«Art Afterlife»: дыскусія пра спадчыну Алеся Пушкіна прайшла ў Варшаве

Главное
Перфоманс «Партрэт № 1». Фота: reform.news

Напрыканцы працы выставы Алеся Пушкіна ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі адбылася дыскусія «Art Afterlife», у якой узялі ўдзел куратар выставы Андрэй Дурэйка (анлайн), мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч, музыка Піт Паўлаў, мастачка Лера Лазук (анлайн), мастацтвазнаўца Вольга Архіпава і кіраўніца Музея Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская.

«Art Afterlife»: дыскусія пра спадчыну Алеся Пушкіна прайшла ў Варшаве
Дыскусія «Art Afterlife». Фота: reform.news.

Мадэратар Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры, разбіў гутарку на тры блокі — асоба, творца, захаванне спадчыны.

Апісаць асобу Пушкіна аказалася няпроста. Згадалі жыццярадаснасць, смеласць і супярэчлівыя бакі яго натуры — ад прынцыповасці да ўразлівасці. Лера Лазук паказала малюнак Алеся, на якой ён выявіў сябе ў трох іпастасях. Такая шматстайнасць, па сведчанні мастачкі, найбольш адлюстроўвае яго характар і творчасць.

«Art Afterlife»: дыскусія пра спадчыну Алеся Пушкіна прайшла ў Варшаве
Скрын экрана падчас дыскусіі.

Распачынаючы наступную тэму дыскусіі — творчы даробак Алеся Пушкіна, Сяргей Будкін згадаў, што калі здарылася трагедыя, у адным з выданняў напісалі, што памёр палітвязень Алесь Пушкін. «Мяне гэта трошкі зачапіла, таму што памёр мастак, а палітвязень — не тая характарыстыка. Тым не менш шмат людзей пасля смерці Пушкіна адкрылі для сябе яго як мастака».

Кіраўніца Музея Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская расказала, што выставу «Ales Pushkin. Afterlife» наведала каля 800 чалавек. Шмат людзей ішлі на імя, нічога не ведаючы пра сучаснае беларускае мастацтва. Прыходзілі знаёмыя, паказвалі сумесныя здымкі, а адзін хлопец вынес малюнкі Алеся Пушкіна з турмы. Цікавілася і польская публіка, а на адкрыцці прысутнічала намесніца міністра культуры Польшчы.

Якое месца займае Алесь Пушкін у гісторыі беларускага мастацтва? Даследчыца Вольга Архіпава мяркуе, што ён стаіць у шэрагу такіх вядомых творцаў, як Язэп Драздовіч, Лявон Баразна, Міхась Раманюк, Пётра Сергіевіч, Яўген Кулік і іншых мастакоў-адраджэнцаў, таксама важна памятаць, што беларускаму адраджэнскаму руху больш за 200 гадоў. І безумоўна, Пушкін быў акцыяністам, які сваімі працамі ўвойдзе ў гісторыю беларускага акцыянізму і ў гісторыю мастацтва пратэсту, якая развіваецца на нашых вачах.

Андрэй Дурэйка зладзіў выставу ў незвычайным фармаце, каб паказаць Пушкіна як мастака-акцыяніста, падкрэсліць галоўныя рэчы ў яго творчасці — перфарматыўныя і акцыянісцкія практыкі.

«Art Afterlife»: дыскусія пра спадчыну Алеся Пушкіна прайшла ў Варшаве
Дыскусія «Art Afterlife». Фота: reform.news.

Самая яркая акцыя беларускага акцыянізму апошняга часу — гэта перформанс Аляксея Кузьміча «Рэнесанс», падчас якога аўтар дэклараваў намер выкапаць Вінсента ван Гога з яго магілы. Сяргей Будкін выказаў меркаванне, што перформанс «Рэнесанс» Кузьміча мог бы таксама, як і пушкінская выстава, называцца «Afterlife», і адзначыў сугучча ў творчасці двух аўтараў. Аляксей Кузьміч катэгарычна не пагадзіўся, сказаўшы, што аддае належнае Пушкіну як мастаку, аднак яго мастацтва яму не блізкае, таму, што «яно нацыяналістычнае. Мне не блізкія мастакі, якія займаюцца нацыяналізмам у сваім мастацтве, — патлумачыў Аляксей Кузьміч. — У сваёй творчасці я спрабую адысці ад палітыкі і займацца чыстым мастацтвам, наколькі гэта магчыма. Я не магу назваць сябе пераемнікам Алеся Пушкіна, не магу сказаць, што гэта база, ад якой я адштурхоўваюся. І што Пушкін — гэта той чалавек, якія натхніў мяне займацца акцыянізмам».

«Алесь — парадаксальная постаць, — сказаў куратар выставы Андрэй Дурэйка, — таму розныя людзі цэняць яго за рознае. Калі фрагментарна паглядзець на яго творчасць, то нейкія рэчы выглядаюць супярэчліва. Калі ж ацэньваць вобраз жыцця Алеся, тое, што ён сам стварыў з сябе, то мы ўбачым мастака, які ператварыўся ў сувязі з трагічнай смерцю ў міт. І такіх выпадкаў у нашым беларускім мастацтве ўвогуле няма. У гэтым яго ўнікальнасць».

Алесь Пушкін пакінуў багатую творчую спадчыну. Мадэратар дыскусіі пацікавіўся ва ўдзельнікаў, якія ёсць праблемы ў захаванні яго спадчыны для будучых і сучасных даследчыкаў. І хто возьмецца за яе парадкаванне?

Удзельнікі адзначылі рызыку ў тым, што спадчыну Пушкіна будуць старацца знішчыць, таму трэба знайсці такое месца, дзе б яго творы маглі бяспечна захоўвацца. Ёсць рызыка і для даследчыкаў — займацца архівамі Пушкіна цяпер небяспечна.

Андрэй Дурэйка расказаў, што ў нашай краіне музеі не займаюцца сучасным мастацтвам, а тым больш медыяльным і перфармацыйным. Захаваць такія архівы складана.

Наталля Задзяркоўская паведаміла, што Музей Вольнай Беларусі гатовы захоўваць архівы мастака.

А Сяргей Будкін прэзентаваў сайт www.alespushkin.com, які толькі пачынае напаўняцца. Пакуль там размешчаны толькі фотаздымак Алеся. На сёння аўтары праекта сабралі каля 200 прац з 1983 па 2023 гады. На сайце пададзены мэйл, праз які можна папаўняць архіў.

Плануецца, што на сайце будзе інструмент для збору інфармацыі — адмысловая форма, праз якую можна будзе дасылаць фотаздымкі з апісаннямі.

Мэта — сабраць архіў пра жыццё і творчасць Алеся Пушкіна, падрыхтаваць каталог прац і перадаць матэрыялы ў адзін з беларускіх музеяў, калі для гэтага будуць спрыяльныя абставіны.

Падчас фінісажу адбылася прэм’ера перформансу «Партрэт № 1» тэатральнай ініцыятывы «Дзея другая».

«Art Afterlife»: дыскусія пра спадчыну Алеся Пушкіна прайшла ў Варшаве

«Art Afterlife»: дыскусія пра спадчыну Алеся Пушкіна прайшла ў Варшаве

«Art Afterlife»: дыскусія пра спадчыну Алеся Пушкіна прайшла ў Варшаве
Канстанцін Мужаў, Ілля Семашкевіч, Даніла Ганчароў. Перфоманс «Партрэт № 1». Фота: reform.news.

Гледачы не бачылі ўдзельнікаў перформансу — Канстанціна Мужава, Іллю Семашкевіча і Данілу Ганчарова, бо яны знаходзіліся за белым палатном. Па напружаных хвілінах чакання на палатне пачалі марудна праступаць чырвоныя літары — У, Е, А, У, З, Б, В, Е і іншыя. Паступова стаў чытацца надпіс: «У Беларусі мастацтва забівае». Пасля чырвоныя пісягі ад чырвоных абіткаў рук сталі імкнуцца ўніз, размываючы словы. Гэты парафраз карціны Алеся Пушкіна, напісанай уласнай крывёй, паўтараецца не першы раз і ўжо ўспрымаецца як візуалізацыя яго творчага крэда.

«Art Afterlife»: дыскусія пра спадчыну Алеся Пушкіна прайшла ў Варшаве
Канстанцін Мужаў, Ілля Семашкевіч, Даніла Ганчароў. Перфоманс «Партрэт № 1». Фота: reform.news.

А потым заслона ўпала і адкрыла сляды злачынства.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: