Опера «Дзікае паляванне караля Стаха» прынесла намінацыю Беларускаму Свабоднаму тэатру на Olivier Awards 2024 — найвышэйшую прэмію брытанскага тэатра. Тэатр за спектакль, пастаўлены Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой паводле рамана Уладзіміра Караткевіча, вылучаны на прэстыжную ўзнагароду ў катэгорыі Outstanding achievement in opera («Выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве»), адзначае The Guardian.
Канкурэнцыю Беларускаму Свабоднаму тэатру ў намінацыі складаюць: Антонія Папана — музычны кіраўнік Royal Opera House ды Марына Абрамовіч за яе канцэпцыю спектакля «7 смерцяў Марыі Калас».
Нагадаем, што прэм’ера спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха», які ўяўляе сабой сінтэз оперы, драматычнага тэатра, мультымедыя і жывой музыкі, адбылася 15 верасня 2023 года на сцэне лонданскага «Barbican». Музыку да яго напісала кампазітарка Вольга Падгайская, лібрэта стварылі Мікалай Халезін і Андрэй Хадановіч. Дырыжор – Віталь Алексяёнак, харэографка – Марыя Сазонава.
Галоўныя ролі ў пастаноўцы выконвалі беларускія артысты Андрэй Бандарэнка і Тамара Калінкіна.
Тэатральны крытык Time Out Анджэй Лукоўскі назваў партытуру Вольгі Падгайскай «абсалютна фенаменальнай», а візуальны складнік спектакля «ўзрушальным».
Спектакль сабраў вялікую колькасць рэцэнзій у брытанскай прэсе.
Olivier Awards прызнана на міжнародным узроўні як найвышэйшая ўзнагарода ў брытанскім тэатры, эквівалентная прэміі BAFTA для кіно і тэлебачання і BRIT Awards для музыкі. Штогод яна прысуджаецца асобам, якія ўдзельнічаюць у пастаноўках Вест-Энда і іншых вядучых некамерцыйных тэатраў Лондана ў шэрагу катэгорый, якія ахопліваюць «найлепшую новую п’есу», «найлепшы новы мюзікл», «найлепшы актор», «найлепшая актрыса», «найлепшы рэжысёр», «выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве», «выбітныя дасягненні ў танцы» і іншыя напрамкі.
Сёлета цырымонія ўзнагароджання Olivier Awards 2024 пройдзе ў Каралеўскім Альберт-Холе 14 красавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: