Праз два тыдні ў Гданьску будуць абвешчаныя пераможцы прэміі Ежы Гедройця — найбуйнейшай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі за найлепшую кнігу прозы, што выйшла летась на беларускай мове.
Прэміі ўручаецца штогод з 2012 года, аднак калі, напрыклад, у 2018 годзе ў доўгім спісу было 32 кнігі, то ў гэтым годзе іх 14.
Гэты факт засведчвае экстрэмальны стан, у якім знаходзіцца беларуская літаратура пасля 2020 года. На прысвечанай прэміі прэс-канферэнцыі, якую правялі Беларускі ПЭН і Прэс-клуб Беларусь, адзін з сябраў журы Сяргей Кавалёў патлумачыў, што ў беларускай літаратуры цяпер адбываецца трансфармацыя, не менш значная, чым тая, што мела месца ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, аднак іншага кшталту.
Першая прычына таго, што сталі падаваць менш кніг на прэмію, у тым, што многія аўтары і выдавецтвы выехалі за мяжу і не цалкам наладзілі вытворчыя працэсы ў розных краінах. А другая прычына ў тым, што проза пазней рэагуе на сучасныя падзеі, чым, напрыклад, паэзія ці кароткая п’еса. Мастацкае пераасэнсаванне патрабуе часу, таму сітуацыя павінна выправіцца.
Што тычыцца літаратурных жанраў, то ў апошнія гады дамінуе дакументальная літаратура, эсэістыка, і менш прапануецца мастацкай літаратуры. Усё часцей на прэмію падаюцца ўспаміны, мемуары, тое, што прынята цяпер называць аўта-фікшн.
На разгляд журы сёлета не патрапіла класічных гістарычных раманаў і аповесцей. Усё часцей з’яўляюцца тэксты, напісаныя ў жанры фэнтэзі. Аднак пра беларускую гісторыю напісана новая кніга Змітра Бартосіка, які прыадчыняе трагічную старонку беларускай рэчаіснасці ХХ стагоддзя — антысавецкія паўстанні ў Заходняй Беларусі. Хроніка часу «буры і націску» зафіксавана ў кнізе Валянціна Акудовіча. Студэнцкае жыццё апісваецца ў «Гарэзлівым пацалунку», гарадская і вясковая рэальнасць — у кнізе Марыі Вайцяшонак і асэнсаванне гісторыі Зямлі і феномену эміграцыі — у рамане Ганны Янкуты.
«Галоўная тэма гэтых кніг, — падсумаваў Сяргей Кавалёў, — гэта час, які сыходзіць і змяняе і нашу планету, і наш беларускі дыскурс».
Прадстаўніца аргкамітэта прэміі Гедройця-2024, старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай дадала, што пасля Нобеля Святланы Алексіевіч прэмія Гедройця, якая раней больш ацэньвала мастацкую прозу, стала больш адкрытай да жанраў дакументальнай прозы. Напрыклад, у 2017 годзе атрымаў перамогу Зміцер Бартосік з кнігай «Быў у пана верабейка гаварушчы…».
Невялікая колькасць кніг у поўным спісе — усяго 14 — не аблегчыла выбар членам журы, ён быў досыць складаным. Даведацца пра яго можна будзе падчас уручэння прэміі ў Гданьску 26 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці.
25 і 26 лістапада адбудуцца дадатковыя падзеі прэміяльнага сезона: сустрэчы з аўтарамі і аўтаркамі, дыскусія і кніжны кірмаш.
Сярод спонсараў цырымоніі — Еўрарадыё, якое прапануе свайго пераможцу з тых кніг, што не маюць аўдыёверсіі і запіша аўдыёкнігу свайго лаўрэата.
Кароткі спіс прэміі Гедройця:
На прэс-канферэнцыі згадалі і постаць Ежы Гедройця. Прачытаць пра мысляра, які называў сябе апошнім грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram