Пра гэта паведаміў рэжысёр стужкі Аляксей Палуян у сваім фэйсбуку: «Пад канец жахлівага году прыходзяць добрыя навіны: Courage атрымаў узнагароду «Кіно для міру» ў катэгорыі лепшы палітычны фільм 2022 году.
Вельмі прыемна асэнсоўваць, што пра беларускі супраціў у свеце яшчэ памятаюць. Выстаім! Абавязкова!».
Вядомая дакументальная стужка Courage («Смеласць») пра пратэсны жнівень 2020-га атрымала ўзнагароду ў намінацыі «Лепшы палітычны фільм» на The Cinema for Peace 2022 з фармулёўкай «натхняльны і матывуючы дакументальны фільм пра мірнае паўстанне нацыі супраць несправядлівасці і жорсткага падаўлення іх дэмакратычных рухаў».
З часу прэм’еры на Берлінскім кінафестывалі ў 2021 годзе фільм прагучаў на многіх міжнародных кінафорумах і трапіў у пракат некалькіх краін свету. Нагадаем, што стужка распавядае пра трох беларускіх артыстаў у летнія месяцы пратэснага года. Галоўныя героі — акторы Свабоднага тэатру Марына Якубовіч, Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі. Усе яны былі вымушаныя з’ехаць з краіны.
Ініцыятыва «Кіно для міру» імкнецца з дапамогай фільмаў уплываць на ўспрыманне і вырашэнне глабальных сацыяльных, палітычных і гуманітарных праблем нашага часу — і асабліва супрацьстаяць вайне і тэрору. У 2008 годзе гэтая ініцыятыва дапамагла заснаваць Фонд «Кіно для міру», міжнародную некамерцыйную арганізацыю, мэтай якой з’яўляецца садзейнічанне пераменам з дапамогай кіно і падтрымка фільмаў і членаў кінасупольнасці, якія спрабуюць нешта змяніць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram