзеяй можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram