Беларускі адвакат і пісьменнік Максім Знак увайшоў у шорт-ліст намінантаў на прэмію Цэнтра Вацлава Гавэла

Прэмія «Парушэнне спакою» Цэнтра Вацлава Гавэла штогод уручаецца адважнаму пісьменніку ў небяспецы. Сёлета сярод чатырох намінантаў на ўзнагароду — адвакат, пісьменнік, палітзняволены, які адбывае 10-гадовы тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму па беспадстаўных абвінавачаннях, — Максім Знак. Трапленне аўтара ў шорт-ліст прэміі заўважыў Беларускі ПЭН.

«Нягледзячы на тое, што з лютага 2023 года Максім Знак знаходзіцца пад вартай без сувязі са знешнім светам, яго дух захоўваецца ў яго творах, уключаючы «Зэкамерон: сто гісторый з-за кратаў і павек», — адзначае Цэнтр Вацлава Гавэла ў кароткім прадстаўленні беларускага пісьменніка.

У склад адборачнай камісіі, якая вызначыла шорт-лістараў прэміі, уваходзяць шэсць актывістаў, праваабаронцаў, пісьменнікаў і дыпламатаў з усяго свету.

Узнагарода «Парушэнне спакою» адзначае аўтараў выбітных твораў мастацкай літаратуры, літаратурнай публіцыстыкі, біяграфій, мемуараў, драматургіі або паэзіі, якія праяўляюць мужнасць у іншадумстве і зазналі несправядлівы пераслед за сваю адкрытую абарону дэмакратыі і правоў чалавека.

У 2021 годзе гэтую прэмію атрымаў беларускі паэт Дзмітры Строцаў.

Сёлета ў намінантах прэміі разам з Максімам Знакам — уйгурска-кітайская пісьменніца і былая палітзняволеная Союнгюль Чанішэф, аўтарка і палітычная актывістка з Індыі Арундаці Рой, іранскі рэпер Тумадж Салехі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.