Чатыры тысячы няісных іерогліфаў… Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы

Культура
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча – адноўленая ў 1990-я ітэрацыя беларускага музея, які працаваў у Вільні ў міжваенныя гады.

Апошнія гады днямі і начамі супрацоўнікі музея працуюць над архівам. Летась выйшаў вопіс архіўнай калекцыі музея, сёлета музейшчыкі ўзяліся за дыгіталізацыю калекцыі да 1950 года ў рамках праекта Брытанскай бібліятэкі «Архівы ў небяспецы» (англ. Endangered archives). Праца нараджае і творчыя праекты – сярод іх адкрытая ў жніўні выстава пустой паперы «Гефкер». Пра яе распавядае куратарка Віленскага беларускага музея і адна з куратараў выставы Паўліна Вітушчанка.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— Цяпер ідзе чарговае парадкаванне архіваў: пасля таго, як былі разабраныя фонды, пачалося сканаванне і электронная публікацыя матэрыялаў з 1910-х па 1950-я гады. То-бок падчас разборкі архіваў вы і ўбачылі гэтыя дзіўныя артэфакты — рознага кшталту паперу?

— Калі людзі паміраюць, то звычайна апошняе, пра што яны думаюць, гэта парадкаванне сваёй спадчыны. Таму так атрымліваецца, што большасць архіваў людзей ці арганізацый змяшчаюць у сабе пустую паперу. Яна разнастайная па сваім складзе, памеры, колеры. І разбіраючы архівы, нельга не захапіцца гэтымі эстэтычнымі аб’ектамі.

Узнікла думка падзяліцца здабыткамі з нашымі наведнікамі, з публікай, таму што акрамя візуальнай эстэтыкі паперы, ёсць яшчэ і шмат розных пластоў, якія для мяне і нашай куратарскай каманды чыстая папера сімвалізуе.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— Які статус гэтай пустой паперы ў музеі? Што гэта — артэфакты ці смецце?

— Гэта цудоўнае пытанне. Статус гэтай паперы не вызначаны, таму выстава з’яўляецца своеасаблівым запытаннем, прапановай падумаць разам, што з ёй можна рабіць, што варта зрабіць. У музеяў ёсць розныя практыкі на гэты конт: напрыклад, бываюць дапаможныя фонды – тое, што ў іх гэта нібы экспанат, але ім можна карыстацца, то-бок калі на паперы нешта намалююць, не будзе нічога страшнага.

Ці пасуе нам гэты варыянт? Я думаю, што было б файна абмеркаваць з наведнікамі выставы, што мы можам з такімі рэчамі рабіць. Агулам, як сведчыць назва выставы, гэта, канешне, смецце. Таму мы і спыніліся на такой назве — «Гефкер», што азначае нічыё, тое, што нікому не патрэбнае. Аднак нам гэтае смецце падабаецца.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— То-бок для вас пустая папера — гэта такі метафарычны вобраз нечага няздзейсненага ці патэнцыйнага. Ваша выстава ў якую катэгорыю трапляе — гэта выстава калекцыі ці мастацкая выстава з канцэптам пустаты?

— Думаю, у залежнасці ад таго, хто на яе глядзіць. Мы рабілі выставу ўтрох, і кожны падышоў да тэмы са свайго пункту гледжання. Андрэй Антонаў, напрыклад, дэталёва ведае матэрыяльныя якасці паперы. Мы былі ўражаныя, як ён лёгка вызначаў час і месца стварэння або друку кожнага аб’екта. Ён даваў вельмі разгорнутыя каментары, яго сапраўды захапляла рэдкасць гэтых матэрыялаў, якія раней былі вельмі распаўсюджаныя, але з-за свайго нязначнага статусу мала захаваліся. Так бывае, калі нейкая рэч вельмі распаўсюджана, то яна вельмі кепска захоўваецца.

Іншы мой калега Ільля Магін падышоў да гэтай тэмы як прафесійны архівіст. Мне ж было цікава паглядзець на гэтую справу як антраполагу – якія розныя паводзіны атуляюць паперу за гэтыя апошнія сто гадоў.

А глядач таксама прыходзіць са сваім вопытам і знаходзіць для сябе нешта цікавае. Моладзь заўважае эстэтыку, больш сталыя людзі згадваюць сваё мінулае. Тыя, хто не прыходзяць, заўважаюць адсутнасць.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— Выстава распавядае пра старыя тэхналогіі пісьма. Значыць, на аркушах усё ж нешта напісана?

— Наконт пытання, ці аркушы пустыя, трэба вызначыцца, што азначае гэта слова «пустое». Калі мы акрэслім пустое як неінфарматыўнае, то наш фокус пашыраецца. Напрыклад, мы паказваем старыя капіркі. Калі на пішучай машынцы друкавалі некалькі копій, то тады перакладалі аркушы капіркай.

— Там такія палімпсесты, напластаванні?

— Некаторыя свабодна чытаюцца, а некаторыя абсалютна немагчыма разабраць. Ці, напрыклад, дакументы з «Нашай Нівы», з рэдакцыі 1990-х у Вільні — лісты, якія яны атрымлівалі па факсе. А факс працуе з тэрмапаперай, якая выцвітае. І там бачна, ледзь-ледзь, што штосьці вядзецца пра берасцейскі рух скінхэдаў, але што менавіта там адбывалася, вы не даведаецеся.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— Выстава выклікае ў мяне згадкі пра папулярны беларускі канцэпт — «нічога няма».

— Так, я пра гэта ўвесь час думала — пра працу Аляксея Лунёва ды іншыя шматлікія беларускія творы і канцэпцыі пра адсутнасць. Мне здаецца, што гэта важная, мо адна з асноўных для беларускай культуры канцэпцыя.

У нейкім сэнсе выстава задае пытанне, ці адсутнасць увогуле магчымая. Пустая папера адлюстроўвае шматлікія дэталі свайго часу. Возьмем, напрыклад, развіццё тэхналогій пісьма: на выставе ёсць, напрыклад, такія рэчы, як разлінаваная папера з тлустымі лініямі, якую падкладаюць пад белыя аркушы, каб пісаць роўна, прамакаткі, сшыткі з уручную лінаванымі палямі.

Дарэчы, мы паказалі і непадпісаныя беларускія паштоўкі, што выдаваліся ў 1990-я і раннія 2000-я з партрэтамі Ластоўскага, Купалы, Антона Луцкевіча, або проста выпускі дзяржаўных выдавецтваў з беларускімі надпісамі. Яны былі вартасцю самі па сабе, людзі іх увогуле не адпраўлялі. Мы прапануем так не рабіць. Таму надрукавалі паштовак, якія можна бясплатна ўзяць і каму-небудзь адаслаць, трэба толькі падпісаць і набыць марку.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— Працягваю чытаць анатацыю: «Выстава распавядае аб вечным дэфіцыце паперы ў паваенным СССР». Як гэта паказана ў экспазіцыі?

— Гэта хутчэй пра эканомію, пра запасанне. Сярод людзей, архівы якіх нам належаць, быў Аляксей Анішчык — былы ссыльны сталінскіх часоў. Ён маніякальна збіраў, сярод іншага, пустую паперу. Мне здаецца, шмат хто з нас жыве ў атачэнні рэчаў, і нам лёгка з імі развітвацца. Але там абсалютна іншая сітуацыя. Аляксей Анішчык быў раней настаўнікам, але пасля ссылкі на такую працу немагчыма было ўладкавацца, і ён пайшоў падпрацоўваць у камбінат перапрацоўкі паперы. І пастаянна нешта цягнуў дахаты. У яго калекцыі былі вельмі розныя матэрыялы, нават старадрукі, знойдзеныя на сметніку. Людзі, якія перажылі цяжкі досвед, разумелі, што трэба берагчы любую рэч, няважна, будзеш ты ёй карыстацца ці не.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— Як ваша выстава распавядае аб падпольным самадруку?

— Пра гэта распавядаюць капіркі, таму што капірка выкарыстоўвалася для самвыдату. Усё адно гэта было небяспечна, таму што ў савецкія часы ўсе друкавальныя машынкі мелі свае спецыяльныя нумары, і трэба было рабіць узоры друку кожнай друкаванай машынкі (такая машынка стаіць і на выставе). Тым не менш людзі вельмі шмат карысталіся капіркай, каб распаўсюджваць свае забароненыя творы. Сюды ж датычацца й самаробныя вокладкі, патрэбныя не толькі каб абараніць кнігу, але і каб схаваць тытул на вокладцы й карэньчыку.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— Як выстава распавядае пра графаманію?

— Назапашванне паперы таксама трошку пра гэта, таму што чалавек пакідае стосы і стосы пустой паперы, але не менш пакідае і спісанай. Калі чалавек запіхвае ў друкавальную машынку чатыры капіркі, каб атрымаць пяць копіяў свайго тэксту – часам гэта не толькі пра падпольны супраціў, але і пра графаманію.

— Вас захапляе эстэтыка старой паперы… Вы рабілі выставу паводле візуальных прынцыпаў, ці нейкія іншыя рэчы былі пакладзены ў аснову?

— Канешне, мы намагаліся групаваць, каб было прыгожа, але ў першую чаргу размяшчалі аб’екты паводле тэмаў. Карэспандэнцыя, ліставанне – гэта паштоўкі, паштовыя бланкі, капэрты. Школа – школьныя сшыткі, прамакаткі. І так далей. Галоўнае пытанне было ў тым, як гэтая папера выкарыстоўвалася, і паводле гэтага структуравалася выстава.

А каталог, які мы падрыхтавалі да выставы, дае альтэрнатыўны маршрут па асобах. Па каталогу можна адсачыць усе матэрыялы, што належаць менавіта гэтаму чалавеку.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— То-бок у выставу «зашытыя» яшчэ і нечыя лёсы?

— Так, нам хацелася распавядаць пра людзей, біяграфія якіх вельмі актуальная для сучасных беларусаў, таму што тыя асобы перажылі падобны лёс. Гэта былыя ссыльныя ці родныя ссыльных, людзі, якія сядзелі ці пастаянна сутыкаліся з самага рознага кшталту складанасцямі праз свае погляды.

Мне здаецца, зварот да іх жыцця дадае нам трошку сілы, бо нашы продкі выжылі і засталіся беларусамі, нягледзячы на ціск.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— Ці правільна я разумею, што вы знаходзілі малаінфарматыўныя аркушы ў архіўных тэчках розных людзей і, дастаючы аркушыкі, выцягвалі гэты біяграфічны след і нейкім чынам пазначалі на выставе ці ў тэкставым суправаджэнні?

— У каталогу на кожнага чалавека ёсць кароткае апісанне яго жыцця, трошку нашых канцэптуальных думак пра лёс яго папераў. І пералік усяго матэрыялу з памерамі да міліметра.

— Абзац з пазначэннем таго, пра што выстава, у анатацыі завяршаецца таямнічай фразай: «Выстава распавядае аб тым, чым, як і дзе гэта ўсё сканчаецца». Разумею, што тут хаваецца філасофская сутнасць «Гефкера». Можаце расказаць, што стаіць за гэтымі словамі?

— Я не ведаю, ці трэба…

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— То-бок пакінем гэта гледачу?

— Мне было б цікавей паслухаць чужыя адказы, чым даваць нейкую інструкцыю пра тое, як разглядаць выставу. Але, зрэшты, ёсць і правільны адказ – нарэшце ўсё заканчваецца смерцю, згубай, стратай. А ў памерах сусвету – цеплавой смерцю, перамогай энтрапіі.

— Ваша выстава мультымедыйная. Памятаю паведамленне ў сацсетках, што ніхто не дасылае вам гукі цішыні. Што гэта за ідэя? Ці сабралі вы дастаткова гукаў цішыні і як іх паказалі?

— У выніку даслалі вельмі шмат цудоўных запісаў, дзякуй усім добрым людзям! Ціша выдатна рыфмуецца з канцэптам пустой паперы. Ідэя ўзнікла з таго, што калі здымаюць фільм, то ў гэтай канкрэтнай прасторы запісваюць цішу. Бо ціша з іншага памяшкання не такая ж самая. У кожнага памяшкання свая ўнікальная ціша.

Чатыры тысячы няісных іерогліфаў... Куратарка Паўліна Вітушчанка пра выставу пустой паперы
Фрагмент экспазіцыі выставы «Гефкер». Фота: Андрэй Антонаў.

— Гэтак жа як фатографы баланс белага вызначаюць?

— Шчыра скажу, не ведаю, як там у фатографаў, але гучыць падобна. Ідэя была паглядзець, наколькі рознымі бываюць цішы, якія атачаюць беларусаў. Часта здараецца, што ціша і не ціша зусім, дзесьці побач вуркоча каток, нешта адбываецца. Калі пачалі займацца менавіта гэтай часткай, мы даведаліся, што наша ідэя не новая, а даволі распаўсюджаная: ёсць цэлыя рухі людзей, якія запісваюць цішу.

— Як ціша прадстаўлена на выставе?

— Там ёсць QR-код, можна праслухаць праз сваю ўласную тэхніку.

— А гэтую цішу вы прымацавалі да нейкіх раздзелаў, да кожнага твора, да ўсёй выставы?

— Не, мы вырашылі зрабіць проста агульны плэйліст. Ціша аб’яднаная тым, што яе прыслалі беларусы, але яна з розных мясцінаў — ад памежжа паміж Беларуссю і Літвой да Вільні, Варшавы, Берліна, Таліна…

— А нейкія нечаканыя гукі вы пачулі ў той цішы?

— Мае любімыя — вуркатанне коціка з польскага мястэчка Крынкі ля беларускай мяжы. Такі сакавіты, спакойны летні дзень. Ёсць яшчэ з бацянскім клёкатам, водгуллем гукаў піяніна, якое пракраліся ў спецыяльны пакой цішыні ў аэрапорце, ці фрагментамі трывожных размоваў памежнага пункту.

— Чула, што беларускія паэты адмыслова напісалі для выставы вершы.

— Так, гэта частка выставы яшчэ ў працэсе, пакуль не знайшлі тэхнічнага прыстасавання для вершаў, але спадзяюся, знойдзем у бліжэйшы час. Мы папрасілі беларускіх паэтаў напісаць нам вершы пра пустэчу, адсутнасьць, хтосьці даслаў з ужо напісанага. Хто яшчэ не даслаў, той яшчэ можа. Як прыклад – верш беларускай паэткі з Лондана Ганны Комар:

A Book from the Sky

чатыры тысячы няісных іерогліфаў —
гісторыя маёй трывогі,
маўчаннем выразаная па дрэве.

чатыры тысячы няісных іерогліфаў —
інсталяцыя маіх сноў
у музеі бяссоння:
кручуся на белых прасцінах старонак,
б’юся аб мяккія сцены вокладак,
плачу ў вузел утаймоўнай кашулі.

чатыры тысячы няісных іерогліфаў —
паэзія гвалту,
слоўнік надзеі.

колькі б галасоў
ні вучылі мяне гаварыць,
застаюся непісьменнай.

***
Выстава будзе працаваць у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча па адрасе Vilniaus g., 20 цягам восені.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: