Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA адбудзецца сёлета ўвосень у… чатырох гарадах

Культура
Таццяна Нядбай распачынае фестываль у Варшаве. 2022 год. Скрын з прамой трансляцыі.

Батумі, Варшава, Вільнюс, Беласток — пятая эдыцыя фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе сёлета ў чатырох гарадах, ды таксама анлайн. Пра пачатак фарміравання праграмы форуму арганізатары абвесцілі на сваёй старонцы ў сацсетках.

Так, PRADMOVA прапануе «захаваць даты» на верасень-кастрычнік. 30 верасня — 1 кастрычніка фэст стартуе ў Батумі, 6-8 кастрычніка перабярэцца ў Варшаву, 14-15 кастрычніка завітае ў Вільнюс, праз тыдзень — 21-22 кастрычніка — працягнецца ў анлайн-рэжыме, і… завершыць сваю працу 27-29 кастрычніка ў Беластоку.

Сёння арганізатары форуму запрашаюць усіх людзей слова і думкі далучыцца да літаратурнага марафону. «Запрашаем прыняць удзел у фестывалі аўтараў, інтэлектуалаў, рэдактараў, выдаўцоў, музыкаў, дызайнераў — усіх, чыё жыццё звязана з літаратурай, кнігай і інтэлектуальнай дзейнасцю», — звяртаюцца да супольнасці арганізатары PRADMOVA.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA – гэта ўнікальная культурны форум Беларусі, які пазіцыянуе сябе як месца сустрэч і сумеснага мыслення пісьменнікаў, выдаўцоў, чытачоў, рэдактараў, дызайнераў, мастакоў — як беларускіх, так і замежных. Місія фестывалю – спрыяць кніжнай культуры, узмацненню і развіццю інтэлектульнага асяроддзя краіны. З мінулага года форум ладзіцца за мяжой у сувязі з рэпрэсіямі ўладаў у дачыненні да беларускага слова. Летась PRADMOVA прайшла таксама ў чатырох гарадах — Тбілісі, Кракаве, Варшаве, Вільнюсе; сёлета фармат «фэста-вандроўніка» было вырашана паўтарыць.

Зараз у фестываля абнавіўся сайт, а гэтаксама сёлета PRADMOVA паспяхова правяла першы конкурс рукапісаў «Шуфлядка», у выніку якога былі надрукаваныя тры новыя творы беларускіх аўтараў. У камандзе фэсту — літаратуразнаўца Марына Казлоўская, філосаф Павел Баркоўскі, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, паэтка, старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай і іншыя дзеячы.

Заяўкі на ўдзел у фестывалі прымаюцца да 21 жніўня.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: