Батумі прымае фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA

Сёння ў Батумі распачаўся фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. «Вандроўны» форум, «які вучыць мысліць», сёлета ладзіцца ў чатырох гарадах — Батумі, Варшаве, Вільнюсе і Беластоку, і Грузія — адна з першых краін, куды завітаў вядомы фэст.

Падзея ў Батумі будзе доўжыцца 30 верасня і 1 кастрычніка.

Так, праграма фэсту тут уключае ў сябе сустрэчы з беларускімі і грузінскімі літаратарамі, прэзентацыі кніг, дыскусіі па філасофіі і мастацтве, майстар-класы для дзяцей і дарослых, адкрыццё выставы, кіно пад віно і, канешне, беларускі нэтворкінг.

Ужо зараз на фестывальнай пляцоўцы “аКсяродак” (Parnavaz Mepe St. 60а/62) завяршылася дыскусія «Будучыня беларускіх кніг у сучасным свеце» з удзелам Аксаны Акуневіч, Андрэя Янушкевіча, Міхася Ваўкалака, спадарыні Олены з украінскай літаратурнай кавярні.

Зараз у цэнтры ўвагі гледача прэзентацыя кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя 3: на вайне» — у ёй бяруць удзел Стась Карпаў, Святлана Курс, Аляксандр Чарнуха.

Яшчэ адна з топавых дыскусіі — абмеркаванне «Пошук цікавых гісторый у нон-фікшне: ці можа існаваць на беларускім рынку паспяховая музычная літаратура?». Яго мадэруе Аляксандр Чарнуха.

Гэтаксама чакаецца інтэрактыўная лекцыя са Змітром Бартосікам і Змітром Зайко «Паэтычны варушняк», літаратурныя квізы, майстар-класы, музычныя вечары і шмат іншых мерапрыемстваў.

Для дзяцей запланавана асобная праграма з кінапраглядамі на беларускай, майстар класы і спектаклі з Маляванычам, а таксама квэсты, гульні і чытанкі.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны, але на некаторыя івэнты спатрэбіцца рэгістрацыя на сайце.

Падрабязная праграма фестывалю па спасылцы. 

Нагадаем, што з PRADMOVA ладзіцца анлайн-трансляцыя.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA – гэта ўнікальны культурны форум Беларусі, які пазіцыянуе сябе як месца сустрэч і сумеснага мыслення пісьменнікаў, выдаўцоў, чытачоў, рэдактараў, дызайнераў, мастакоў – як беларускіх, так і замежных. Місія фестывалю – спрыяць кніжнай культуры, узмацненню і развіццю інтэлектульнага асяроддзя краіны. З мінулага года форум ладзіцца за мяжой у сувязі з рэпрэсіямі ўладаў у дачыненні да беларускага слова. Летась PRADMOVA прайшла таксама ў чатырох гарадах – Тбілісі, Кракаве, Варшаве, Вільнюсе; сёлета фармат «фэста-вандроўніка» было вырашана паўтарыць.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!