Альбом кавераў на песні рок-сцэны 1990-х ад беларускага гурта Syndrom Samazvanca прэзентаваны ў сеціве

«Нарэшце паўсюль можна слухаць наш новы альбомчык. Не стамляюся дзякаваць усім, хто тым ці іншым чынам паспрыяў ягонаму з’яўленню», — напісаў пра «прэ’меру» новага альбому на сваёй старонцы ў сацсетках музыка беларускага гурта Syndrom Samazvanca Уладзь Лянкевіч.

«Для мяне асабіста беларуская музыка канца 80-90-х — гэта нейкая вельмі адмысловая праўдзівасць і трушнасць, а таксама дзіцячая ды падлеткавая радасць адкрыцця, досвед археолага і шукальніка скарбаў», — падзяліўся сваім меркаваннем Уладзь. — Нам з хлопцамі было цікава пагуляцца і нават трохі пахуліганіць з гэтымі песнямі. Рады, што мы дайшлі-ткі да выніку, бо (як і ва ўсіх) акалічнасці без продыху чапляюцца за рукі-ногі і цягнуць некуды (у найлепшым выпадку) убок, калі не ў чорную дзюрку».

Нагадаем, што на альбоме сем пераасэнсаваных песень беларускіх рок-гуртоў 1990-х: «Сон у трамваі», «Залатыя краты», «Неба мяняе колер» гурта «Новае неба», «Шэф у гістэрыцы» – «Правакацыі», «Ла-ла-ла-ла» – N.R.M, «Ночы» – «Палац» і «Іржавыя дні» – гурта ULIS.

Усе аўтары арыгіналаў і праваўладальнікі далі дазвол на выкананне сваіх твораў: Kasia Kamockaja, Adam Hlobus, Felix Aksentsev, Slava Koran’, Алег Хаменка, Alena Dashkevich, Alhierd Bacharevič, Lavon Volski.

Syndrom Samazvanca – гурт, які стварае музыку на стыку псіхадэл-року, панку і нью крафтроку. У складзе праекта: Уладзь Лянкевіч, Раман Жарабцоў, Аляксей Земляны і Ціхан Золатаў. На пачатку гэтага года каманда выдала экзістэнцыяльны альбом «Востраў скаргаў», які па-ранейшаму знаходзіцца ў дзясятцы найлепшых альбомаў года.

Слухаць «Радыё Няміга» можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.