Беларускі арганіст Юры Габрусь працягвае ў Мінску цыкл канцэртаў «Усё арганныя творы. Ёган Сэбастыян Бах»

Грандыёзны праект беларускага арганіста Юрыя Габруся прысвечаны музычнай спадчыне Ёгана Сэбастыяна Баха. Музыкант даў ужо каля дваццаці канцэртаў, на якіх папулярызуе творчасць нямецкага кампазітара. У чэрвені, пасля невялікага перапынку, серыя аднаўляецца імпрэзай у мінскім касцёле святога Францішка Асізскага ў Новай Баравой.

Юрый Габрусь выступаў у розных лакацыях; больш вядомая з іх — Чырвоны Касцёл святых Сымона і Алены. Пасля таго, яе храм забралі ў супольнасці вернікаў, музыкант стаў даваць канцэрты ў касцёле святога Францішка Асізскага ў Новай Баравой. Там знаходзіцца  ўсталяваны ў гэтым годзе ўнікальны арган майстэрні Хрыстофа Грэфэ (Ільзэдэ, Германія).

Новая музычная імпрэза мае назву «Stylus phantasticus («Фантастычны стыль»): Бах, папярэднікі і сучаснікі» — і прысвечана яна стылю, які «адносіцца да адмысловай выканальніцкай і кампазітарскай практыкі ранняга і сталага Барока, характэрнай сваёй драматычнасцю, яркай выразнасцю, пафаснасцю і, так бы мовіць, музычным красамоўствам». Стыль з’яўляцца адметнай рысай ранняга этапа творчасці Ёгана Сэбастыяна Баха.

Але, што цікава, на канцэрце прагучаць не толькі творы stylus phantasticus буйнога нямецкага кампазітара і арганіста, але і музыкантаў іншых краін, у прыватнасці, Беларусі.

Найбольш ранні неананімны арганны твор у беларускай музыцы, які мае прыкметы stylus phantasticus, —  гэта Фантазія ў першым тоне Пятра Жэляхоўскага. «Адзіная тэксталагічная крыніца якой знаходзіцца ў Астрамечаўскай табулатуры (больш вядомай шырокаму слухачу пад назвай «Полацкі сшытак»)»,  — удакладняе Юры Габрусь. Такім чынам, на падзеі прагучаць творы такіх аўтараў як: Ёган Сэбастыян Бах, Геранім Прэторыюс, Хайнрых Шайдэман, Дытрых Букстэхудэ, Георг Муфат, але і Пётр Жэляхоўскі і “Шымкевіч”.

Беларускі арганіст Юры Габрусь мае выбітную адукацыю. У 2012 годзе ён скончыў Акадэмію музыкі і драмы Гётэборгскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «царкоўная музыка і арган», дзе яго выкладчыкамі былі арганісты Джоэл Спеерстра, Карын Нэльсан і Ёханэс Ландгрэн. У 2011 годзе музыкант з’яўляўся студэнтам па абмене (ERASMUS) у Акадэміі Мастацтваў у Брэмене, дзе навучаўся арганнаму выканальніцтву пад кіраўніцтвам прафесара Ханса Давідсана і Рудольфа Кельбера, а таксама арганнай імправізацыі ў арганіста-віртуоза прафесара Крыстафа Громана.

З 2003 па 2006 год музыкант працаваў асістэнтам-арганістам у касцёле Святога Роха (касцёле Найсвяцейшай Тройцы) у Мінску.

Адрас касцёла святога Францішка Асізскага — вуліца Авіяцыйная, 4. Пры ўваходзе на падзею збіраюцца ахвяраванні.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.