Дакументальная стужка пра Андрэя Саннікава «Такога кшталту надзея» (This Kind of Hope) швейцарска-польскага рэжысёра Паўла Січэка, створаная пры падтрымцы рэдакцыі Белсат Док, прыме ўдзел у праграме 76-га міжнароднага фестывалю ў Лакарна.
Карціна, якая распавядае пра постаць беларускага дыпламата і палітыка Андрэя Саннікава, яго жыццё і ролю ў ядзерным раззбраенні Беларусі ў 1990-я гады, палітычную біяграфію грамадскага дзеяча, будзе паказана ў секцыі «Швейцарская панарама» 5 жніўня на пляцоўцы Palexpo (FEVI).
Анатацыя да стужкі нямецка-швейцарскай вытворчасці гучыць так:
«Як дыпламат Андрэй Саннікаў сыграў важную ролю ў ядзерным раззбраенні Беларусі ў 1990-я гады. Пры дыктатары Лукашэнку ён звольніўся з дзяржаўнай службы і пачаў барацьбу за дэмакратычную Беларусь, што каштавала жыццяў паплечнікаў і пасадзіла яго на некаторы час у турму. Сёння, як дыпламат без грамадзянства, ён нястомна спрабуе зацікавіць сваёй радзімай заходніх палітыкаў».
Для фільма «Такога кшталту надзея» (This Kind of Hope) гэта не першы ўдзел у міжнародных кінафорумах. На пачатку 2023 года карціна дэманстравалася на швейцарскім Solothurner Filmtage, у маі была адзначана ўзнагародай за музычнае суправаджэнне на Міжнародным дакументальным фестывалі ў Мюнхене, зараз у жніўні трапіла ў Лакарна.
«Нямецка-швейцарскі дакументальны фільм «Такога кшталту надзея» Паўла Січэка — гэта важны і захапляльны павучальны фільм пра малавядомыя палітычныя падзеі ў Беларусі за апошнія тры дзесяцігоддзі, расказаныя праз гісторыю дысідэнта Андрэя Саннікава», — так гучала матывацыя журы Мюнхенскага кінафестывалю.
Нязменны саўндтрэк кампазітара Дэвіда Лэнгарда дапаўняе апавяданне фільма на многіх узроўнях. Арыгінальныя песенныя і жанравыя элементы музыкі выцясняюцца драматычнымі матывамі, неаднаразова ствараюцца паўзы і перадышкі. Такім чынам пастаянна падтрымліваецца напружанне для гледачоў.
За адважнае рашэнне надаць гэтаму важнаму сучаснаму гістарычнаму фільму музыку, якая адрозніваецца індывідуальным і моцным характарам, музычная прэмія на DOK.fest Munich 2023 дастаецца Дэвіду Лангхарду».
Уласна, рэжысёр і сцэнарыст стужкі Павал Січэк нарадзіўся ў 1977 годзе ў Варшаве. Ён вырас у Лівіі і Швейцарыі, вывучаў дакументальнае кіно ва Універсітэце тэлебачання і кіно HFF у Мюнхене. У даробку польска-швейцарскага кінематаграфіста такія фільмы як: BASSIONA AMOROSA (2008), «Пешаходная зона» (FUSSGÄNGERZONE) (2010) і DIE HÄLFTE DER STADT (2015). Зараз кінематаграфіст жыве ў Мюнхене.
76-ты міжнародны кінафестываль у Лакарна пройдзе з 2 па 12 жніўня.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: