Вялікая прэзентацыя кнігі «От Паниковки до Шайбы. Гид по тусовочному Минску «девяностых» беларускага ньюёркца Паўла Валатовіча і яго сааўтара Аляксея Кавалёва адбудзецца ўжо на гэтым тыдні. 16 снежня сустрэча з аўтарамі і героямі кнігі, апублікаванай у выдавецтве «Янушкевіч», ладзіцца ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве; а 18 снежня — у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні.
«Толькі на прэзентацыях кніга будзе прадавацца са спецыяльнай зніжкай наўпрост ад выдавецтва», — анансуе старт продажаў дырэктар выдавецтва Андрэй Янушкевіч.
«Памятаеце кавярню «Пінгвін»? А незабыўную атмасферу «Цэнтральнага»? Першыя візіты ў «Макдональдс»? Як варагавалі паміж сабой металісты, рэперы і скінхэды? Ці чулі вы, што Аляксандр Ціхановіч быў «шэрым кардыналам» нефармальнага руху?, — так гучыць кароткая анатацыя да гайда. — Усё гэта і яшчэ шмат чаго вы знойдзеце ў каляровым выданні на 172 старонках крэйдаванай паперы, у цвёрдай вокладцы, багатым на ўнікальны фотаматэрыял і сведчанні эпохі».
Павел Валатовіч і Аляксей Кавалёў вядомыя беларускаму чытачу «по почти правдивой истории группы Neuro Dubel» — «Огромная тень дождевого червя». «От Паниковки до Шайбы» — гэта новая праца аўтараў, што прэтэндуе на распрацоўку асобнага кірунку ў беларускай літаратуры — гайды па культурных эпохах у гарадской прасторы.
«Прыходзьце, кніга сапраўды ўнікальная, нічога такога на беларускім рынку яшчэ не выдавалася», — запэўнівае спадар Янушкевіч.
Пачатак прэзентацый: у Варшаве ў Беларускім моладзевым хабе (пл. Канстытуцыі, 6) — а 18.00, у Вільні ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры (вул. Віленская, 20) — а 15.00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram