Пераможцам аўкцыёну па продажы часткі былой каралеўскай сядзібы Панямунь стала царква «Слова Божае» хрысціян веры евангельскай. Пра гэта ў Instagram паведаміў пастар Віктар Буслаеў.
Царква «Слова Божае» ўтварылася ў Гродне шэсць з паловай гадоў таму. За гэты час колькасць прыхаджан вырасла, і царква мела патрэбу ў сваім будынку.
Цяпер царкве неабходна 56 тысяч рублёў для аплаты аўкцыёну. Фінансы патрэбныя і для рамонту сядзібы. Віктар Буслаеў абвясціў збор грошай.
Упершыню сядзібу выставілі на аўкцыён у красавіку 2023 года — тады стартавая сума лота склала 374 тысячы рублёў.
Будынак прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю — пакупніку дазволена размяшчаць там культурна-асветніцкую ўстанову. Царква будзе выкарыстоўваць будынак для правядзення служэнняў, таксама пры ёй працуе нядзельная школка.
Летні палац караля Рэчы Паспалітай Панятоўскагаў Панямуні пабудаваў у 1771 годзе ў стылі позняга барока італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Там месцілася загарадная рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У XIX стагоддзі належаў Друцкім-Любецкім, пазней Ляхніцкім.
Пасля 1945 года ў памяшканнях доўгі час знаходзіўся клуб мясцовай «Сельгастэхнікі». Там былі кіназала і бібліятэка.
Палац некалі быў каменным, але ад яго захаваўся толькі фрагмент кутнай вежы. Разбураныя каменныя сцены былі пазней адбудаваны з дрэва.

Першапачатковы выгляд палаца невядомы. Да нашых часоў дайшлі больш познія яго выявы канца ХІХ стагоддзя на малюнках Напалеона Орды і шматлікіх фотаздымках.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.