Абвешчана праграма фестывалю Pradmova ў Берліне

Сёлета Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova 2024 адбываецца ў некалькіх гарадах свету. Толькі завяршылася віленская праграма, а 19-20 кастрычніка распачнецца берлінская.

Pradmova ў Берліне пройдзе ў прасторы Hotel Continental — Art Space in Exile. Фестываль аб’яднае беларускіх і замежных аўтараў, філосафаў, перакладчыкаў і навукоўцаў, якія возьмуць удзел у дыскусіях і прэзентацыях, прысвечаных сучасным сацыяльным, культурным і палітычным праблемам.

Фестываль распачнецца ў суботу, 19 кастрычніка, з урачыстага адкрыцця і прэзентацыі выставы пераможцаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі ART Pradmova.

Дыскусія «Новае аўтарытарнае грамадзянства: канфармізм, эміграцыя, супраціў?» з удзелам экспертаў Аляксея Братачкіна, Віктара Шадурскага, Алены Агарэлышавай будзе прысвечаная аналізу таго, як грамадства Беларусі змяняецца пад ціскам рэпрэсій і як гэтыя змены ўплываюць на грамадзянскія правы і абавязкі.

На фестывалі будуць прадстаўленыя беларускія і міжнародныя праекты: адбудуцца прэзентацыя самвыдат-зіна Pamyłka, прысвечанага прыродазнаўчым і тэхнічным навукам, дыскусіі пра беларускі пераклад «Іліяды» і пераклады беларускай літаратуры на замежныя мовы, літаратурныя сустрэчы з аўтарамі, якія працуюць у розных жанрах — ад паэзіі да драмы і аўтафікшн.

Юля Цімафеева прадставіць сваю паэзію і драматургію, што стане нагодай для дыскусіі пра ўспрыманне беларускай літаратуры ў Еўропе; а «Вольныя купалаўцы» пакажуць спектакль «Зэкамерон» паводле рамана Максіма Знака, напісанага ім у зняволенні.

На берлінскай Pradmova адбудзецца шэраг імпрэз з удзелам Альгерда Бахарэвіча, у тым ліку абмеркаванне нямецкага перакладу рамана «Сабакі Эўропы» і прэзентацыя новай кнігі «Папяровы Голем», што абяцае стаць адной з яркіх літаратурных падзей фестывалю.

Асобнай падзеяй стане і дыскусія «Песні любові і нянавісці» з удзелам Святланы Алексіевіч і Альгерда Бахарэвіча. Мадэратарам выступіць Андрэй Хадановіч. У часе размовы ўдзельнікі абмяркуюць, як у сучасным свеце, напоўненым нянавісцю і канфліктамі, творцы выкарыстоўваюць свой голас, каб выказаць бязмежную любоў і расчараванне, гнеў і надзею.

Фестываль працягнецца ў нядзелю, 20 кастрычніка. Асаблівая ўвага будзе нададзеная тэме палітычных рэпрэсій і літаратуры, створанай у экстрэмальных умовах. Панэльная дыскусія «Еўрапейскі Паноптыкум ХХІ стагоддзя» будзе прысвечаная асэнсаванню досведу турэмнага зняволення і гвалту ў сучаснай Беларусі ў параўнанні з еўрапейскімі рэпрэсіўнымі практыкамі ХХ стагоддзя.

На працягу двух дзён Pradmova стане пляцоўкай для актыўнага абмеркавання сучасных выклікаў для беларускай культуры, а таксама праблем, звязаных з правамі чалавека і свабодай слова.

Удзельнікі і ўдзельніцы змогуць паглыбіцца ў літаратурныя і інтэлектуальныя пытанні, сустрэцца з вядучымі аўтарамі, сярод якіх Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Таццяна Нядбай, Аляксандр Лукашук, Ірына Герасімовіч, Дзмітрый Строцаў, Сяргей Шупа, Юля Цімафеева, Зміцер Вішнёў і іншыя.

Праграма фестывалю ўключае і музычныя імпрэзы, у тым ліку канцэрт Лявона Вольскага і Ketevan.

Асобнай падзеяй фестывалю стане варштат «Voices Unbound: Кішэнны самвыдат: воркшоп па квір-феміністычным зіне на тэму небінарнасці мовы», арганізаваны ініцыятывамі Fem*Bridging Cultures, Europäische Medien Initiative і Fem.Cultural Network. Удзельнікі і ўдзельніцы гэтай сустрэчы змогуць паглыбіцца ў тэму небінарнасці мовы і творча адлюстраваць свае разважанні ў форме зінаў.

Партнёрам берлінскай Pradmova з’яўляецца кавярня Humboldt Kaffeemanufaktur (Seelingstraße 32, 14059 Berlin)

Праграма цалкам тут.

Месца правядзення: Берлін, прастора Art Space in Exile па адрасе Elsenstraße 87 (некаторыя мерапрыемствы пройдуць у іншых лакацыях)

Даты: 19-20 кастрычніка 2024 года

Уваход вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!