Гэта гісторыя пачалася напрыканцы 2010-х у беларускай вёсцы з прыгожай назвай Чаромушкі, калі мастак Андрэй Логінаў нечакана знайшоў на закінутым хутары ў Навагрудчыне шкляныя негатывы невядомага фатографа. Сёння тыя шкляныя артэфакты і фотаздымкі жыхароў Чаромушак, якія аднавіў творца, можна пабачыць на выставе ва ўроцлаўскім Музеі Пана Тадэвуша, звязаным з постаццю Адама Міцкевіча. Чаромушкі, якія знаходзяцца ў паўтары гадзіны язды ад Завосся, радзімы беларускага і польскага паэта, заснавальніка рамантызму, дадаюць яшчэ адно вымярэнне праекту, які жыве ўжо сем гадоў. Магчыма, тыя постаці людзей, якія мы бачым на здымках 1930-1950-х — нашчадкі суседзяў аўтара «Дзядоў» і «Пана Тадэвуша»?
Медыямастак, скульптар і фатограф Андрэй Логінаў, які сёння жыве ў Берліне, вядзе свой праект пра вёску Чаромушкі ўжо некалькі гадоў. Яго нечаканая знаходка архіва невядомага фатографа на закінутым хутары беларускай вёскі адбылася яшчэ напрыканцы 2010-х. Калі мастак аднавіў выявы са шкляных негатываў, то ўбачыў жыхароў гэтых мясцінаў, захаваных на камеру сельскім майстрам «на памяць»: жанчыны ў прыбраных строях, мужчыны ў касцюмах і гальштуках — сур’ёзныя і засяроджаныя пазіруюць на фоне палатна з выявай краявіду.
Як кажа мастак, пошукі імёнаў тых, хто выяўлены на адбітках, рэдка давалі плён. І даследаванне, і праца з архівам патрабавала далейшага кроку. І Андрэй Логінаў, адкрываючы працу невядомага фатографа, вырашыў пайсці далей. Ён сам пачаў фатаграфаваць тыя мясціны — працягнуў летапісь Чаромушак. На падобным фоне, які і рабіў гэта яго папярэднік, мастак прасіў сфатаграфавацца ўжо сваіх сучаснікаў — жыхароў вёскі. Так праз фатаграфію ўзнікала сувязь гісторыі: вось адбіткі невядомага майстара 1930-х — 1950-х гадоў, а вось сучаснікі, захаваныя «на памяць» ужо ў простым паўсядзённым аддзенні, з мабільнікам у руках, пазіруюць з усмешкай на твары.
На гэтым праект можна было б і закончыць — прыгожа «зарыфмаваўшы» сучаснасць і мінулае, але… здарыўся 2020 год. І «Чаромушкаўская Адысея» працягнула падарожжа ў прасторы.
Сёння праект раскрывае яшчэ адну перспектыву. На выставе ў Музеі Пана Тадэвуша ва Уроцлаве палякі і беларусы ў выгнанні разам глядзяць на фотаздымкі іх далёкіх землякоў (і дадамо, што Чаромушкі былі ў складзе Заходняй Беларусі), ды з задавальннем фатаграфуюцца ў прапанаванай атракцыі a la «фотаатэлье правінцыйнага фатографа 1930-х».
Яшчэ адна веха, яшчэ адзін часовы перыяд, які з лёгкасцю ўбірае ў сябе праект — апошнія гады вымушанай эміграцыі беларусаў і часы рэпрэсій. У гэтым кантэксце сам сабой узгадваецца ад’езд Адам Міцкевіча з яго родных мясцін і эміграцыя. Час закальцаваўся? У гэтым новым прачытанні выбудоўваюцца дадатковыя новыя сувязі і паралелі: цяпер, гледзячы на фотаздымкі продкаў, мы глядзім у мінулае ці гэта ўжо цяперашняе, тое, што мы цудоўна разумеем? Чаромушкі — гэта кропка на беларускай мапе ці мы самі — далёкія блізкія на чыёсьці фатаграфіі? Як хутка сучаснасць становіцца гісторыяй і нават зараз, фатаграфуючыся «на памяць» на пейзажаным фоне з выявай дрэваў, ці не пераўтвараемся мы, толькі, здаецца, прымяраючы гэту ролю, у сапраўдных удзельнікаў пэўнай эпохі? Ці не адбываецца гэта сустрэча з часам надта хутка?
«Чаромушкаўская Адысея» «ламае» лінейную канцэпцыю часу, дазваляючы ўбачыць яго як аб’ядноўваючую прастору, у якую мы ўваходзім з дапамогай фатаграфіі.
Паглядзець праект Андрэя Логінава ў Музеі Пана Тадэвуша ва Уроцлаве можна да 23 сакавіка. Куратар праекта — Марта Смоліньска.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram