Дакументальная стужка «Радзіма» (Mortherland) беларускіх аўтараў Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча абрана ў лік чатырнаццаці намінантаў на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі. Карціна вылучана ў секцыі дакументальнага кіно, паведамляецца на сайце інстытуцыі.
Фільм Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча даследуе гвалт у войску і грамадстве і сацыяльныя нормы, якія за ім стаяць.
У кіно распавядаецца пра маці, якая страціла сына, калі ён служыў у войску. Яго знайшлі мёртвым.
«Пакуль Святлана спрабуе праліць святло на культуру гвалту і здзекаў у беларускіх Узброеных сілах, групе маладых сяброў з тэхна-андэграўнду неўзабаве самім пагражае прызыў у войска, — адзначаецца ў анатацыі да карціны. — Яны ходзяць на рэйв-вечарыны ў майках і круглых сонцаахоўных акулярах, але праз імгненне вечарынка можа скончыцца – прынамсі, датуль, пакуль на вуліцах не ўспыхнуць масавыя пратэсты пасля нядаўняга «пераабрання» дыктатара-прэзідэнта і прыхільніка Пуціна Аляксандра Лукашэнкі. Пробліск надзеі і абяцанне пераменаў, якія толькі прымушаюць жорсткасць аўтарытарнага грамадства праявіцца ў поўную сілу».
Стужка сёлета была адзначана на міжнародных фестывалях: у прыватнасці, атрымала галоўныя прыз Dox:Award на Капенгагенскім міжнародным фестывалі дакументальнага кіно CPH:DOX, прыз ад Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI на Міжнародным фестывалі кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы goEast у Вісбадэне.
У бліжэйшыя тыдні 4600 членаў Еўрапейскай кінаакадэміі пачнуць прагляд выбраных фільмаў. Намінанты на перамогу ў секцыі «Дакументальнае кіно» яшчэ будуць дадавацца, але 7 лістапада па выніку галасавання будзе сфарміраваны «доўгі ліст» фільмаў-канкурсантаў. Затым сябры Еўрапейскай кінаакадэміі прагаласуюць за пераможцу, які будзе абвешчаны на цырымоніі ўручэння Еўрапейская кінапрэміі ў Берліне 9 снежня 2023 года.
Цырымонія ўручэння Еўрапейскай кінапрэміі – самай вядомай і прэстыжнай прэміі еўрапейскага кіно – праводзіцца Еўрапейскай кінаакадэміяй і European Film Academy Productions.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: