Беларуская мастачка паляціць на амерыканскі фестываль Burning Man са скульптурай у чамадане

Burning Man — штогадовая васьмідзённая падзея, якая адбываецца ў ЗША у пустыні Блэк-Рок (штат Невада). Яна пачынаецца штогод у апошні панядзелак жніўня, у нуль гадзін адну хвіліну.

Самі арганізатары вызначаюць падзею як эксперымент па стварэнні супольнасці радыкальнага самавыяўлення. У пустыні ўдзельнікі ствараюць кругавы горад Black Rock City з жылымі вуліцамі і інфраструктурай, тут размяшчаюццца мастацкія аб’екты, сцены і забаўляльныя зоны. Пасля заканчэння ўсё прыбіраецца і ад мерапрыемства не застаецца і следу.

Мастачка Марыя Тарлецкая атрымала візу ЗША, зарэгістравалася на сайце Burning Man, адправіла CV, рэзюмэ, біяграфію, project statement, праект скульптуры і праз два тыдні атрымала пацверджанне ўдзелу.

«Да гэтага моманту я яшчэ не была знаёмая ні з адным бернерам і цьмяна сабе ўяўляла, што гэта авантура касмічнага маштабу», — напісала Марыя Тарлецкая на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Скульптура, якую мастачка пакажа на Burning Man, называецца «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны». Яна пра тое, каб прыняць і палюбіць праўдзівую версію сябе.

«Кампазіцыя выраблена са сталі. Яе памеры сувымерныя з памерамі чалавечага цела, і гэта камфортная фотазона для ўсіх жадаючых. Гэта бяспечна для ўдзельнікаў», — паведамляе мастачка ў апісанні праекта.

Памер твора ў сабраным выглядзе — тры з паловай метры ў шырыню і два метры сорак сантыметраў у вышыню.

Марыя Тарлецкая распавяла, што паспрабуе паказаць скульптуру ў Мінску, потым разбярэ яе на часткі, якія павінны змясціцца ў чамадан, прынамсі, ключавыя з іх — злучальныя вузлы, шрубы і гайкі. Астатнія фрагменты дакупяцца ў Сіэтле, далей твор трэба перавезці ў Неваду.

Дарэчы, нягледзячы на назву феставалю, свае творы мастакі-ўдзельнікі ўсё ж не спальваюць, такі лёс толькі ў цэнтральнай драўлянай скульптуры чалавека — Burning Man і канструкцыі храма. Многія аб’екты атрымліваюць другое жыццё — трапляюць на выставы і ў музеі, здаюцца ў арэнду на фестывалі, рэйвы, прыватныя вечарынкі і іншыя культурныя мерапрыемствы. Многія працы знаходзяць сваіх пакупнікоў адразу на фестывалі.

Гэта будзе першая скульптура з Беларусі, якая афіцыйна з’явіцца на Burning Man, сцвярджае Марыя.

Марыя Тарлецкая — прафесійная мастачка па металу, выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «мастацкая апрацоўка металу». У Мінску станцыю метро «Кавальская слабада» ўпрыгожваюць каваныя падвясныя святлаценевыя кампазіцыі і дэкаратыўныя элементы, зробленыя Марыяй Тарлецкай у суаўтарстве са скульптарам Паўлам Вайніцкім.

«Кавальскія выцінанкі». Станцыя метро «Кавальская слабада». Фота з архіва Марыі Тарлецкай.

А на V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва «ДЭКАРТ-22», што адбылося ў лістападзе 2022 года, Марыя атрымала Гран-пры.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.