18 снежня Беларускi рэспубліканскi навукова-метадычны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі прыняў рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці шасці новым аб’ектам і элементам.
Гісторыка-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння стаў гістарычны цэнтр горада Навагрудка XII-XX стагоддзяў. У Навагрудку — першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — захавалася вельмі шмат унікальных архітэктурных помнікаў, галоўны з якіх — замак — існаваў тут ужо ў XI стагоддзі. У XIII стагоддзі Навагрудскі замак быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў ВКЛ.
Гісторыка-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння абвешчаны касцёл святога Лаўрэнція 1913 года ў гарадскім пасёлку Ушачы. Храм пабудаваны ў неагатычным стылі. Ён аднанефны, без трансепта, з трохграннай апсідай, прамавугольны ў плане. Раней галоўны фасад быў упрыгожаны дзвюма бакавымі званіцамі, яны не захаваліся і не былі адноўлены, цяпер над галоўным фасадам размешчана цэнтральная невысокая вежа-званіца, увянчаная крыжам.
Двум архітэктурным помнікам быў нададзены статус рэгіянальнага значэння — прыдарожнай капліцы святога Яна Хрысціцеля другой паловы XVIII стагоддзя ў вёсцы Краснаазёрнае Смаргонскага раёна і касцёлу святога апостала Андрэя 1908-1914 гг. у гарадскім пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна. Касцёл пабудаваны ў псеўдабарочным стылі.
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымала культура беларускай дуды на Гомельшчыне. Дуда — беларускі архаічны духавы музычны інструмент — была распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Традыцыя датрывала да ХХ стагоддзя і сёння дудой займаюцца каля 30 прафесіяналаў і каля 100 аматараў.
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці таксама атрымала тэхналогія аплятання бяростай ганчарнага посуду» ў Віцебскай вобласці. Посуд, абгорнуты берасцянымі стужкамі, вядомы яшчэ з часоў неаліту, тады гэты матэрыял выкарыстоўваўся для рамонту пашкоджаных вырабаў. Пазней аплётку сталі рабіць для трываласці на самых розных відах часта толькі набытага і не пашкоджанага посуду дзеля цеплаізаляцыі і паляпшэння трываласці, пасля чаго пасудзіны атрымлівалі агульную назву «берасцень».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram