Дакументальная карціна «Беларусь 23.34» Тані Свірэпа атрымала спецыяльную згадку на 9-тым фестывалі беларускіх фільмаў «Бульбамуві». Стужка, у якой сабраныя сведчанні беларусаў, перажыўшых рэпрэсіі ў жніўні-верасні 2020 года, была падтрымана Аўдыёвізуальным інстытутам Filmateka Narodowa ў секцыі «Маладога кіно».
Таня Свірэпа ў якасці ўзнагароды займела магчымасць карыстацца архівамі Фільматэкі — ёй прадастаўлены ліміт заказаў на суму 15 тысяч злотых.
Перад намі відэадакумент, які фіксуе злачынства ўладаў, і адначасова фільм, у якім голас ператварае ахвяру ў сведку. Камера фіксуе эмоцыі людзей — і гэта размова, якую цяжка вытрымаць.
Але галасы збіраюцца у хор — і гэта хор, які не дае таму, што адбылося, быць сцёртым з памяці.
Па сутнасці, гледачу карціны прапануецца прайсці шлях, пачынаючы ад галасавання на ўчастках, і далей – чакання яго вынікаў ля школаў, абурэнне агучанымі лічбамі і рэакцыі на падман. І далей – пратэсты на вуліцы, разгон дэманстрацыі, ужыванне святлошумавых гранатаў, гумавых куляў сілавікамі ў дачыненні бязбройных беларусаў, траўмы, забойста, затрыманні, і гвалт, гвалт, гвалт – у аўтазаку, у РАУС, на Акрэсціна, у камерах…
Катаванні – холадам, голадам, псіхалагічнае, фізічнае… Злачынства, якое да гэта пары не асуджана, не ацэнена ў сваіх памерах, – беларускі глядач, у прыватнасці, вяртаецца ў адзін з самых страшных сваіх кашмараў. Ён не знік, нягледзячы на старанні ўладаў «перевернуть страницу». І героі карціны сведчаць пра яго.
Таня Свірэпа паспела захаваць на камеру сведчанні пацярпелых у 2020 годзе людзей, вывезці матэрыял у Кіеў, потым – у Польшчу, і зрабіць фільм, які пры простым, лічы, журналісцкім, падыходзе, мае сваю інтанацыю і аблічча. Адметнасць «Беларусь 23.34» – у эмпатыі да герояў, своечасовасці; яна – таксама і ў мантажы, які збірае інтэрв’ю і хроніку ў агульную карціну.
Конкурсная праграма 9-га фестывалю беларускіх фільмаў «Бульбамуві» складалася з двух вялікіх блокаў маладога беларускага кіно. Гэтаксама на форуме адбыліся гучныя прэм’еры: двух эпізодаў серыялу тэлекампаніі «Белсат» «Працэсы» (рэжысёр Андрэй Кашперскі), паўнаметражнай карціны «Развітанне» Якуба Станкевіча, кароткага метра «Бацян» Януша Гаўрылюка, дакументальнай стужкі «Такога кшталту надзея» пра Андрэя Саннікава (рэжысёр Павел Сіўчык), фільмаў «У пошуках Данііла Іванова» Кацярыны Ядлавецкай, «Да апошняга» Кацярыны Карповіч, «Так шмат і так мала» Аляксандра Матафонава.
Больш падрабязны матэрыял з варшаўскага фэсту, які ладзіўся з 24 па 26 лістапада, чытайце на Reform.by неўзабаве.