На 15-м Festiwal Filmowy NNW у Гдыне дакументальная стужка Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча «Радзіма» ўзяла галоўны прыз у міжнароднай секцыі дакументальнага кіно.
Старшыня журы Ганна Ферэнс, зачытаўшы вердыкт, падкрэсліла, што ўзнагарода прысуджаецца напружанай драме, якая ў шматслойным апавяданні распавядае пра маральную эрозію людзей, якія апынуліся ў пастцы таталітарызму.
«Дзякуй, што можаце быць на гэтай сцэне з героямі барацьбы за незалежнасць, дзякуй за дапамогу, за падтрымку Беларусі з моманту стварэння тэлеканала «Белсат». Я хачу прысвяціць гэтую ўзнагароду беларускім палітвязням і ўкраінцам на фронце», — падчас цырымоніі ўзнагароджання рэжысёр карціны Аляксандр Міхалковіч падзякаваў кінафорум.
Нагадаем, што фільм беларускіх аўтараў даследуе гвалт у войску і грамадстве і сацыяльныя нормы, якія за ім стаяць.
У кіно распавядаецца пра маці, якая страціла сына, калі ён служыў у войску. Яго знайшлі мёртвым.
«Пакуль Святлана спрабуе праліць святло на культуру гвалту і здзекаў у беларускіх Узброеных сілах, групе маладых сяброў з тэхна-андэграўнду неўзабаве самім пагражае прызыў у войска, – адзначаецца ў анатацыі да карціны. – Яны ходзяць на рэйв-вечарыны ў майках і круглых сонцаахоўных акулярах, але праз імгненне вечарынка можа скончыцца – прынамсі, датуль, пакуль на вуліцах не ўспыхнуць масавыя пратэсты пасля нядаўняга «пераабрання» дыктатара-прэзідэнта і прыхільніка Пуціна Аляксандра Лукашэнкі. Пробліск надзеі і абяцанне пераменаў, якія толькі прымушаюць жорсткасць аўтарытарнага грамадства праявіцца ў поўную сілу».
Стужка сёлета ўжо была адзначана на міжнародных фестывалях, а гэтаксама вылучана на прэмію Еўрапейскай акадэміі.