12-14 ліпеня ва ўрочышчы Барок ля Гарадка на Падляшшы пройдзе гучны Фестываль Абуджаных «Tutaka». Сёлета вядомая ініцыятыва фонда «Tutaka», што ладзіцца ўжо ў чацвёрты раз, пашырылася да трох дзён, а колькасць актыўнасцей дасягнула некалькіх дзясяткаў. Акрамя ўласна музычнай часткі фэст падключыў самыя розныя кірункі: палітычныя дыскусіі, нефармальныя лекцыі пра беларускую музыку, юрыдычныя кансультацыі, варштаты для дзяцей і дарослых ды нават заняткі па польскім слэнгу. (Адзначым, што «Мова Нанова» таксама будзе). А яшчэ сёлета да месца правядзення падзеі запушчаны цягнік з Беластока.
Паводле арганізатара фестывалю Паўла Станкевіча, асноўная ідэя імпрэзы ў тым, каб кожны год на ім адбывалася самая вялікая сустрэча беларусаў у свеце. «Мы зноў збіраем і паказваем усё тое, што сёння прапануе незалежная беларуская культура», — падкрэслівае руплівец.
На фестывалі будзе працаваць дзе зоны: TAMAKA і TUTAKA, і адпаведна кожная заваблівае на свае музычныя сцэны, дыскусійныя і спартовыя пляцоўкі.
Так, напрыклад, у TUTAKA будзе працаваць HAMAKA — кропка, дзе ад пачатку да канца фестывалю можна будзе слухаць аўдыякнігі ад Audiobooks.by, Кніжнага возу і Kamunikat.org.
А суботу ў той же зоне адкрыецца пляцоўка INVICTUS — клуб гістарычнай рэканструкцыі з лакацыяй у стылі Living history «Паўстанцкі бівак». Там плануюць абмяркоўваць Паўстанне 1863-1864 гадоў.
У Намётах у зоне TAMAKA — марафон разнастайных майстар-класаў, лекцый і актыўнасцей.
Напрыклад:
- майстар-клас ад Маладых Еўрапейскіх Амбасадараў па праектным планаванні: як арганізаваць уласны праект і атрымаць фінансаванне (13 ліпеня, 13.00, Намёт 1),
- нефармальная лекцыя «Музычная візітоўка Беларусі — гэта што? Размова пра постпанк і не толькі» з Аляксандрам Чарнухам (13 ліпеня, 18.30, Намёт 1),
- легалізацыя беларусаў у краінах ЕЗ. Парады юрыстаў (13 ліпеня, 16.00, Сцэна «Тамака»),
- выбары ў Беларусі 2025. Што далей? (13 ліпеня, 18.00, Сцэна «Тамака»),
- трэнінг «Толькі той, хто ідзе, здужае дарогу, або Як займець упэўненасць у сабе ва ўмовах крызісу» ад псіхалагіні Алены Грыбанавай (13 ліпеня, 14.30, Намёт 2),
- кінапаказ: глядзім і абмяркоўваем фільм «Краіна, у якой нічога не адбываецца» разам з «Сумленнымі людзьмі» (14 ліпеня, 14.00, Намёт 2),
- варым крупнік з Марыяй Грыц (14 ліпеня, 13.30, Намёт 1),
- майстар-клас з Аляксандрам Ждановічам «Літаратурнае вымаўленне, хуткамоўкі, вершы» (13 ліпеня, 16.30, Намёт 2).
І гэтак далей, і на розныя густы і цікавасці.
У TAMAKA яшчэ будзе працаваць CHILLAKA, дзе, да прыкладу, можна будзе трапіць на варштат па акцёрскім майстэрстве да актора-купалаўца Алега Гарбуза.
TUTAKA у адказ мае пляцоўкі DZIEŚCI-DZIEŚCI і PROSTA TAŃCUJ! — на апошняй можна будзе затанчыць да раніцы разам з Papa Bo Selektah і MICROBAT.
Урэшце, хто з музыкаў выступіць на фестывалі? Пералічым лайн-ап дзвюх музычных сцэнаў:
- Alaksandr Pamidoraŭ, Luty sakavik, :B:N — 12 ліпеня, сцэна «Тамака»,
- Karlen & Co, Syndrom Samazvanca, Разбітае Сэрца Пацана, KOOB (Solo) & Sw@da, Sw@da & Nichos — 13 ліпеня, Галоўная сцэна,
- YAŪGEN, ZUI, SOŽ — 14 ліпеня, сцэна «Тамака».
Гэтаксама на фестывалі будуць правацаваць кропкі VOLNYJA & BYSOL, POLISH FOR BELARUS, куток юрыдычнай дапамогі, кірмаш, дзе можна будзе набыць беларускія сувеніры і мерч ад любімых і вядомых майстроў.
На летнік можна прыязджаць з намётамі. Лакацыя 4-га Фестывалю Абуджаных «Тутака» тут.
Наконт апгрейду ў плане зручнасці дарогі абяцаюць адмысловы цягнік.
— Цягнік будзе ісці: з Беластока ў напрамку TUTAKІ (станцыя Валілы/Waliły) ва ўсе дні фэсту а 18:10 (прыбыццё на месца а 18:55), і ад TUTAKІ (станцыя Валілы/Waliły) у напрамку Беластока 13.07 (у суботу) і 14.07 (у нядзелю) а 2:00 (прыбыццё а 2:45), 15.07 (у панядзелак) а 1:00 (прыбыццё а 1:45), — адзначыў Павел Станкевіч.
Глядзець увесь расклад падзеі можна тут. Уваход на фэст — вольны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: