Галерэя беларускага мастака HutkaSmachnaa заваёўвае Тбілісі. Заўтра чакаецца адкрыццё новай імпрэзы ў незвычайнай прасторы на мосце

Культура

Hutkasmachnaa_window_gallery — арыгінальны праект беларускага мастака Андрэя Бусла, больш вядомага ў народзе па брэндзе HutkaSmachnaa. Год таму творца адкрыў у Вільні невялікую галерэю, якая працуе па прынцыпе «аднаго акна» — то-бок вітрыны. Месца тут функцыянуе і як галерэя, крама і як пляцоўка для сустрэч і майстар-класаў. Сёлета Hutkasmachnaa_window_gallery адкрылася ўжо ў Тбілісі — у прасторы на мосце, які злучае тры высотныя будынкі. Заўтра ў новым філіяле брэнда HutkaSmachnaa чакаецца адкрыццё новай выставы — «гэта будзе комба з прац васьмі мастакоў і мастачак», абяцаюць арганізатары.

21 чэрвеня ў галерэі, якая знаходзіцца на мосце ажно на 14-м паверсе будынкаў, можна будзе ўбачыць творы Bazinato, Doctor Oy, Дзмітрыя Жаўнова, Vadik Fin, Грыса Лугарда, уласна HutkaSmachnaa, ды іншых мастакоў.

Галерэя беларускага мастака HutkaSmachnaa заваёўвае Тбілісі. Заўтра чакаецца адкрыццё новай імпрэзы ў незвычайнай прасторы на мосце
Пераход, у якім размешчана галерэя. Фота прадстаўлена HutkaSmachnaa.
Галерэя беларускага мастака HutkaSmachnaa заваёўвае Тбілісі. Заўтра чакаецца адкрыццё новай імпрэзы ў незвычайнай прасторы на мосце
Фота прадстаўлена HutkaSmachnaa.
Галерэя беларускага мастака HutkaSmachnaa заваёўвае Тбілісі. Заўтра чакаецца адкрыццё новай імпрэзы ў незвычайнай прасторы на мосце
Мастак Vadik Fin на адкрыцці галерэі. Фота прадстаўлена HutkaSmachnaa.

У дзень адкрыцця чакаецца artist talks, музыка, а таксама можна будзе атрымаць фотаздымкі ў Hutkasmachnamat — адмысловай кабінцы, наведвальнікі якой становяцца ўладальнікамі ўласных партрэтаў не ў выглядзе непасрэдна фатаграфій, а аўтарскіх малюнкаў.

22 і 23 чэрвеня — ужо ўсіх жадаючых запрашае на свой майстар-клас па шаўкаграфіі Грыс Лугард.

У цэлым жа выстава будзе працаваць да 30 чэрвеня.

Reform.news папрасіў распавесці Андрэя Бусла, якім чынам атрымалася адкрыць галерэю ў такім незвычайным месцы.

Мастак прызнаўся, што даўно выношваў ідэю паўтарыць інсталяцыю з цягніком на Куйбышава. Беларусы мусяць памятаць вядомы мурал «Надземная ветка метро», які быў размешчаны паміж двума карпусамі завода «Гарызонт». Калі творца ў 2022 годзе наведваў Тбілісі, то ўбачыў будынкі на плато Нуцубідзе, якія злучаюцца адкрытай галерэяй. Гэта месца падалося яму ідэальным для ўвасаблення яго праекта.

Але атрымаць узгадненне [з уладамі] атрымалася не так проста, — прызнаецца мастак. — Ідэя была такая: мы зацягваем галерэю банерам на невялікі тэрмін, а ў якасці кампенсацыі асвяжаем рамонт у ліфтхоле ці робім штосьці, што трэба мясцовым жыхарам.

Каб не губляць час, праз пэўны тэрмін Андрэй Бусел вырашыў зняць закінуты павільён у пераходзе паміж будынкамі і зрабіць там выставу беларускіх мастакоў, якія зараз працуюць у Тбілісі.

Галерэя беларускага мастака HutkaSmachnaa заваёўвае Тбілісі. Заўтра чакаецца адкрыццё новай імпрэзы ў незвычайнай прасторы на мосце
Андрэй Бусел (на першым плане) і наведвальнікі галерэі.

Месца гэта я лічу адным з самых прывабных і незвычайных у горадзе. У пэўнай ступені недаацэненых з таго пункту гледжання, што тут можна зрабіць не толькі эфектны праект, але і штосьці карыснае для жыхароў горада, наладзіць камунікацыю, — дзеліцца Андрэй Бусел сваім меркаваннем. — Мы ачысцілі закінуты павільён, падкрасілі вакол сцены, а падсвечаныя арт-аб’екты і вітрына ствараюць увечары больш бяспечны, спрыяльны асяродак для тых, хто позна вяртаецца дадому па цёмных ветраных калідорах.

Дарэчы, заўтрашняя выстава будзе ўжо другім мерапрыемствам у Hutkasmachnaa_window_gallery. На пачатку чэрвеня распачынаў гісторыю беларускай мастацкай ініцыятывы ў Тбілісі мастак Vadik Fin.

Галерэя беларускага мастака HutkaSmachnaa заваёўвае Тбілісі. Заўтра чакаецца адкрыццё новай імпрэзы ў незвычайнай прасторы на мосце
Vadik Fin і Андрэй Бусел на адкрыцці галерэі. Фота прадстаўлена HutkaSmachnaa.

Вядома, нам бы хацелася бачыць больш мясцовых жыхароў, — выказвае свае пажаданне Андрэй Бусел. — Але, па сутнасці, у нас і так, магчыма, самая папулярная галерэя, няхай невялікая і часовая. Кожны дзень нас бачаць тут сотні людзей, зазіраюць турысты з усяго свету. Бо плато Нуцубідзэ — адна з галоўных альтэрнатыўных славутасцяў Грузіі.

Трапіць у Hutkasmachnaa_window_gallery у Тбілісі можна так: заходзіце ў першы дом Nutsubidze Skybridge, едзеце на ліфце на 14-ты паверх і потым ідзяце на сярэдзіну моста (вазьміце з сабой манеткі 20 тэтры для ліфта).

Пачатак заўтрашняй імпрэзы а 19.00.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: