На мінулым тыдні завяршылася праца Міжнароднага эканамічнага форума ў Давосе, на якім Беларусь прысутнічала ўпершыню з 1992 года. На адной з найважнейшых палітычных і эканамічных пляцовак свету працавала і праводзіла сустрэчы каманда Святланы Ціханоўскай сумесна з прадстаўнікамі Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA). Аб некаторых дэталях і сустрэчах Reform.by распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.
— Каманда Святланы Ціханоўскай працавала на форуме ў Давосе сумесна з ABBA з мэтай прыцягнуць увагу да праблем беларускага бізнесу за мяжой. Праведзены шэраг важных сустрэч. Ці можна казаць, што гэта прывядзе да нейкага прагрэсу і па якіх кірунках у бліжэйшы час?
— Так, сапраўды, я б асабліва адзначыў сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрапейскага Інвестыцыйнага Банка і Еўрапейскага Банка Рэканструкцыі і Развіцця. Сам факт гэтых сустрэч кажа аб разуменні з боку кіраўніцтва гэтых структур важнасці падтрымкі Беларусі. На гэтых сустрэчах нас запэўнілі, што ўсе праекты з рэжымам спыненыя, а замест гэтага яны працягнуць падтрымку рэпрэсаваных бізнесаў, якія рэлакаваліся ў краіны Еўразвязу. Была гаворка па адмысловай праграме па падтрымцы гэтых бізнесаў з боку банкаў сумесна з Еўракамісіяй. Акрамя таго, наша эканамічная каманда працуе над праектам эканамічных рэформаў, і Святлана Ціханоўская заклікала гэтыя банкі дапамагчы падрыхтоўцы гэтых рэформ сваёй экспертызай.
Былі таксама сустрэчы з тэхналагічнымі кампаніямі, прадстаўнікамі бізнесу, з палітыкамі і кіраўніцтвам заходніх краін. Беларусь у асобе Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і бізнес-супольнасці была прадстаўлена на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе ўпершыню амаль за 30 год. Гэта вялікая арганізацыя, у якой працуе больш за 800 чалавек, і амаль для кожнай краіны свету створаны свой дэпартамент ці прадстаўнік, якія працуюць у інтарэсах гэтых краінаў. Прадстаўніка Беларусі да гэтага часу не было. Зараз такі прадстаўнік у рамках Сусветнага эканамічнага форума з’явіўся, што прывядзе да больш шчыльнай супрацы з гэтай арганізацыяй. Гэта таксама важны вынік.
— Ціханоўская таксама выказала жаданне прыняць удзел у працы саміта Еўрапейскай Палітычнай Супольнасці, які пройдзе ў Кішынёве. У чым важнасць удзелу ў гэтым мерапрыемстве?
— Так, Святлана Ціханоўская абмяркоўвала гэта з прэзідэнткай Малдовы Маяй Санду. Логіка гэтай новай платформы, якая ў мінулым годзе была запушчаная па ініцыятыве прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, палягае ў больш шчыльным супрацоўніцтве еўрапейскіх краінаў па пытаннях бяспекі, стабільнасці іншых агульных інтарэсаў. У Еўрапейскую палітычную супольнасць уваходзяць усе 44 краіны, якія хаця б часткова знаходзяцца на еўрапейскім кантыненце – акрамя Беларусі і Расіі, якая распачала вайну супраць Украіны. Мы лічым, што Беларусь павінна стаць часткай гэтай ініцыятывы – гэта б стала чарговай дэманстрацыяй таго, што беларусы не пагаджаюцца з гэтай агрэсіяй, яны супраць вайны з Украінай, што гістарычна, культурна і цывілізацыйна яны належаць да еўрапейскай. Удзел у саміце быў бы чарговым пацверджаннем гэтага, а таксама нагадваннем аб тым, што без свабоднай дэмакратычнай суверэннай Беларусі не можа быць бяспечнай Еўропы
— Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Нацыянальнага савета Швейцарыі Марцінам Кандынасам звярнулася з просьбай арганізаваць дыялог у справе вызвалення палітвязняў. Ці ёсць бачанне, як гэта будзе выглядаць, на якія саступкі могуць пайсці дэмсілы?
— Так, вялася гаворка пра патэнцыйны дыялог па справе вызвалення палітвязняў. Абмяркоўваліся мажлівыя формы такіх перамоваў: ці гэта будуць перамовы на міжнародных пляцоўках, ці праз пэўныя нефармальныя кантакты, ці нейкая дзяржава ці міжнародная арганізацыя з адпаведным узроўнем аўтарытэту магла б выступіць у якасці медыятара ў гэтым працэсе. Вядома, што гэты патэнцыйны дыялог не мусіць адбывацца за спінамі беларусаў. Але гэта тычыцца формы. Значна больш сур’ёзнае пытанне – ці ёсць у рэжыму воля да сапраўднага дыялогу і рэальных крокаў, а не для імітацыі, калі б, умоўна кажучы, замест дзесяці вызваленых палітвязняў за кратамі аказвалася б дваццаць.
— Палітвязні і ўвогуле рэпрэсіі супраць беларусаў – толькі адзін з трэкаў, па якім сапсаваныя адносіны ЕЗ і Беларусі – ёсць яшчэ Ryanair, мігранцкі крызіс, агрэсія супраць Украіны. Ці не стане жаданне Лукашэнкі зняць усе гэтыя пытанні вызваленнем часткі палітвязняў bargain killer у гэтым кірунку?
— Адносіны Еўразвязу сапсаваныя не з Беларуссю ці беларускім народам. Адносіны сапсаваныя толькі з рэжымам Лукашэнкі і гэта, сапраўды адбылося па тузіне прычын, пачынаючы з фальсіфікацыяй вынікаў прайграных выбараў і ўсімі парушэннямі правоў чалавека, што адбываліся далей, мігранцкі крызіс, захоп самалёта, саўдзел у агрэсіі супраць Украіны і гэтак далей. Таму нават калі б Лукашэнка пачаў вызваляць палітвязняў, гэта б не змяніла агульнага стаўлення да яго з боку дэмакратычных краінаў. Ёсць разуменне, што беларускае ўпытанне павінна вырашацца комплексна. Гэтае рашэнне павінна ўключаць спыненне рэпрэсіяў, вызваленне палітвязняў, правядзенне свабодных выбараў, вядома ж, павінна спыніцца агрэсія супраць Украіны ў любой форме, уключаючы прадастаўленне тэрыторыі і паветра для атакі Украіны.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: