«Дух яго твораў чыста мясцовы, беларускі». Сёння 200 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі

З вершаў, напісаных Уладзіславам Сыракомлем на беларускай мове, да нас дайшоў толькі адзін. Чаму гэты ў асноўным польскамоўны паэт увайшоў у пантэон дзеячаў нацыянальнага руху?

Не толькі таму, што яго ўвёў туды Вацлаў Ластоўскі

Сапраўднае імя паэта — Людвік Уладзіслаў Францішак Кандратовіч. Уладзіслаў Сыракомля — ​​гэта псеўданім, які ён узяў са свайго родавага герба «Сыракомля».

Нарадзіўся будучы паэт 17 верасня 1823 года ў фальварку Смольгаў Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Смольгава Любанскага раёна Мінскай вобласці). Вучыўся ў дамініканскіх школах у Наваградку і Нясвіжы. Працаваў у Нясвіжскай канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі, знаёмства з багатымі зборамі княскіх архіваў паспрыяла яго цікавасці да гісторыі.

Сыракомля атрымаў вядомасць не толькі яе паэт, але і як драматург, публіцыст, крытык, перакладчык і краязнаўца, пакінуўшы пасля сябе багатую спадчыну — творчую і навуковую.

Напалеон Орда. Смольгаў, сядзіба Кандратовічаў. Паміж 1864 і 1876 гг. Фота: Вікіпедыя.

«Не я пяю, а люд божы…»

У друку Уладзіслаў Сыракомля дэбютаваў баладай «Паштальён» (1844), напісанай паводле выпадкова пачутай у карчме гісторыі. У рускім перакладзе яна стала папулярнай народнай песняй «Когда я на почте служил ямщиком…». У падзагалоўку да «Паштальёна» ён напісаў — «народная гутарка». Гэты верш зрабіў яму імя і вызначыў далейшы кірунак творчасці.

Сыракомля называў сябе «вясковым лірнікам»: шмат вандраваў па вёсках, назіраў за жыццём сялян і апісваў яго жыццёва і дакладна. Збіраў і апрацоўваў беларускі фальклор, актыўна выкарыстоўваў яго ў сваёй творчасці.

Жанрава гэта невялікія «гавенды», вершаваныя балады, таксама ён пісаў «абразкі», сцэнкі з народнага жыцця.

Любіў і апяваў родныя наднёманскія краявіды. Апісваў знакавыя гістарычныя падзеі. Матыў ахвярнасці гучыць у такіх творах, як «Соф’я, княжна Слуцкая», «Марцін Студзенскі».

Сыракомля быў папулярным, як бы зараз сказалі, трэвэл-блогерам, ён выдаў некалькі падарожных нататак: «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Кароткае даследаванне мовы i характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі» (1856), першую грунтоўную навуковую працу пра Мінск (1857), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861), нататкі аб мінулым Нясвіжа для кнігі М. Балінскага «Старажытная Польшча», пісаў артыкулы ў перыядычным друку.

Памёр Уладзіслаў Сыракомля ва ўзросце 38 гадоў 3 верасня 1862 года, ён не дажыў да паўстання 1863 года, але стаў адным з яго ідэйных натхняльнікаў.

Рэдакцыя газеты «Kurier Wileński», 1861 год. Сыракомля рэдагаваў віленскую хроніку, на здымку ён другі справа ў верхнім шэрагу. Фота: polona.pl.

Мова і самасвядомасць

Пры жыцці і доўгі час пасля смерці Сыракомлю называлі «песняром Літвы». Сябе ён вызначаў як літвіна. Рабіў апрацоўкі народных песень, вывучаў вытокі беларускай мовы, якую называў русінскай і вылучаў у ёй два дыялекты: беларускі і ўкраінскі, а пераходным паміж імі лічыў мову Наваградчыны і Случчыны, найбольш блізкую да мовы Статута. У 1856 годзе разам з вучням і сябрам Вінцэнтам Каратынскім ён збіраўся выдаць сумесны зборнік беларускіх вершаў. На жаль, не атрымалася.

З беларускамоўных твораў Сыракомлі захаваўся толькі адзін верш «Добрыя весці» (1848, 1861). Ён прысвечаны рэвалюцыйным падзеям у Еўропе — вясне народаў.

Заходзіць сонца пагоднага лета,

Вее вецер з Заходніх нябёс;

Здароў будзь, вецер! з далёкага сьвету

Добрыя-ж весьці ты да нас прынёс!

Здаровыя-ж будзьце, эй, добрыя весьці:

Там, на Заходзе, праліваюць кроў,

Б‘юцца для славы, свабоды і чэсьці

І робяць вольных людзей з мужыкоў.

Сыракомля спадзяваўся, што гэты рух вызвалення дойдзе і да нашага краю, а мужык і шляхціч стануць у адзін шэраг, то-бок грамадскія прывілеі стануць агульнымі для ўсіх.

Верш «Добрыя весці» распаўсюджваўся падчас паўстання 1863 года, быў папулярны і ў пачатку ХХ стагоддзя, калі пачалася хваля беларускага адраджэння.

Гімназія імя Сыракомлі ў міжваенным Нясвіжы. Фота: Фота: polona.pl.

Вацлаў Ластоўскі з нагоды 50-годдзя з дня смерці Сыракомлі (1912 год) надрукаваў у «Нашай Ніве» артыкул, у якім напісаў такія радкі: «Кандратовіч пісаў па-польску, але дух яго твораў чыста мясцовы, беларускі». Яго выбар польскай мовы тлумачыць тым, што ў паднявольных народаў часам бываюць дзіўныя моманты, калі найлепшыя сілы, найлепшыя сыны ідуць скародзіць чужыя нівы. І задаецца пытаннем: «Ці мала наша Беларусь дала здольных людзей Польшчы на полі літаратуры?».

Таксама Ластоўскі піша, што творамі Сыракомлі зачытвалася шляхта, на Літве яго цанілі, а польскія крытыкі ганілі. А таксама згадвае, што «апрача польскіх вершаў, Кандратовіч, для нас, беларусаў, даў яшчэ творы на чыста беларускай мове».

Сыракомля быў любімым паэтам Янкі Купалы. На 50-я ўгодкі смерці паэта, якія адзначаліся ў 1912 годзе, Купала напісаў прысвячэнне, у якіх ёсць такія радкі:

Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, –

Не забудуцца дум тваіх словы,

Як і слоў беларускіх, жывучы паміж намі,

Не забыўся ты, Лірнік вясковы.

Леў і Сяргей Гумілеўскія. Бюст Сыракомлі ў Старым парку Нясвіжа (1993). Фота: planetabelarus

Памяць

Памяці Сыракомлі прысвяцілі свае вершы Янка Лучына, Адам Плуг, Янка Купала. Яго вобраз раскрыты ў аповесці Адама Мальдзіса «Восень пасярод вясны» (1984). У Барэйкаўшчыне створаны музей-бібліятэка Сыракомлі, яго імем названы вуліцы ў Нясвіжы і Мінску, Гародні, Ваўкавыску і іншых беларускіх гарадах. У 1993 годзе быў адкрыты бюст Сыракомлі ў Старым парку Нясвіжа. У Нясвіжскім касцёле Божага Цела знаходзіцца мемарыяльная дошка, прысвечаная Сыракомлю.

У Вільні на доме, у якім памёр паэт (вул. Барбары Радзівіл, 3), змешчана памятная шыльда.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!