Дырэкцыя Канскага фестывалю сёння, 11 красавіка, аб’явіла сваю праграму. У асноўны конкурс прэстыжнага кінафоруму трапіла стужка расійскага рэжысёра Кірыла Сярэбранікава «Лімонаў, балада пра Эдычку». У «Спецыяльных паказах» адбудзецца сусветная прэм’ера новай карціны ўкраінскага рэжысёра родам з Баранавічаў — Сяргея Лазніцы — «Уварванне». Але гэты выбар адмыслоўцаў абурыў частку ўкраінскай супольнасці.
У прыватнасці, трапленне ў асноўны конкурс кінафестывалю фільма пра расійскага пісьменніка Эдуарда Лімонава, вядомага сваімі ўкраінафобскімі і шавінісцкімі выказваннямі (а фільм Кірыла Сярэбранікава прысвечаны гэтай постаці), выклікала ў часткі ўкраінскіх медыя, мякка скажам, здзіўленне.
«На трэцім годзе вайны. На Канскім кінафестывалі пакажуць фільм расійскага рэжысёра Серабранікава пра ўкраінафоба Эдуарда Лімонава», — такі загаловак, у прыватнасці, выдаў партал Nv.ua.
«Праграма Канскага фестывалю 2024: расеец прывязе фільм пра ўкраінафоба, — напісаў Lux.fm. — У Канах перакананыя, што выступаюць катэгарычна супраць прадстаўнікоў краіны-агрэсара на фестывалі. Але на практыцы ў конкурсную праграму трапляюць расейскія фільмы», — абурылася «РадыёЛюкс».
Прахалодна частка ўкраінскіх медыя сустрэла і прэм’еру новага кіно Сяргея Лазніцы «Уварванне», анансаваную сёння на прэс-канферэнцыі.
Партал «Украінська правда» адзначыў, што «ў заяўленай праграме [Канскага фестывалю] няма ніводнага фільма рэжысёра з Украіны. Але ёсць рэжысёр Сяргей Лазніца, якога ў сакавіку 2022 года выключылі з Украінскай кінаакадэміі за тое, што яго фільмы ўвайшлі ў праграму расійскага кінафестывалю «Ад Львова да Урала».
СМІ ўзгадалі, што рэжысёр у 2022 годзе быў выключаны з сябраў Украінскай акадэміі, у тым ліку, за «касмапалітызм» і асуджэнне байкоту расійскай культуры.
Паміж тым новая карціна Сяргея Лазніцы распавядае пра супрацьстаянне народа Украіны падчас поўнамаштабнага расійскага ўварвання.
Каманда карціны здымала ўкраінцаў апошнія два гады.
«Мы аб’ездзілі ўсю Украіну. Наша камера бачыла [ўкраінскі народ] у розных кутках краіны падчас вайны, — падзяліўся інфармацыяй пра стужку прадзюсар Міхайла Майліс. — Ствараючы гэты фільм, мы марылі прадставіць яго на высокім узроўні ў заходніх краінах. І нагадаць усім, як шмат вы зрабілі за гэтыя два гады ў барацьбе з сіламі зла. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца».
«Я рабіў гэты фільм з глыбокім болем у сэрцы і з вялікай любоўю да сваёй краіны. Гэты фільм нарадзіўся са спачування», — працытаваў словы Сяргей Лазніцы Майліс.
Пра фільм «Лімонаў, балада пра Эдычку» вядома, што сцэнарый да кіно пісалі Кірыл Сярэбранікаў, Павел Паўлікоўскі і Бэн Гопкінс. Карціна стала самым дарагім кінапраектам рэжысёра — яго бюджэт склаў 10,5 мільёна долараў.
У асноўны конкурс Канскага фестывалю таксама трапілі такія чаканыя прэм’еры ад знакамітых рэжысёраў, як «Мегаполіс» (Megalopolis) Фрэнсіса Форда Копалы, «Віды дабрыні» (Kinds Of Kindness) Ёргаса Лантымаса, «Плашчаніцы» Дэвіда Кроненберга,«Партэноп» (Parthenope) Паола Сарэнціна і іншыя стужкі.
Цалкам з праграмай кінафоруму можна пазнаёміцца тут.
77-мы Канскі кінафестываль пройдзе з 15 па 25 траўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: