Аб’яўлены поўны спіс намінантаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча

Мінуў месяц, як скончыўся прыём заявак на літаратурную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча за 2021-2022 гады, журы пачало працу і ўжо зацвердзіла поўны спіс намінантаў

У галіне паэзіі намінаваныя:

1. Аксана Гаджыў. Канец цытаты.
2. Зміцер Крэс. Вялесава племя.

На прэмію за найлепшую дэбютную кнігу прозы прэтэндуюць:

1. Канстанцін Касяк. Самаізаляцыя.
2. Цімур Кудзеліч. Як.
3. Таццяна Карытка. Чаму ўсё так?
4. Антось Уласенка. Новая зямля: Куканія.
5. Аляксандр Хацкевіч. Замак на ўзгорку.

На прэмію за найлепшы мастацкі пераклад намінуюцца:

1. Алена Карп за пераклад з французскай мовы кнігі Маржан Сатрапі «Персеполіс».
2. Яўген Папакуль за пераклад са старажытнаісландскай мовы «Эды Сноры Стурлусана».
3. Андрэй Строцаў за пераклад з англійскай мовы кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Хронікі Нарніі: Прынц Каспіян».

Журы прэміі:

  • літаратуразнаўца Ульяна Верына;
  • пісьменніца Святлана Курс;
  • паэт і перакладчык Уладзімір Лянкевіч;
  • паэт, перакладчык, выкладчык літаратуры Андрэй Хадановіч;
  • паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева.

Прэмія за найлепшую дэбютную кнігу была заснаваная ў 2010 годзе ў гонар класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Прэмія ўручаецца за найлепшую першую кнігу, выдадзеную па-беларуску.
Удзельнічаць у конкурсе могуць аўтары дэбютных кніг паэзіі або прозы, а таксама перакладчыкі кніг, выдадзеных у 2021 і 2022 гадах у папяровым ці электронным фармаце, пры ўмове, што на момант публікацыі ім не споўнілася 35 гадоў.

У 2021 годзе лаўрэатамі прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча сталі Артур Камароўскі за кнігу паэзіі «Вада пачынае жыць», Давід-Алег Лісоўскі за кнігу прозы «Кніга» і Таццяна Анікеенка за пераклад з балгарскай мовы рамана Міхала Вешыма «Англійскі сусед».

Суарганізатарамі прэміі сёлета выступаюць Bellvory Stiftung (Switzerland), Беларускі ПЭН, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.