«Dом», «Чараўнік краіны Оз», «Дзве мовы аднае душы». Чым парадавалі выдаўцы на пачатку года: літагляд

Літаратурны год пачаўся даволі дынамічна, выдавецтвы парадавалі цікавымі перакладамі сусветнай літаратуры. Сярод беларускіх аўтараў найбольш актыўнымі аказаліся паэты. 

Зрабілі агляд некаторых беларускіх кніг і выдавецкіх праектаў за студзень 2024-га.

Выдавецкія праекты

Серыя «Сучасная беларуская літаратура»

Выдавецтва «Аверсэв» і Саюз пісьменнікаў Беларусі распачалі сумесны кнігавыдавецкі праект — серыю «Сучасная беларуская літаратура», яго прэзентацыя прайшла 23 студзеня ў Мінску. 

Плануецца 12 кніг. Адметнасць серыі ў яе афармленні: для вокладак выкарыстоўваюць рэпрадукцыі карцін з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея.

Пакуль выйшла сем кніг. «Дараванне» — гэта беларускія аповесці. «Душа твая светлая» — міні-апавяданні пра тонкія стрункі чалавечых душ. «Чароўная скарбніца» — казачныя гісторыі трох таленавітых пісьменнікаў. «Размова з люстэркам» — жаночыя навэлы. «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын» — «мужчынскія» апавяданні сучасных беларускіх аўтараў. «Цені Дзікага палявання» — традыцыі фальклорна-міфалагічнай і гісторыка-дэтэктыўнай прозы, закладзеныя Янам Баршчэўскім і Уладзімірам Караткевічам. «Планета ў падарунак» — для аматараў навуковай фантастыкі і містыкі. 

Ідэя падаецца цікавай, але, на жаль, без сэксізму і аб’ектывацыі не абышлося…

«Традыцыйны светалад беларусаў»

Інстытут філасофіі Акадэміі навук выпусціў дзве кнігі серыі, прысвечанай ключавым тэмам, вобразам і канцэптам традыцыйнага светапогляду беларусаў. Першая была прысвечана касмалогіі, другая (яна выйшла напрыканцы мінулага года) мае назву «Сфера сакральнага. Народная тэалогія».

У другой кнізе гаворка ідзе пра ўяўленні аб шматмернай сакральнай сферы чалавечага досведу, Бога і боскага свету, адносінах паміж Богам і чалавекам, элементах веры і культу. Аўтары тэкстаў — Таццяна Валодзіна і іншыя. Укладанне і агульная рэдакцыя — Ірына Дубянецкая і Сяргей Санько.

Усяго ў серыі плануецца пяць ілюстраваных кніг, прысвечаных ключавым тэмам, вобразам і канцэптам традыцыйнага светапогляду беларусаў.

Выдавецтва: «Беларуская навука».

Конкурс, прысвечаны 100-годдзю літаратурнага аб’яднання «Маладняк»

Выйшаў зборнік «Вымярэнне свабоды», у які ўвайшлі творы пераможцаў конкурсу, прысвечанага 100-годдзю літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (1923–2023). Вынікі конкурсу былі падведзеныя 1 лістапада, а цяпер з’явілася кніга з найлепшымі творамі.

У намінацыі «Проза» пераможцамі сталі Кацярына Дабкене, Аляксандр Чарнуха і Платон Станкевіч; у намінацыі «Паэзія» — Яўген Кунцэвіч, Лена Шаламіцкая і Дар’я Мацеша; лепшымі эсэістамі журы назвала Канстанціна Касяка, Дар’ю Сінічкіну і Вадзіма Барысевіча. Укладальнікі анталогіі кажуць, што гэтае выданне — падзяка маладым творцам за іх апантанасць, таленавітасць і беларушчыну.

Выдавецтва: Рамана Цымберава. 

Купіць кнігу можна ў ГЦ «Купалаўскі» (крамы 41, 42) і ў інтэрнэт-кнігарні knihi.by.

Паэзія

Сяржук Сыс «DOM»

Выдаўцы сталі падазраваць памылку і задалі аўтару пытанне: чаму ў назву яго паэтычнага зборніка «Dом. Паэзія выгнання 2021-2023» упісалася лацінская літара «D».

Ды таму, што дому, уласна кажучы, няма, а домам становяцца зусім іншыя рэчы, патлумачыў Сяржук Сыс загалоўкавы кульбіт. Якія іншыя рэчы? Адказ на гэта — лінгвістычны: па-нарвежку дом — прысуд, вырак, па-партугальску — нечаканы падарунак, дар, па-нямецку — храм. 

