Аб’яўлены доўгі спіс Прэміі Ежы Гедройця. Хто трапіў у дзясятку найлепшых кніг прозы за 2022-2023 гады?

Журы прэстыжнай літаратурнай прэміі Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы па-беларуску вызначылася з доўгім спісам. Сёлета ў яго трапілі дзесяць прэтэндэнтаў. У сувязі з крызісам кнігавыдання ў 2022-2023 гадах арганізатары пагадзіліся з просьбай журы вылучыць у доўгі спіс меншую колькасць пазіцый, чым у мінулыя гады.

«У звязку з невялікай колькасцю выдадзеных у 2022–2023 гадах мастацкіх кніг на беларускай мове, выкліканай крызісам кнігавыдання, і, адпаведна, з крытычна малой розніцай паміж колькасцю пазіцый поўнага і доўгага спісаў журы прэміі прапануе скараціць колькасць кніг доўгага спісу з дванаццаці да дзесяці, — так гучала прапанова журы. — Разам з тым гэтая колькасць можа быць і павялічаная да дванаццаці ў выпадку паляпшэння агульнай сітуацыі ў айчынным кнігавыданні ў наступных сезонах», — дадалі эксперты.

Хто трапіў у топ найлепшых кніг прозы па-беларуску за 2022-2023 гады?

1. «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» – Валянцін Акудовіч (выдавецтва «Логвінаў», 2023).

2. «Забіць упалмінзага» – Зміцер Бартосік («Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022).

3. «Я танцую» – Віка Біран (выдавецкая ініцыятыва «Кася на Парнасе», 2023).

4. «Гарэзлівы пацалунак» – Ева Вайтоўская (А. М. Янушкевіч, 2020).

5. «На прызбе ў Сілічах» – Марыя Вайцяшонак (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023).

6. «Жамяра: жаночыя гісторыі» – Алена Вешторт (выдавецтва «Альфа-кніга», 2023).

7. «Вольнеры. Прадвесце» – Валер Гапееў (выдавецтва «Янушкевіч», 2023).

8. «Круглая Square: Іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі» – Вал Клемэнт (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023).

9. «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» – Дзяніс Марціновіч (выдавецтва «Янушкевіч», 2023).

10. «Час пустазелля» – Ганна Янкута (выдавецтва «Янушкевіч», 2023).

У складзе журы Прэміі Гедройця сёлета: літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына; беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; філолаг, кандыдатка філалагічных навук, пісьменніца, перакладчыца Вера Жыбуль; літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne» Сяргей Кавалёў; пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.

Прэмія Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы па-беларуску ўручаецца з 2012 года, на сённяшні дзень гэта галоўная незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі. Патрон прэміі – Ежы Гедройць, вядомы публіцыст, палітык і паслядоўны прыхільнік добрасуседскіх зносін паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай.

У мінулым годзе лаўрэатамі прэстыжнай узнагароды сталі: Ганны Кандрацюк за кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022), Сцяпан Стурэйка – за твор «Пасажыры карабля Тэсэя» (Янушкевіч, Мінск, 2022), Сяргей Лескець – за вядомы бэстселер «Шэпт» (Вільма / Выд-ц Р. Цымбераў, Мінск, 2022).

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!