Беларускі транс-фольк дуэт HUTATELI выдаў альбом, які можна лічыць візітоўкай гурта

LULI-LULI — так называецца новы альбом дуэта HUTATELI — музыкаў Аўгініі Манцэвіч і Верасня, які ўключыў у сабе вядомыя песні, створаныя на працягу чатырнаццацігадовага існавання гурта. Музыкі адабралі 8 кампазіцый, «тры з якіх былі створаныя ў час падарожжаў па Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, астатнія пяць за час жыцця на хутары ў Валожынскім раёне».

«Словы народныя, музыка наша, запісана ў жывую на Вялікдзень 9 красавіка 2023 года», — прадстаўляюць новую плытку мінімалістычны транс-фолк дуэт.

Музыкі прызналіся, што выдаць зборнік іх натхніў леташні канцэрт у Варшаве, які сабраў шмат сяброў.

«Гэтая сустрэча дала своеасаблівы імпульс, з’явілася такое дзіўнае пачуццё еднасці, як быццам бы ўсе разам сядзім вакол аднаго ляснога вогнішча і спяваем любімыя песні, такое самае адчуванне, як было падчас вандроўкі па Амерыках, — падзяліўся Верасень. — У час канцэрту людзі падпявалі нам, працягвалі спяваць, нават калі песня скончвалася, і тады ўжо прыходзілася падыгрываць слухачам са сцэны. Гэта адчуванне і падтрымка слухачоў далі моцны штуршок да запісу матэрыялу, а падтрымка сяброў дала такую магчымасць».

Аўгінія Манцэвіч і Верасень. Фота: hutateli.bandcamp.com.

Музыкаў падтрымаў Сяргей Марчук. Запіс зрабіў на Quality Studio Сяргей Рамановіч.

Дуэт «Гутатэлі» ў складзе Аўгіні Манцэвіч і Верасня спалучае ў сабе народныя спевы, выкананыя глыбокім аўтэнтычным вакалам з гітарай. Кропкай нараджэння гурта можна лічыць 2010 год, калі музыкі здзейснілі творчыю экспедыцыю «З табурэтам да акіяну» па Паўночнай і Паўднёвай Амерыках, у межах якога спявалі беларускія народныя песні на самых розных пляцоўках.

«Наперавес са скрыпкай, гітарай і зэдлікам вандравалі аўтаспынам па Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы і знаёмілі мясцовых жыхароў з традыцыйнай беларускай культурай, — узгадваюць той перыяд творцы. — Так, у грузавіках і пікапах, цэрквах і хатах, школах і паліцэйскіх пастарунках народныя песні сталі пераўтварацца ў нешта асаблівае і працягнулі сваю трансфармацыю пасля вяртання ў Беларусь ужо на пагорках Валожыншчыны».

З выхадам LULI-LULI «Гутатэлі» афіцыйна перасталі быць гуртом, які можна пачуць толькі ўжывую.

Дызайн вокладкі альбома — Ігар Юхневіч.

Падтрымаць музыкаў, набыўшы іх новы лічбавы зборнік, можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!