Такі ход дазволіў пашырыць паняцце дома ад матэрыяльнага даху над галавой да нечага больш метафізічнага.

Ёмістая назва ўтрымлівае словы «Паэзія выгнання» і даты: 2021-2023. Перад намі паэтычны дзённік з пазначэннем датаў і месцаў, дзе апісваюцца ўцёкі з радзімы праз пяць краін, пачатак расійскай агрэсіі ва Украіне, спроба асэнсавання рэчаіснасці ды пошукі новага месца ў жыцці.

Кніга складаецца з трох частак. Першыя дзве геаграфічныя, уключаюць вершы, напісаныя ў Расіі, Украіне і Вільні, а трэцяя  — кампенсатарская, тут сабраныя вершы, што цудам захаваліся з запланаванай кнігі «Узнясенне», рукапіс якой разам з тэхнікай быў канфіскаваны ў 2021 годзе беларускімі сілавікамі.

«Паэтычны эмацыйны партрэт той рэчаіснасці, у якой я быў», — кажа Сяржук Сыс пра сваю кнігу. 

Выдавецтва: Skaryna Press.

Набыць тут.

18 лютага на Стральцоўскім фэсце ў Вільні  адбудзецца першая прэзентацыя кнігі «Dом».

Аксана Данільчык «Час знешняй адсутнасці»

«Аўтарка ўнікальнай стылістычнай раўнавагі», — так кажа пра Аксану Данільчык паэт і філолаг Алесь Дубоўскі. 

Зборнік паэзіі паэткі і перакладчыцы Аксаны Данільчык — гэта рэфлексія над тым, што сыходзіць з цягам часу, і тым, што застаецца; імкненне захаваць сябе і ўласны голас незалежна ад абставін і распавесці пра гэта мовай экзістэнцыйнай паэзіі, у якой аўтарскае «я» бачна, чутна, адчувальна.

Выдавецтва: Skaryna Press. 

Набыць тут.

Фелікс Баторын «Дзве мовы аднае душы»

У паэта і перакладчыка Фелікса Баторына выйшла кніга-білінгва, частка вершаў напісана па-беларуску, частка на ідыш. Акрамя таго, што ў кнізе два ўваходы, вершы  можна чытаць і злева направа, і справа налева, у залежнасці ад абранай мовы.

Фелікс Баторын — сын былога вязня Мінскага гета і партызана Барыса Хаймовіча. Ён піша на беларускай і яўрэйскай (ідыш) мовах. Перакладае на беларускую мову з нямецкай, ідыша, іўрыта, рускай і польскай. Аўтар шасці паэтычных кніг па-беларуску і адной на ідышы, а таксама мастацка-дакументальнай аповесці пра пачатак антыфашысцкага супраціву ў Мінскім гета ў часы Другой сусветнай вайны «Чорны год».

Фелікс Баторын — адмысловец лаканічнай формы. «Аўтар цураецца лозунгаў, пышнай рыторыкі, разгулу эмоцый, хоць і яго часам апаноўвае роспач… Калі б мяне папрасілі знайсці адзін назоўнік для вершаў Фелікса Баторына (розных часоў, рознай тэматыкі, а да таго ж разнамоўных), я б сказаў, што яны — ціхія гімны жыццю і свабодзе», — напісаў адзін з чытачоў паэта.

Выдавецтва: hochroth Minsk.

Набыць тут.

Нон-фікшн

Яніна Грыневіч «Як нацыя вучылася спяваць: жыццё і дзейнасць Антона Грыневіча». Перавыданне

Выйшаў з друку другі наклад кнігі «Як нацыя вучылася спяваць: жыццё і дзейнасць Антона Грыневіча». 

Манаграфія прысвечана асобе Антона Грыневіча — збіральніка фальклору, кампазітара, педагога і выдаўца. 

Адметнасцю кнігі з’яўляюцца спеўнікі: «Беларускія песні з нотамі» (1910/1912), «Народны спеўнік» (1920), «Школьны спеўнік» (1920), «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925), а таксама іншыя матэрыялы, напрыклад, песні, запісаныя ў час зняволення ў віленскіх Лукішках.

Выдавецтва: «Беларуская навука» .

Набыць тут ці ў кнігарнях Мінска.

Владимир Мацкевич «Введение в философию»

Кніга складзеныя з расшыфроўкі лекцыйнага курсу 2008-2009 і выдаецца сёння яго вучнямі і калегамі. Сам філосаф застаецца ў зняволенні.

Адметнасць зборніка — у захаванні выразнай індывідуальнасці маўлення філосафа, аўтарскага сінтаксісу і слоўніка. Гэтая кніга «рэдкі для Беларусі і, у цэлым, для гэтага акадэмічнага жанру, прыклад філасофіі «ад першай асобы». Аўтар не займае дыдактычную дыстанцыю, каб расказаць пра філасофію як сферу ведаў. Яго разважанне само і ёсць арыгінальнае філасофстваванне, якое акрэслівае поле, мэты і ўмовы свайго існавання. Гэта і робіць кнігу займальнай і ў добрым сэнсе інтрыгуючай», — так адгукнулася пра кнігу доктар філасофіі Таццяна Шчытцова.

Выдавецтва: «Янушкевіч».

Набыць тут.

Дзіцячая літаратура

Надзея Ясмінска «Заклінальнік аднарогаў» 

У студзені пачаўся продаж новай кнігі — «Заклінальнік аднарогаў» дзіцячай пісьменніцы Надзеі Ясмінскай. Гэта аўтарскі пераклад з рускай мовы. 

Кніга — для падлеткаў (12+) і з адвечнымі падлеткавымі тэмамі — сяброўства, складанага жыццёвага выбару, сям’і, здрады і подласці, першай сімпатыі і закаханасці.

Галоўны герой валодае незвычайным дарам:  умее чытаць думкі коней, так ён даведваецца пра чужыя сакрэты. Аднак аднойчы чарговы конь аказваецца аднарогам…

Выдавецтва: «Тэхналогія».

Набыць тут.

Ганна Янкута «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў». Перавыданне

У апошнія дні 2023 года з’явілася перавыданне кнігі Ганны Янкуты «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў», таму яе цалкам можам уключыць у студзеньскі агляд.

Гэтай містычна-дэтэктыўнай гісторыі споўнілася пяць гадоў. 

Аднойчы кот Шпрот, які любіць уначы цішком збегчы з балкона і паблукаць па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома. Так пачынаюцца прыгоды ката Шпрота і хлопчыка Алеся ў парку Чалюскінцаў і завязваецца іх сяброўства з суседзямі — прывідамі, вераб’ямі, мышамі. Героі кнігі ратуюць сяброў, якія трапілі ў загадкавую пастку, і вучацца разам спраўляцца з нягодамі.

Выдавецтва: «Янушкевіч».

Набыць тут.

Пераклады

Марыя Маціёс «Салодкая Даруся»

«Гэтую кнігу варта сёння прачытаць кожнаму, каб зразумець, чаму нашае мінулае робіцца нашай будучыняй, і падумаць над тым, як выбрацца з гэтай пасткі», — напісала пра выданне Святлана Алексіевіч.

«Салодкая Даруся» аўтарства сучаснай украінскай пісьменніцы Марыі Маціёс уключана ў спіс ста найлепшых твораў украінскай літаратуры паводле версіі ўкраінскага ПЭН-клуба. Гэта сямейная сага, падзеі якой адбываюцца ў 1930-х — 1970-х гадах на Букавіне на фоне змены ўладаў і дзяржаўных межаў у драматычныя часы вайны і савецкіх рэпрэсій. Аўтарка стварыла аповед пра жорны гісторыі, якія перамолваюць лёсы двух пакаленняў украінскай сям’і.

Пераклад з украінскай — Алег Віркевіч.

Выдавецтва: «Пфляўмбаўм».

Купіць тут.

Фрэнк Баўм «Чараўнік краіны Оз»

Сусветнавядомая кніга пра Даротку, якую заносіць далёка ад дому ў чароўную Краіну Оз, атрымала фантастычную ілюстратарку Кацярыну Дубовік і неверагоднага перакладчыка. Выданне з’яўляецца па-сапраўднаму ўнікальным. 

Пераклад Сяржа Мядзведзева.

Выдавецтва: «Тэхналогія». 

Набыць тут.

Роберт Фрост «Выбраныя вершы»

У кнізе выбранай лірыкі Роберта Фроста (1874 — 1963), аднаго з найбуйнейшых паэтаў у гісторыі ЗША, чатырохразовага лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі, у храналагічным парадку прадстаўлены вершы з яго дзевяці асноўных зборнікаў.

Перакладчык: Ігар Кулікоў.

Выдавецтва: «Энцыклапедыкс». 

Набыць тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!