«Цудоўная і важная падзея для ўсёй Беларусі»: у Заслаўі адкрыўся Музей беларускай маляванкі

«Віншую ўсіх прыхільнікаў традыцыйнага мастацтва. Цяпер у нас ёсць магчымасць пазнаёміцца з адзінай у рэспубліцы калекцыяй маляваных дываноў Алены Кіш. І калекцыяй маляваных дываноў Язэпа Драздовіча. І яшчэ шмат з якімі рэчамі», — так пракаментавала адкрыццё Музея беларускай маляванкі ў Заслаўі сябра Беларускага саюза народнай творчасці Вольга Хачкова. Учора на «Ноч музеяў» доўгачаканая інстытуцыя адкрыла для публікі свае дзверы.

Новы музей размясціўся ў колішнім флігелі сядзібы Пшаздзецкіх, які захаваўся да гэтай пары. Прастора новай інстытуцыі невялікая — але тут знайшлося месца і для пастаяннай экспазіцыі маляванак, і для залы зменных выстаў.

Фота: Алег Цішкевіч, фейсбук аўтара.

«Работа па зборы калекцыі пачалася ў Гісторыка-культурны музеі-запаведніку «Заслаўе» з 1988 года з набыцця твораў Язэпа Драздовіча, — распавядаюць пра гісторыю стварэння сваёй калекцыі супрацоўнікі музея. — У тым жа годзе былі арганізаваныя экспедыцыі ў Глыбоцкі раён, а на працягу наступных дзесяці гадоў па Віцебскай вобласці – асноўным рэгіёне, дзе найбольш былі распаўсюджаны дываны».

Сёння збор маляваных дываноў у музеі налічвае больш за 250 адзінак. І ў калекцыі ёсць маляванкі як невядомых аўтараў, так і прызнаных мастакоў.

Па-першае, у Заслаўе варта ехаць, каб пабачыць маляванкі вядомай беларускай мастачкі з вёскі Леніна Слуцкага раёна Алены Кіш.

Фрагмент экспазіцыі твораў Алены Кіш. Фота: Вольга Хачкова, фейсбук аўтаркі.

«Усяго на Беларусі засталося 13 работ, у фондах музея-запаведніка захоўваецца 11», — падкрэсліваюць супрацоўнікі музея.

Нагадаем, што імя Алены Кіш — дзівачкі і бяссрэбраніцы, таленавітай мастачкі ўзгадваецца ў выдадзенай у Югаславіі «Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва», дзе даюцца звесткі пра 800 найбольш вядомых мастакоў-прымітывістаў свету. Алена Кіш малявала ўсяго тры сюжэты на дыванах — «Вырай», «Дзева на водах» і «Ліст да каханага»; у экспазіцыі з калекцыі яе твораў прадстаўлены тры працы майстрыхі.

Гэтаксама гонар Музея беларускай маляванкі — калекцыя работ яшчэ аднаго касмічнага аўтара — Язэпа Драздовіча. У Заслаўі захоўваецца 32 ягоныя творы. Беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, пісьменнік быў вымушаны зарабляць сабе на жыццё роспісам дываноў. І ягоныя маляванкі — гэта асобны сусвет, які ўражвае сваёй прадуманасцю, гармоніяй, выдумкай і прастатой.

Фрагмент экспазіцыі маляванак Язэпа Дразовіча. Фота: Вольга Хачкова, фейсбук аўтаркі.

Маляваныя дываны мастакоў-самавукаў М. Марозькі, Г. Кузаўкова, І. Ворсы, Ф. Сухавілы, Н. Зосіка, Я. Вайцешык дадаюць збору новага музея разнастайнасці і грунтоўнасці, дазваляюць убачыць феномен маляванак у больш шырокім кантэксце. Бо маляванкі вядомы на Беларусі з канца XIX стагоддзя — а значыць, у з’явы ёсць свая гісторыя, перыяды развіцця, росквіту і заняпаду. Напрыклад, у 1930-я — 1940-я гады мастакі-самавукі маглі запазычваць сюжэты з карцін прафесійных мастакоў, што сведчыць пра своеасаблівы выхад маляванак у «масавую» культуру.

Фота: Алег Цішкевіч, фейсбук аўтара.

Але менавіта творы Драздовіча і Кіш з’яўляюцца «вяршыняй» развіцця з’явы ў Беларусі.

І невыпадкова ў залі маляванак беларускага мастака-касміста столь мае выгляд зорнага неба.

Музей сучасна абсталяваны, і для тых, хто пакуль не мае магчымасці да яго дабрацца, на сайце прапаноўваецца віртуальны тур па яго экспазіцыі.

Акрамя папаўнення збору, супрацоўнікі інстытуцыі працуюць над каталагізацыяй яго твораў і аднаўленнем іх гісторыі.

«Беларускія маляваныя дываны, якія напачатку выконвалі выключна дэкаратыўна-прыкладную функцыю, сёння – агульнапрызнаная гісторыка-мастацкая спадчына нашай краіны, шэдэўр наіўнага мастацтва», — падкрэслівае каманда музея.

Фота: Алег Цішкевіч, фейсбук аўтара.

Працуе Музей беларуская маляванкі ў Заслаўі з аўторка па нядзелю, з 9.00 па 17.30. Кошт квітка — усяго 5 рублёў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

Последние новости