Мінгарвыканкам абвясціў конкурс эскізных праектаў памятнага знака — макета «Мінскага замчышча». Інфармацыя пра яго размешчана на сайце ўпраўлення культуры гарадскога выканаўчага камітэта.
Конкурс праводзіцца з мэтай пошуку найбольш выразнага вобразнага рашэння, якое сродкамі манументальнага мастацтва дазволіць адлюстраваць гістарычны цэнтр Мінска ХІІ–XIII стагоддзяў.
Устаноўка гэтай скульптурнай кампазіцыі — адно з мерапрыемстваў музеефікацыі помнікаў археалогіі гістарычнага цэнтра сталіцы. Размесціцца яна на беразе ракі Свіслач каля будынка па праспекце Пераможцаў, 2.
Макет Мінскага замчышча можа змяшчаць аб’ёмныя і рэльефныя выявы асноўных элементаў мясцовасці, пабудоў, абарончых збудаванняў, мастоў, дарог, людзей, жывёл і інш. У якасці матэрыялаў для макета прапануецца выкарыстоўваць метал, ліццё з бронзы, граніт.
Арганізатарам конкурсу з’яўляецца Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт (Упраўленне культуры), а заказчыкам — КУП «Мінская спадчына».
Да яго ўдзелу запрашаюцца аўтарскія калектывы скульптараў, архітэктараў, мастакоў і іншых спецыялістаў.
Заяўкі прымаюцца да 15 снежня ўключна, конкурсныя матэрыялы — не пазней за 15 лютага 2024 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram