Беларуская палітычная супольнасць працягвае шукаць сваю легітымнасць, сутыкаючыся з новым выклікам у 2025 годзе. Пасля падзеяў 2020 года і наступных «выбараў», якія дэмакратычныя сілы не прызналі, пытанне легітымнасці стала цэнтральнай тэмай для экспертаў і грамадскіх лідараў. У артыкуле разглядаецца, як ключавыя суб’екты беларускай палітычнай апазіцыі — Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная Рада і Аб’яднаны пераходны кабінет — фармуюць і падтрымліваюць сваю легітымнасць, імкнучыся да прызнання як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне.
2025 год нясе чарговы выклік для Беларусі, беларускага грамадства і беларускай палітычнай супольнасці (ці супольнасцяў) як ягонай часткі. Нягледзячы на тое, што дэмакратычныя сілы1 не прызнавалі і не прызна́юць «выбары» А. Лукашэнкі сапраўднымі выбарамі, ігнараваць гэтую падзею, якая набліжаецца, немагчыма. Надыходзячая псіхалагічная мяжа ў пяць год пасля падзеяў 2020 года таксама дае падставу для рэфлексій і дыскусій. Тэрмін «легітымнасць», асабліва пасля жніўня 2024 года, калі адбылася ўжо трэцяя Канферэнцыя «Новая Беларусь», не сыходзіць з вуснаў экспертаў і лідараў меркаванняў2.
Як асэнсоўвае сваю легітымнасць беларуская палітычная супольнасць3? Як адбываецца фарміраванне і падтрыманне легітымнасці ключавых суб’ектаў беларускіх дэмакратычных сілаў?
Для ўстойлівага функцыянавання палітычная супольнасць мае патрэбу ў прызнанні з боку як унутранах удзельніц і ўдзельнікаў (унутраная легітымнасць), якія прымаюць і ўзаконьваюць існаванне і мэты супольнасці, так і знешніх актараў (знешняя ці вонкавая легітымнасць): калі іншыя супольнасці і арганізацыі прызнаюць супольнасць і ўзаемадзейнічаюць з ёй як з асобнай групай. Сярод прычынаў імкнення да легітымнасці дадаткова выдзелім імкненне да пабудовы дэмакратычнага грамадства і прагу адпавядаць дэмакратычным стандартам, барацьбу за рэсурсы і спробу захаваць свой ужо існы статус.
Легітымнасць, паводле Малога тлумачальнага слоўніка сацыялагічных тэрмінаў, – законнасць панавання, улады4. Але гэтае тлумачэнне не з’яўляецца вычарпальным. Для таго, каб удакладніць значэнне, паспрабуем паглядзець на такі тэрмін як «легальнасць». Легальнасць – адпаведнасць законным нормам. Можна ўсталяваць наступную лагічную сувязь паміж дзвюма гэтымі дэфініцыямі: легітымнасць – прызнанне ўлады нейкай групай людзей, тады як легальнасць – адпаведнасць законам, прынятым прававым нормам гэтай групы. Нягледзячы на тое, што такая думка падзяляецца не ўсімі экспертамі, менавіта так мы будзем разумець тэрміны «легітымнасць» і «легальнасць» у дадзеным артыкуле.
Праблемамі легітымнасці ў сусветным маштабе займаліся такія вядомыя даследчыкі як, напрыклад, Дж. Лок5, М. Вэбер6, Д. Бітхам7. Даследаванні легітымнасці ў прымяненні да сучаснай Беларусі ўздымалі ў сваіх працах такія даследчыкі і эксперты як М. Дабравольнік8, М. Барысаў9, Г. Васілевіч 10, А. Еўдакімаў11.
За апошнія чатыры гады выбудавалася пэўная структура беларускай палітычнай супольнасці, якую, на думку аўтара гэтага артыкула, можна назваць протадзяржаўнай, якая прадугледжвае частковае падзяленне ўладаў. Фарміраванне гэтай сістэмы пачалося з паступовай выбудовы інстытута абранай прэзідэнткі С. Ціханоўскай.
Паспрабуем разгледзець у храналагічным парадку (ад моманту ўзнікнення), як развіваецца легітымнасць Святланы, Каардынацыйнай рады і Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Святлана Ціханоўская і Офіс
Асноўнай крыніцай інфармацыі аб дзейнасці Офіса С. Ціханоўскай (далей – Офіс) з’яўляецца інтэрнэт-партал «Святлана Ціханоўская – Афіцыйны сайт абранай Прэзідэнткі». Ці ёсць на сайце нейкае абгрунтаванне даволі гучнай назвы? Тлумачэнне можна атрымаць, прачытаўшы біяграфію Святланы на гэтым жа сайце. Мы даведваемся, што «Святлана Ціханоўская – нацыянальная лідарка Беларусі, кіраўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Яна стала сімвалам мірнага супраціву і нацыянальнай еднасці, прадстаўніцай беларускага народа ў кантэксце выбараў прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе і наступных падзей. Паводле даследавання платформы «Голас» на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года за Святлану Ціханоўскую прагаласавала не менш за тры мільёны чалавек, ці 56% выбаршчыкаў з улікам рэальнай яўкі»12.
Тут няма тлумачэння, чаму Ціханоўская з’яўляецца Нацыянальнай лідаркай13. Тым не менш, як вынікае з сайта, легітымнасць Ціханоўскай тлумачыцца яе перамогай на «выбарах»14 2020 года.
Ціханоўская, відавочна, атрымала асноўную падтрымку ў момант, калі была зарэгістраваная ў якасці кандыдаткі на «выбары». Першы дарадца Святланы Франак Вячорка так тлумачыць працягласць легітымнасці Ціханоўскай: «Яна прысягу не прымала, выбары не адбываліся, і гэтая легітымнасць … скончыцца з выкананнем яе місііі … – правядзеннем новых выбараў»15.
Падаецца, што Офіс спрабуе знайсці дадатковую легітымнасць праз камунікацыю з грамадствам (анлайн-прыём Ціханоўскай грамадзянаў, сустрэчы з дыяспарамі і інш.). Таксама з гэтым дапамагае і арганізацыя штогадовых канферэнцый «Новая Беларусь» і рэгулярных дыяспаральных канферэнцый. З’яўляючыся галоўным ініцыятарам гэтых мерапрыемстваў, Офіс удала выкарыстоўвае канферэнцыі для таго, каб прадэманстраваць, што меркаванне грамадскасці чуюцца і прымаюцца да ведама, такім чынам, як можна меркаваць, дадаткова легітымізуецца офісная стратэгія.
Так каментуе легітымнасць лідаркі дарадца Ціханоўскай А. Лябедзька: «Легітымнасць – гэта давер, па-першае, … ад людзей Беларусі, па-другое, ад міжнароднай супольнасці. [Яе запрашаюць на] саміт міністраў G7, і саміт спікераў парламентаў 30 краінаў, і сустрэчы з урадамі 26 еўрапейскіх краінаў…»16 Тым не менш, прызнанне Ціханоўскай і яе статусу заходнімі дзяржавамі на сёння, фактычна, зводзіцца да прызнання яе «лідарам беларускай апазіцыі»17.
Легітымнасць Ціханоўскай абмярковаецца экспертамі і ў сувязі з тым, што ў 2025 годзе яе фармальны мандат, атрыманы на «выбарах» у 2020 годзе, скончыцца18. Быццам у адказ экспертам 4 жніўня 2024 года уступіў у сілу вышэйзгаданы ў каментары «Пратакол узаемадзеяння…», у якім Святлана Ціханоўская, фактычна, атрымала бестэрміновую легітымнасць: «Святлана Ціханоўская перамагла на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і выконвае ролю Нацыянальнай лідаркі да правядзення сумленных і свабодных выбараў у Беларусі альбо да ўласнага рашэння спыніць сваю дзейнасць у якасцi Нацыянальнай лідаркi»19.
Каардынацыйная Рада
Каардынацыйная Рада (далей – КР) была створана 14 жніўня 2020 года як інструмент для грамадска-палітычнага дыялогу. Са статута КР вынікае: «…рада – гэта калектыўны прадстаўнічы орган дэмакратычнай часткі беларускага грамадства для вядзення дзейнасці, азначанай у …Статуце, дзеля ўстанаўлення ў Рэспубліцы Беларусь дэмакратычнай формы кіравання, заснаванай на прыярытэце неад’емных і сусветна прызнаных правоў чалавека і вяршэнства права, захавання суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь»20.
З 2024 года КР мае выбарны характар. У першых адкрытых выбарах у КР прыняло ўдзел 6723 чалавекі21. Выбары сталі дадатковай нагодай узважыць легітымнасць гэтай інстытуцыі. Прадстаўнікі выбарчых спісаў мелі магчымасць ацаніць легітымнасць КР. Так, напрыклад, выказаўся Павел Латушка: «О легитимности можно будет говорить при любом количестве проголосовавших. Главное, чтобы выборы признали мы сами – беларусы. Безусловно, важен вопрос широты поддержки, а значит, и представительства. И вот это уже вопрос явки. Депутаты нового состава КС могут представлять 100 человек – и они будут легитимны для этих 100 человек…»22.
Каментаваў выбары тады яшчэ дзейсны спікер КР-2 А. Ягораў: «Я думаю, что не следует отталкиваться от таких понятий, как легитимность или официальное признание выборов, потому что эти выборы важны сами по себе»23.
Будучы чалец КР А. Дабравольскі сцвярджаў: «К сожалению, из-за репрессий, которые происходят сейчас в Беларуси, количество голосующих не может быть большим. Но сама возможность выборов позволит сформировать орган, который будет представлять интересы тех людей, которые за него проголосовали – демократических сил и гражданского общества»24.
Мы бачым, што пытанне легітымнасці пастаянна ўзнікала, яно хвалявала журналістаў і грамадства, інакш да гэтай тэмы не звярталіся б. У выказваннях палітыкаў відавочна дакладнае разуменне будучай уласнай легітымнасці праз адказнасць перад выбаршчыкамі. Дэлегаты КР, такім чынам, будуць мець легітымнасць сярод тых, хто ўдзельнічаў у галасаванні, і будуць гэтую частку грамадства прадстаўляць.
Аб’яднаны пераходны кабінет
Аб’яднаны пераходны кабінет (далей – АПК), створаны рашэннем С. Ціханоўскай 9 жніўня 2022 года, свайго сайту не мае. Інфармацыю аб ягонай дзейнасці можна знайсці на сайце Святланы Ціханоўскай. З матэрыялаў сайта вынікае, што «…Кабінет… – пастаянны выканаўчы орган, створаны абраным Нацыянальным лідарам Беларусі Святланай Ціханоўскай, які ва ўмовах палітычнага крызісу на калегіяльнай аснове распрацоўвае і забяспечвае прыняцце і выкананне палітычных рашэнняў, неабходных для захавання незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, пераадолення палітычнага крызісу ў Беларусі, абароны інтарэсаў, правоў і свабод яе грамадзян і забеспячэння пераходу да дэмакратычнага кіравання ў Беларусі»25.
Легітымнасць пераходнага кабінета амаль не абмяркоўваецца ў СМІ. На нашу думку, гэта звязана з падначаленасцю АПК Ціханоўскай, якая з’яўляецца ягонай кіраўніцай і лагічнай крыніцай легітымнасці.
Тым не менш, імкненне АПК да падвышэння ўласнай дэмакратычнасці разам з існуючымі патрабаваннямі грамадства прывялі да таго, што з 2023 года з’явілася адмысловая працэдура «ўнутранай легітымізацыі» – калі усе чальцы АПК справаздачацца аб сваёй дзейнасці перад КР26. Новыя чальцы АПК цяпер абавязкова праходзяць праз працэдуру, па выніках якой КР дасылае пазітыўную ці негатыўную рэкамендацыю Нацыянальнай лідарцы.
Заключэнне
Погляд прадстаўнікоў беларускай палітычнай супольнасці на ўласную легітымнасць выбудоўваецца наступным чынам:
- Святлана Ціханоўская – абраная прэзідэнтка і пераможца «выбараў» 2020 года, легітымная праз гэта Нацыянальная лідарка. Офіс, што забяспечвае яе дзейнасць.
- КР, створаная па ініцыятыве легітымнай Ціханоўскай, якая пасля электронных выбараў 2024 года функцыянуе ўжо як абраная дэмакратычнай часткай грамадства прадстаўнічая структура, легітымная ў вачах мінімум больш як 6000 сваіх выбаршчыкаў.
- АПК, створаны легітымнай Ціханоўскай, склад якога абмяркоўваецца ў легітымнай КР і зацвярджаецца Ціханоўскай.
Важна адзначыць, што ўсе прааналізаваныя структуры маюць дакладнае ўяўленне аб сваёй легітымнасці і робяць пэўныя захады па падтрыманні гэтай легітымнасці. Асноўнай крыніцай легітымнасці палітычнай супольнасці лічыцца перамога Святланы Ціханоўскай на «выбарах» 2020 года.
Аналіз паказвае, што структуры беларускай палітычнай супольнасці асэнсоўваюць важнасць і неабходнасць падтрымання ўласнай легітымнасці. Гэтага дэмакратычныя сілы спрабуюць дасягнуць шматлікімі сродкамі. Офіс у калабарацыі з АПК і КР стварыли пратакол узаемадзеяння, які прызнае Ціханоўскую Нацыянальнай лідаркай і рэгулюе ўзаемадзеянні паміж гэтымі структурамі.
КР з шырокімі грамадскімі дыскусіямі праводзіць першыя з 1994 года незалежныя адкрытыя выбары і атрымоўвае такім чынам апрабіраваны механізм пацвярджэння легітымнасці.
АПК праз працэдуру слуханняў у КР захоўвае дэмакратычнасць і легітымнасць яго чальцоў.
Калі мы можам дыскутаваць, наколькі тая ці іншая форма легітымнасці дэмакратычнай палітычнай супольнасці з’яўляецца дакладнай, то мы можам упэўнена канстатаваць: змаганне за легітымнасць, увага да легітымнасці з’яўляецца характэрнай прыкметай беларускай палітычнай супольнасці, што адрознівае беларускія дэмакратычныя сілы ад прадстаўнікоў палітычнай эміграцыі любых іншых народаў.
Гаворачы аб тым, навошта ўвогуле патрэбна вонкавая і ўнутраная легітымнасць беларускай палітычнай супольнасці, вылучым неабходнасць ва ўстойлівым функцыянаванні, імкненне да пабудовы дэмакратычнага грамадства і прагу адпавядаць дэмакратычным стандартам, барацьбу за рэсурсы і спробу захаваць свой ужо існы статус. Апошнія чатыры гады для палітычнай супольнасці Беларусі можна аргументавана назваць шляхам да легітымнасці.
Аляксандр Паршанкоў,
дактарант Карлавага ўніверсітэта (Прага, Чэхія)
- У дадзеным артыкуле дэмакратычныя сілы – гэта палітычна і грамадска актыўная частка беларускай супольнасці, якая выступае за ўсталяванне дэмакратычнай сістэмы кіравання ў Беларусі, аб’яднаная на аснове агульных каштоўнасцяў, перш за ўсе такіх, як абарона правоў чалавека, вяршэнства права, правядзенне сумленных і свабодных выбараў.
- Напр.: Егоров предложил признать легитимность режима Лукашенко “в определенном смысле”. URL: https://pozirk.online/ru/news/98883 (дата доступа 01.10.2024); “Август – 2025 и легитимность Светланы Тихановской”. URL: https://reformby.org/avgust-2025-i-legitimnost-svetlany-tihanovskoj; Шрайбман ответит: обмен без беларусских политзаключенных, выборы-2025, легитимность Лукашенко. URL: https://www.youtube.com/watch?v=6CnttUDNnJg (дата доступу: 01.10.2024).
- У межах дадзенага артыкула мы не змаглі прааналізаваць дзейнасць і легітымнасць народных амбасадаў, шэрагу палітычных прадстаўніцтваў, партыйных і протапартыйных структураў, народнага антыкрызіснага ўпраўлення і інш. Пры магчымасці аўтар разгледзіць гэтыя ўтварэнні і іх легітымнасць у асобным артыкуле.
- Малы тлумачальны слоўнік сацыялагічных тэрмінаў [in:] Сўінджвуд, Э. Сціслая гісторыя сацыялагічнай думкі. — Мінск, 1999. — С. 328.
- Локк Дж. Сочинения: В 3 т. – Т. 3. – Москва, 1988.
- Вебер, М. Избранные произведения. – Москва, 1990.
- Beetham, D. The Legitimation of Power. London, 1991.
- Дабравольнік, М. Праблема легальнасці ды легітымнасці ў сённяшняй Беларусі. URL: https://ceapp.info/2023/06/prablema-legalnasci-dy-legitymnasci-u-syonnyashnyaj-belarusi/ (дата доступу: 01.10.2024).
- Борисов, Н. Формирование национальной идеологии и проблемы легитимности политического режима: на примере идеологии белорусского государства // Вестник РГГУ. Серия: Политология. История. Международные отношения. 2012. №1 (82).
- Василевич, Г. Легальность и легитимность выборов в конституционно-правовом измерении. Журнал Белорусского государственного университета. Право. 2023;2.
- Евдокимов, А. Рациональная легитимность как основа президентской власти Лукашенко. – Текст : электронный [in:] XIX Международная конференция «Культура, личность, общество в современном мире: методология, опыт эмпирического исследования»: сборник материалов конференции. – Екатеринбург, 2016.
- Біяграфія Святланы Ціханоўскай. URL: https://tsikhanouskaya.org/be/ofis/biyagrafiya-svyatlany-cixanouskaj.html (дата доступу: 01.10.2024).
- Гэты статус Ціханоўская атрымала па выніках трэцяй канферэнцыі «Новая Беларусь», калі быў падпісаны “Пратакол…”. Пратакол узаемадзеяння паміж Нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай, Каардынацыйнай Радай Беларусі, Аб’яднаным пераходным кабінетам Беларусі і Офісам
Святланы Ціханоўскай. URL: https://tsikhanouskaya.org/pratakol.pdf (дата доступу: 01.10.2024). - Двухкоссе выкарыстоўваецца, бо выбары не былі прызнаныя дэмакратычнай супольнасцю ўнутры і па-за межамі краіны.
- Франак Вячорка: Легітымнасць Ціханоўскай, памылкі Кабінета, адносіны з каліноўцамі, Пазняк / Стрым. URL: https://www.youtube.com/watch?v=8DVf8tTT6EA (дата доступу 01.10.2024).
- Што стане з легітымнасцю Святланы Ціханоўскай у 2025 годзе? URL: https://belsat.eu/81207332/shto-stane-z-legitymnastsyu-svyatlany-tsihanouskaj-u-2025-godze (дата доступу: 01.10.2024).
- Гл., напрыклад: Předseda Vystrčil přijal běloruskou opoziční lídryni Cichanouskou. URL: https://www.senat.cz/zpravodajstvi/zprava.php?id=3707 (дата доступу 01.10.2024).
- Што стане з легітымнасцю Святланы Ціханоўскай у 2025 годзе? URL: https://belsat.eu/81207332/shto-stane-z-legitymnastsyu-svyatlany-tsihanouskaj-u-2025-godze (дата доступу: 01.10.2024).
- Юрыдычны каментар наконт перамогі Ціханоўскай гл. напр: Будет ли Тихановская проводить инаугурацию? URL: https://www.youtube.com/watch?v=5g89IX51Guw&t=84s (дата доступу: 01.10.2024).
- Статут (Рэгламент) Каардынацыйнай Рады Беларусі. URL: https://www.rada.vision/dakument/statut-reglament-kaardynacyynay-rady-belarusi (дата доступу: 01.10.2024).
- Выбарчая камісія па правядзенні выбараў у Каардынацыйную Раду ІІІ склікання. Пастанова аб папярэдніх выніках галасавання. URL: https://web.archive.org/web/20240528171013/https://rada.vision/wp-content/uploads/2024/05/Pastanova_ab_papyarednih_vynikah_galasavannya.pdf (дата доступу: 01.10.2024).
- Зачем нужны выборы в Координационный Совет и безопасно ли в них участвовать? Спросили кандидатов. URL: https://mostmedia.io/2024/05/20/vybory-v-koordinacionnyj-sovet-2/ (дата доступу: 01.10.2024).
- Зачем нужны выборы в Координационный Совет и безопасно ли в них участвовать? Спросили кандидатов. URL: https://mostmedia.io/2024/05/20/vybory-v-koordinacionnyj-sovet-2/ (дата доступу: 01.10.2024).
- Зачем нужны выборы в Координационный Совет и безопасно ли в них участвовать? Спросили кандидатов. URL: https://mostmedia.io/2024/05/20/vybory-v-koordinacionnyj-sovet-2/ (дата доступу: 01.10.2024).
- Аб’яднаны пераходны кабінет.URL: https://tsikhanouskaya.org/be/apk.html (дата доступу: 01.10.2024).
- Слуханнi АПК у КР 2-3 жніўня: дзень першы. URL: https://www.youtube.com/watch?v=dw7H4nAwwW4 (дата доступу: 01.10.2024).
Праект «Пасля 2020: ад палітычнага поля да палітычнай супольнасці» з’яўляецца працягам праекта «Пятая рэспубліка» і накіраваны на садзейнічанне інфармаванаму і структураванаму дыялогу аб бягучых палітычных выкліках і аб будучыні Беларусі. Гэтае абмеркаванне асабліва актуальнае для беларускай дыяспары, якая сёння становіцца галоўнай пляцоўкай палітычных дыскусій аб фармаванні новай палітычнай рэальнасці.
***
Мнения и оценки авторов могут не совпадать с мнением редакции Reform.news