З нагоды 140-годдзя Вацлава Ластоўскага, які нарадзіўся 8 лістапада 1883 года, лонданскае выдавецтва «Скарына» падрыхтавала зборнік «Мовазнаўчыя працы» — каля сямідзесяці артыкулаў і нататак розных памераў, якія з 1912 па 1927 гады друкаваліся ў перыядычных выданнях (“Наша Ніва”, “Крывіч”, “Узвышша”) і календарах.
Кнігу ўклаў палітолаг і сацыялінгвіст Уладзіслаў Гарбацкі (Вільня).
Аналізуючы як першыя, так і ў цэлым усе мовазнаўчыя тэксты Вацлава Ластоўскага, можна смела заўважыць, што ён стаяў ля вытокаў беларускай сацыялінгвістыкі. «Вацлаў Ластоўскі, які ня быў клясычным філёлягам, але ж працаваў на мовазнаўчай ніве, натуральна ўпісаўся ў агульнаэўрапейскія дэбаты і далучыўся да г.зв. сацыяльных мовазнаўцаў, — піша Уладзіслаў Гарбацкі ў прадмове. — Прыгадаем першы мовазнаўчы тэкст В. Ластоўскага – “З нашаго жыцьця. Перапіска ў беларускай мове”, які зьявіўся ў “Нашай Ніве” ў 1912 годзе. Ужо ў гэтым тэксьце выразна чыталіся і дамінавалі экстралінгвістычныя тлумачэньні і зацікаўленасьці дасьледніка. Паступова непрафэсійны мовазнаўца стаўся вядомым прафэсійным лексыкографам, стваральнікам слоўнікаў і, кажучы сучаснай мовай, адным зь першых беларускіх сацыялінгвістаў».
Адрасуецца мовазнаўцам, этнографам і гісторыкам і ўсім, хто цікавіцца спадчынай волата беларускай навукі.
Зборнік выйдзе ў другой палове лістапада. Прадмова, змест і даты прэзэнтацыяў на сайце выдавецтва.
Другое выданне, прымеркаванае да 140-годдзя Вацлава Ластоўскага, — унікальны альбом фотаздымкаў экспедыцыі 1928 года на Случчыну і Мазыршчыну, якая праходзіла пад яго кіраўніцтвам. Ластоўскі ў той час загадваў кафедрай этнаграфіі Інбелкульту і быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея.
Прэзентацыя альбома ёсць на сайце Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане. Уступны артыкул да альбома можна пачытаць тут.
Меркаваная дата выхаду альбома — студзень 2024 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram