21 лютага адбудзецца «круглы стол» пад назвай «Шляхі беларускага тэатра ў перыяд 2020 — 2023 гадоў». Ён арганізаваны ініцыятыўнай групай Беларускага інстытута тэатра, якая раскажа пра пачатковы этап працы над архівам беларускага тэатра 2020 — 2023 гадоў.
На прэзентацыі можна будзе пазнаёміцца з камандай, якая працуе над праектам, абмеркаваць зробленую працу (серыю матэрыялаў «Беларускі тэатр у перыяд 2020 — 2023 гадоў»), а таксама даведацца, як да яе далучыцца.
Каманда збірае інфармацыю аб беларускім тэатры і творцах унутры/па-за межамі Беларусі за перыяд 2020-2023 гадоў. Дзеячам і дзяячкам прапануюць самастойна заявіць пра сваю дзейнасць і запоўніць адмысловую анкету да 25 лютага. Чакаюць перформансы, спектаклі, тэатральныя праекты, якія былі рэалізаваныя за апошні час. У анкеце просяць даслаць медыяматэрыялы (фота, відэа, трэйлер).
«Сёння сітуацыя з фіксацыяй інфармацыі аб пастаноўках беларускіх творцаў яшчэ больш складаная, чым да 2020 года, бо цяпер творцы раскіданыя па ўсім свеце. Менавіта таму і ўзнік такі этап збору інфармацыі, як анкета – адрасаваная да саміх творцаў, якія могуць падзяліцца тым, што адбывалася ў гэты час на іх творчым шляху. Да таго ж гэта дазволіць даведацца пра тых, хто не мае рэцэнзій ад прэсы, і іх працы часта застаюцца быццам незаўважанымі, але не губляюць сваёй значнасці для беларускага тэатральнага працэсу», — каментуе каманда праекта.
Архіў ствараецца ў лічбавым фармаце, але ён не будзе публікавацца ў адкрытым доступе. Такое рашэнне было прынята ў мэтах бяспекі ў адносінах да калег/каляжанак, якія знаходзяцца ў Беларусі.
Па выніках працы плануецца публікацыя поўнай версіі артыкулаў, з якімі можна будзе азнаёміцца ўсім зацікаўленым. Зараз можна сачыць за дайджэст-публікацыямі часткі артыкулаў у телеграме і інстаграме БІТ.
Працэс стварэння архіва цесна спалучаны з трансфармацыяй тэатральнага кам’юніці ў Беларускі інстытут тэатра. Вядома, што гэта вельмі аб’ёмісты і вялікі пласт, які патрабуе комплекснага падыходу, далучэння прафесіяналаў з розных галін. Але ініцыятыўная група распачала гэты працэс як на тэарэтыка-крытычным узроўні, так і на ўзроўні супрацы з творцамі, якія могуць падзяліцца інфармацыяй пра рэалізаваныя імі праекты за перыяд 2020-2023.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве патрэбна рэгістрацыя.
Дата: 21 лютага
Час: 18:00 Варшава / 19:00 Вільнюс / 20:00 Мінск / 21:00 Тбілісі
Месца: анлайн
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram