У лік пяці фіналістаў у намінацыі «Найлепшы дакументальны фільм» прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі трапіла карціна беларускіх аўтараў Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча «Радзіма». Гэта вялікі поспех для беларускіх кінематаграфістаў за апошнія гады — быць абранымі ў лік найлепшых аўтараў еўрапейскага дакументальнага кіно.
«Радзіма» Бадзяка і Міхалковіча змагаецца за перамогу ў намінацыі побач з карцінамі: «Apolonia, Apolonia» Леа Глоб (Данія, Польшча), «Чатыры дачкі» Каўтар бін Ханіі (Францыя, Туніс, Германія, Саўдаўская Аравія), «На адамане» Ніколя Філібера (Францыя, Японія), «Дымавая саўна сястрынства» Ганны Хітс (Эстонія, Францыя, Ісландыя).
Стужка Ганны і Аляксандра неаднаразова станавілася лаўрэатам шматлікіх міжнародных фестываляў, ды гэтаксама сёлета была намінавана на найлепшы фільм па версіі Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI.
Нагадаем, што карціна беларускіх рэжысёраў даследуе гвалт у войску і грамадстве і сацыяльныя нормы, якія за ім стаяць.
У кіно распавядаецца пра маці, якая страціла сына, калі ён служыў у войску. Яго знайшлі мёртвым.
«Пакуль Святлана спрабуе праліць святло на культуру гвалту і здзекаў у беларускіх Узброеных сілах, групе маладых сяброў з тэхнаандэграўнду неўзабаве самім пагражае прызыў у войска, – адзначаецца ў анатацыі да карціны. – Яны ходзяць на рэйв-вечарыны ў майках і круглых сонцаахоўных акулярах, але праз імгненне вечарынка можа скончыцца – прынамсі, датуль, пакуль на вуліцах не ўспыхнуць масавыя пратэсты пасля нядаўняга «пераабрання» дыктатара-прэзідэнта і прыхільніка Пуціна Аляксандра Лукашэнкі. Пробліск надзеі і абяцанне пераменаў, якія толькі прымушаюць жорсткасць аўтарытарнага грамадства праявіцца ў поўную сілу».
Ці пераможа «Радзіма» ў сваёй намінацыі, даведаемся 9 снежня — калі ў Берліне адбудзецца цырымонія ўзнагароджання прэміі Еўрапейскай кінакадэміі.
У бліжэйшы час стужку беларускіх аўтараў можна будзе ўбачыць на фестывалі беларуска-ўкраінскага кіно «1084. На мяжы» і на форуме кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне».