30 верасня на пляцоўцы “аКсяродак” у Батумі распачнецца «вандроўны» фэст інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Сёлета форум, «што вучыць думаць», будзе ладзіцца ў верасні і кастрычніку па-за межамі Беларусі у чатырох гарадах — Батумі, Варшаве, Вільнюсе і Беластоку.
Так, мерапрыемствы ў Батумі (30 верасня-1 кастрычніка) распачнуцца ўжо ў гэты ўікенд.
«Нашы госці змогуць атрымаць асалоду ад лекцый, літаратурных дыскусій і «Паэтычнага варушняка», — адзначае каманда фэсту.
Наступным прыпынкам стане Варшава (6-9 кастрычніка): тут гледачы фестывалю змогуць сустрэцца з вядомымі аўтарамі, паразважаць пра нацыянальную ідэю і будучыню тэатра, паглядзець і абмеркаваць з аўтарамі і рэжысёрамі тэатральныя пастаноўкі, а таксама наведаць вялікі канцэрт беларускай музыкі.
Потым PRADMOVA адправіцца ў Вільнюс (14-15 кастрычніка), дзе на пляцоўцы “Павільёнас” удзельнікі форуму падыскутуюць пра феномен ліцвінізму і адбудзецца дыялог беларускай паэзіі з паэзіяй краін Балтыі.
Завершыцца фестываль у Беластоку (28-29 кастрычніка). Тут літаратурныя сустрэчы будуць спалучацца з абмеркаваннямі, прэзентацыямі кніг, дыскусіямі і лекцыяй пра тое, ці варта перачытваць школьны белліт.
Для тых, хто не зможа прысутнічаць на мерапрыемствах ужывую, PRADMOVA прапануе магчымасць далучыцца да фестывалю ў анлайн-фармаце.
Нагадаем, што гэты год фестывалю прысвечаны пошуку будучыні для беларускай культуры. Сярод удзельнікаў сёлета — вядомыя беларускія аўтары і дзеячы культуры: Святлана Курс, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Зміцер Бартосік, Зміцер Лукашук, Аляксандр Гарцуеў, Юра Дзівакоў, Пётра Рудкоўскі, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, Наста Кудасава, Саша Філіпенка, Алесь Аркуш, Валянцін Акудовіч, Вольга Гапеева, Павел Баркоўскі, Макс Шчур, Таццяна Заміроўская, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, а таксама пісьменнікі і інтэлектуалы з усяго свету, якія далучацца да падзеі афлайн і анлайн, каб абмеркаваць актуальныя выклікі і надзённыя праблемы, што стаяць перад беларусамі сёння.
Уваход на фестываль вольны. Падрабязней пра праграму форуму можна дазнацца тут.
Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA – гэта ўнікальная культурны форум Беларусі, які пазіцыянуе сябе як месца сустрэч і сумеснага мыслення пісьменнікаў, выдаўцоў, чытачоў, рэдактараў, дызайнераў, мастакоў – як беларускіх, так і замежных. Місія фестывалю – спрыяць кніжнай культуры, узмацненню і развіццю інтэлектульнага асяроддзя краіны. З мінулага года форум ладзіцца за мяжой у сувязі з рэпрэсіямі ўладаў у дачыненні да беларускага слова. Летась PRADMOVA прайшла таксама ў чатырох гарадах – Тбілісі, Кракаве, Варшаве, Вільнюсе; сёлета фармат «фэста-вандроўніка» было вырашана паўтарыць.