Дабрачынны канцэрт у падтрымку беларускага музыкі Аляксандра Пораха пройдзе ў Варшаве. Творцу патрэбна рэабілітацыя пасля перамогі над ракам

23 чэрвеня ў варшаўскай Klubojadalnia Młodsza Siostra адбудзецца дабрачынны канцэрт у падтрымку беларускага музыкі Аляксандра Пораха, вядомага таксама пад нікам Syntrig. Музыка, які выступае сольна ў тэхна-праекце, а таксама бярэ ўдзел у Warsaw Improvisers Orchestra і Synth Jaw, шмат гадоў змагаецца з ускладненнямі раку вялікай бярцовай косткі. Для канчатковай рэабілітацыі яму патрэбна дапамога.

Рак вялікай бярцовай косткі дактары дыягнаставалі беларускаму гукарэжысёру, музыку і кампазітару яшчэ ў 2019 годзе.

«Мой доктар вырашыў лячыць мяне метадам Ілізарава, — падзяліўся сваёй гісторыяй Аляксандр. — Падчас першай аперацыі пяць з паловай гадоў таму пухліна была выдалена разам з 17 см галёнкі. З таго часу пачаўся мой павольны і цяжкі шлях папраўкі».

Беларускі творца перанёс ужо каля 15 аперацый — і цяпер знаходзіцца ў двух кроках да адужання. Але, каб лячэнне па Ілізараве было эфектыўным, патрэбна штодзённая рэабілітацыя. Страхоўка пакрывае толькі частку патрэбаў — і музыка вымушаны карыстацца паслугамі прыватнай рэабілітацыі, каб паскорыць працэс выздараўлення. Таму кожная, нават самая маленькая сума, мае вялікае значэнне і набліжае творцу да поўнай папраўкі.

«Ваша дапамога дазволіць мне сканцэнтравацца на выздараўленні і дасць магчымасць хутчэй вярнуцца да нармальнага жыцця», — музыка звярнуўся па дапамогу і адкрыў адмысловы збор на партале Zrzutka.pl.

Але таксама калегі і сябры Аляксандра Пораха 23 чэрвеня ладзяць адмысловы дабрачынны канцэрт, на якім таксама можна падтрымаць беларускага музыку, набыўшы квіток на выступленне, паштоўку ці трафарэт з унікальнай графікай.

Сярод выступоўцаў на імпрэзе чакаюцца: сам Аляксандр Порах, Альбер Уолін, Багуч, Цунамі Мэй, Altro Volta, Пётр Мелех, Рэй Дзікаці, Міхал Бромбошч.

Пачатак падзеі — 19.00. Месца — Klubojadalnia Młodsza Siostra (ulica Dobra, 20).  Падтрымаць спадара Аляксандр праз Zrzutka.pl — тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!