На сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра з’явіўся анонс прэм’еры «Купалле». У спектаклі, які звяртаецца да паганскіх святаў, задзейнічаны беларускія артысты; кампазітар, харэограф, дырыжор – беларусы. У кантэксце ўсё большай русіфікацыі беларускіх тэатраў новая пастаноўка выглядае шматабяцальна.
«Наш новы балет — аднаўленне старажытнай традыцыі. Вяртанне да каранёў. Адлюстраванне першабытных рытуальных містэрый», — паведамляе тэатральны анонс.
Нам новым балетным спектаклем «Купалле» працуюць беларускі кампазітар Лізавета Лобан, харэограф-пастаноўшчык – галоўны балетмайстар трупы класічнага балета, лаўрэат міжнародных конкурсаў і Нацыянальнай тэатральнай прэміі – Сяргей Мікель, дырыжор-пастаноўшчык – Марына Траццякова, дырыжор – лаўрэат міжнародных конкурсаў, галоўны дырыжор Тэатра – Юрый Галяс, мастак-пастаноўшчык (сцэнаграфія) – Яўген Ермаловіч і мастак-пастаноўшчык (касцюмы) – Ілля Падкапаеў.
Кожная частка балета будзе распавядаць пра розныя стыхіі, пра ўзаемаадносіны чалавека і прыроды, рытуалах, сімволіцы, магіі і цудзе купальскай ночы.
Адна з галоўных мэтаў спектакля — дакрануцца да самых глыбокіх пластоў і сэнсаў, якія нашы продкі закладвалі ў святкаванне Купалля. Адмова ад дзіцячай казачнасці, якая дакучліва інтэрпрэтуецца ў сучасным мастацтве.
Балет «Купалле» – гэта і зварот да псіхалагічнай, прыроднай магіі і сімволікі, спроба ўзнавіць рытуал і яго асноўны сэнс, перадаць стаўленне чалавека да паганскага свята ў яго першапачатковым выглядзе.
Балет будзе насычаны рознымі міфалагічнымі істотамі, тут будуць і неўры, і міфічныя істоты, якія ўвасабляюць вобразы Вады, Агню і зямлі.
Прэм’ера «Купалля» — 7 ліпеня.
Набыць квіткі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram