Якія пагрозы існуюць сёння для развіцця беларускай культуры? Такое пытанне задаў тэатральны рэжысёр Андрэй Саўчанка, мадэратар круглага стала на Першым кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі, што на днях прайшоў у Варшаве. Дыскусія называлася «Роля культуры ў працэсе фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці».
Гучалі розныя меркаванні, але мы выбралі адказы, якія падаліся нам найбольш актуальнымі.
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч заўважыў трэнд, найбольш відавочны ў сацсетках, — адсутнасць ці непатрэбнасць для чытачоў экспертнага меркавання. Мастацтву патрэбныя крытыкі, эксперты, якія будуць вызначаць яго вартасць, тлумачыць і асэнсоўваць. Аднак у сітуацыі, у якой наша культура апынулася сёння, ні пра якую крытыку ці экспертызу не вядзецца. «Сёння кожны рэцыпіент культуры лічыць сябе крытыкам ці экспертам. Замест крытыкаў пішуць блогеры, і кожны ў інтэрнэце можа стаць экспертам, — заўважыў літаратар. — Няма аўтарытэтаў, няма галасоў, якія маглі б тлумачыць ці штосьці асэнсоўваць. І мне здаецца, гэта адна з праблем для культуры, калі ніхто не можа быць гідам, навігатарам па гэтым дзікім полі».
Другой праблемай Альгерд Бахарэвіч лічыць падзел беларускай культуры, пашырэнне прорвы, якая павялічваецца з кожным месяцам, паміж культурай у Беларусі і за яе межамі.
Пісьменнік патлумачыў, што для творцы вельмі складана перажываць адрыў ад сваёй радзімы. Калі ён хоча быць нацыянальным творцам, то павінен гаварыць пра месцы, звязаныя з Беларуссю, пра беларусаў, сваіх суайчыннікаў: «Але як я, беларускі пісьменнік, магу пісаць пра свой любімы Менск, калі я там тры гады не быў? Я пачынаю забываць, як ён пахне, як ён гучыць. Пісаць з успамінаў ты не можаш. І ты тады пачынаеш шукаць у краінах, у якіх жывеш, падобныя моманты. Альбо звяртаешся да жанру прыпавесці, дзе няма прывязкі да канкрэтных месцаў. А тыя, хто застаўся ў Беларусі ці маюць магчымасць ездзіць, яны гэта ўсё ведаюць. У выніку мы гаворым абсалютна на розных мовах. Разуменне паміж намі знікае».
Трэцяя праблема — рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры. «Гэта прагучыць банальна — кажа спадар Альгерд, — але мастацтву і культуры патрэбныя свабода. Калі яе няма, то ні пра якую культуру гаварыць нельга. Культура ў такіх умовах пачынае служыць прапагандзе, пачынае выконваць зусім іншыя функцыі…
А ў тых, хто застаўся ў Беларусі, пачынае з’яўляцца крыўда на тых, хто з’ехаў. І тыя, хто засталіся, незалежна ад іх дасягненняў, пачынаюць успрымацца як героі супраціву, як смелыя людзі, якія застаючыся ў Беларусі, штосьці працягваюць рабіць.
Такі падзел і такое ўзаемнае непаразуменне для культуры з’яўляюцца катастрафічнымі.
Але каб дадаць нешта пазітыўнае, скажу, што гэта зусім не ўнікальная сітуацыя. Шмат якія нацыі праз яе прайшлі. І палякі, і літоўцы. Таму гэта не назаўсёды. І калі-небудзь сустрэча дзвюх частак падзеленай культуры стане магчымай».
Наступная бяда, якая пагражае беларускай культуры, — расійская культурная экспансія. Пра гэта разважаў беларускі рэжысёр Аляксандр Гарцуеў.
Рэжысёр прызнаўся, што праглядае расійскія прапагандысцкія каналы і заўважае, што ў іх шмат гавораць пра тое, што Украіну прыдумаў Ленін, што Украіны не павінна быць, няма украінскай мовы, а ёсць толькі дыялект. Аднак пра Беларусь такога не згадваюць. «Гэта вельмі палохае, — сказаў рэжысёр. — Альбо яны ўжо зразумелі, што пытанне з Беларуссю ўжо вырашанае, альбо яны ведаюць, што ім далей рабіць».
Аляксандр Гарцуеў прывёў прыклад Тэатра імя Янкі Купалы, дзе праходзяць спектаклі на рускай мове. «Зараз пачнуць казаць, што гэта толькі гастролі, гэта прыехалі нашы «братья» рускія. Што ж так раней не было, што столькі «братьев» кожны месяц па 20 дзён. Я думаю, што глыбінная ўстаноўка — яна там, на Усходзе: «Гаварыце па-нармальнаму, вы рускія людзі, спявайце песні толькі пра дубочак зялёненькі. Гэта было ў нашай гісторыі, і гэта зноў паўтараецца. Гэта страшна».
Аляксандр Гарцуеў прапанаваў выйсце: ствараць мастацкія творы высокага ўзроўню, якія будуць станавіцца моднымі. Гэта адзіны шлях даказаць, што мы нацыя, здольная на высокую літаратуру, выбітныя тэатр і кіно.
Рэжысёр падтрымаў непакой Альгерда Бахарэвіч пра падзел культуры на дзве часткі. Аднак ён асцерагаецца таго, што адбудзецца больш радыкальны падзел — на культуры «Паўднёвай Карэі» і «Паўночнай Карэі», якія пасля будзе немагчыма аб’яднаць. «Культура павінна быць адзінай. Як гэта зрабіць, я не ведаю, але мы не павінны раздзяляцца», — падсумаваў рэжысёр.
Cтаршыня Рады згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская мяркуе, што такой катастрофы з беларускім мастацтвам не адбудзецца. Яна нагадала, што як толькі Савецкі Саюз разваліўся, пісьменнікі замежжа ўвайшлі ў агульны беларускі кантэкст.
Яшчэ адной небяспекай для развіцця беларускай культуры Альгерд Бахарэвіч называе прымітывізацыю. «Пасля 2020 года робіцца абсалютна прымальным гаварыць мовай патасу, мовай болю, мовай лозунгаў. Беларуская культура пачынае рабіцца нуднай.
Аснова культуры, а асабліва аснова мастацтва — гэта іронія і самаіронія. Гэта тое, без чаго мастацтва існаваць наогул не можа. А сёння я бачу, што вымалёўваецца трэнд: калі мы гаворым пра Беларусь, значыць, абавязкова будуць краты, калючы дрот, сцягі, вокліч «Жыве Беларусь», і людзям хапае, каб называць усё гэта мастацтвам.
Беларускае мастацтва хоча звяртацца да ўсіх, але так не бывае. Мастацтва, паводле азначэння — гэта штосьці элітарнае, складанае. Творца мусіць мысліць эсэістычна.
Я хачу падкрэсліць гэта: мы мусім гаварыць і мысліць эсэістычна. Гэта тое, чаму ў Беларусі ніколі не вучылі ў школах і ва ўніверсітэтах. У школах вучаць пісаць сачыненні, дыктанты або пераказы, а такой формы, як эсэ, няма. А менавіта з умення пісаць эсэ пачынаецца вольны чалавек, свабодны чалавек. Які мысліць самастойна.
Мастацтва гэта таямніца, а не лозунг «Жыве Беларусь», прыгожа намаляваны альбо праспяваны. І таму мне вельмі сумна разумець, што яшчэ некалькі гадоў — і беларуская культура пачне размаўляць мовай штампаў».
Пісьменніка падтрымаў Аляксандр Гарцуеў, які патлумачыў, што мастацкае, вобразнае асэнсаванне дае больш карысці для разумення сітуацыі. Пра факты казаць трэба, але гэта справа дакументальнага тэатра альбо… пракурора.
Юлія Цімафеева працягнула дыскусію і згадала, як яна ўдзельнічала ў варкшопе ў Берліне з драматургамі з розных краін. І адна драматургіня з Сербіі, якая 30 гадоў кіравала сербскім нацыянальным тэатрам, паставіла спектакль, у якім саркастычна распавядае, што ж такое насамрэч гэты нацыянальны тэатр.
«Мне падаецца, што нацыя сфармавалася тады, — зазначыла паэтка, — калі яна пачынае іранізаваць са свайго нацыянальнага. Думаю, што будзе смешная п’еса. Можа, нам не хапае такой п’есы пра нацыянальны тэатр?».
На гэта Аляксандр Гарцуеў згадаў, як тэатр імя Янкі Купалы гадоў 25 таму быў на гастролях у Славакіі і граў спектакль «Тутэйшыя». Пасля спектакля мясцовы тэатразнаўца сказаў, што калі нацыя здолела так іранічна паставіцца да сябе, да ўласных прынцыпаў, то гэта саспелая нацыя. «Толькі непаўнацэнная нацыя надзімае шчокі, калі гаворыць пра сябе, — мяркуе рэжысёр. — Значыць, гэта было закладзена ў нашым культурным кодзе яшчэ сто гадоў таму назад і агучана Купалам. Не можа быць, каб гэта было дарэмна».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: