Сёння, 7 чэрвеня, а 21.00 на нью-ёркскім фестывалі Tribeca ў кінатэатры Village East by Angelika адбудзецца прэм’ера карціны «Пад шэрым небам», створанай беларуска-польскай рэжысёркай Марай Тамковіч. Трэйлер поўнаметражнага ігравога фільма, які быў натхнёны постацямі і гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, ужо можна паглядзець у сеціве.
Нагадаем, што «Пад шэрым небам» быў адабраны ў конкурс «Найлепшы замежны ігравы фільм» амерыканскага фэсту, заснаванага Робертам Дэ Ніра, Джэйн Розэнталь і Крэйгам Хаткофам, з сотні прэтэндэнтаў з усяго свету. З ім у секцыі будуць спаборнічаць сем стужак рэжысёраў з Харватыі, Швецыі, Бразіліі, Сінгапура, Германіі ды іншых краін.
У галоўных ролях у карціне здымаліся: Аляксандра Вайцяховіч, вядомая па выкананні журналісткі Лены ў кароткім метры Мары Тамковіч «У жывым эфіры», і Валянцін Навапольскі. Гэтаксама ў кіно з’явяцца Паліна Чабатарова і Андрэй Новікаў.
Як падкрэслівае Мара Тамковіч, для яе стужка стала спробай зразумець, што адбываецца з Беларуссю, беларусамі пасля 2020 года.
— А таксама спробай знайсці надзею, падавалася б, у безнадзейным, — падзялілася яна ў інтэрв’ю з Reform.news.
На сайце фестываля фільм прадстаўлены так:
«Калі антырэжымную журналістку Лену арыштоўваюць за прамую трансляцыю жорсткага разгону дэманстрацыі пратэсту супраць беларускіх выбараў 2020 года, яе муж Ілля сутыкаецца з немагчымай сітуацыяй. Падвяргаючыся далейшым міліцэйскім рэйдам і сутыкаючыся з магчымай рэальнасцю, што яго жонка правядзе гады ў турме, Ілля павінен лічыцца з тым, ад чаго яму, магчыма, давядзецца адмовіцца, застаўшыся з Ленай. У той жа час на зняволеную Лену ціснуць улады, каб яна адмовілася ад сваёй актыўнасці і здрадзіла сваім прынцыпам».
Акрамя прэм’ернага паказу 7 чэрвеня фільм можна будзе паглядзець на «Трайбека» ў Нью-Ёрку:
Набыць квіткі на паказы можна тут. Tribeca Film Festival пройдзе з 5 па 16 чэрвеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram