«У печку кідаюцца максімальна важныя для беларусаў сімвалы»: гісторык Цімафей Акудовіч пра спробу ачарнення нацыянальнай сімволікі

Сёння беларускае грамадства «ўзарвала» навіна пра ўключэнне вокліча «Жыве Беларусь!» у пералік нацысцкай сімволікі. Вядомы лозунг быў разгледжаны Міністэрствам унутраных спраў Беларусі як частка калабарацыянісцкага вітання 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД і 30-й грэнадзёрскай (пяхотнай) дэвізіі Вафен-СС нароўні з нацысцкім партыйным вітаннем «Хайль Гітлер».

Чаму для ўладаў стала настолькі важным упісаць адраджэнскі вокліч беларусаў у нацысцкі кантэкст? Што за гэтым стаіць? І ці дасць падобная спроба ачарнення нацыянальнага сімвала плён? — з гэтымі пытаннямі Reform.by звярнуўся па каментар да гісторыка, культурніцкага менеджара, грамадскага актывіста, прадстаўніка Беларускай рады культуры Цімафея Акудовіча.

Спадар Цімафей, як увогуле, на вашу думку, можна прызнаць нацысцкім вітаннем вокліч, у якім ёсць слова «Беларусь»?

— У межах барацьбы за ўладу можна ўсё. Лукашэнкаўская сістэма паслядоўна пашырае межы «немагчымага» дзеля захавання ўлады. У гэтым рэчышчы прызнанне нацысцкім галоўны лозунг сваіх палітычных апанентаў — гэта цалкам прадказальная рэч.

Таму гэта проста вайна са сваім народам — і нічога іншага.

Чаму для ўладаў было важна ўпісаць вокліч менавіта ў фашысцкі кантэкст? У пераліках ідзе падрабязнае апісанне таго, сімвалам якога батальёна з’яўляецца калабарацыянісцкае вітанне, часткай якога з’яўляецца лозунг. Зацытую: «Коллаборационистское приветствие – является символом 13-го Беларусского полицейского батальона при СД и 30-й гренадерской (пехотной) дивизии Ваффен-СС (русская № 2, она же – беларусская № 1) наравне с нацистским партийным приветствием «Хайль Гитлер» и представляет сопровождаемое поднятием правой руки с распрямленной ладонью восклицание «Жыве Беларусь» и отзыв «Жыве».

— Вокліч «Жыве Беларусь!» прайшоў з беларусамі праз усё ХХ стагоддзе. І ўвабраў у сябе ўсе радасці і ўсе беды нацыі. І першы ўстаноўчы сход, і эміграцыю, і індустрыялізацыю, і партызаншчыну, і калабарацыянізм. Ды што казаць, калі ў сучасным дзяржаўным гімне ёсць гэтая фраза!

І цяжкая старонка супрацоўніцтва з нацыстамі падчас вайны ў гэтай гісторыі таксама ёсць. Трэба гэта прымаць. Але ж і партызаны карысталіся воклічам «Жыве Беларусь». Дык што, іх таксама адмяняць?

У гэтым, зрэшты, і ёсць каштоўнасць вокліча — ён прайшоў з намі праз увесь мінулы век.

Што ж да логіцы ўладаў, тут усё досыць проста. Яшчэ ў савецкія часы вобраз нацызму як абсалютнага зла ХХ стагоддзя (цалкам апраўданы) прыкрываў сабой злачынствы савецкай сістэмы.

Постсавецкія сістэмы гэты прынцып разганяюць яшчэ мацней. Нацызм абвяшчаецца абсалютным, нечалавечым злом, на фоне якога любыя злачынствы ўладаў прэзентуюцца як неабходныя жорсткія меры для захавання дабра. Гэта стары і адпрацаваны механізм кантролю сітуацыі і самазаспакаення.

Ну і калі ёсць абсалютнае зло, то грэх не прывязаць да яго сваіх палітычных апанентаў, каб барацьба з імі любымі сродкамі таксама выглядала абаронай дабра.

«Народная газета» выходзіла пад лозунгам «Жыве Беларусь!» 30 гадоў, да снежня 2020 года. Фота:  facebook.com/oleg.keptuha.

Вось вы кажаце пра абсалютнае зло, а як жа Янка Купала, які ўжывае выраз у сваім вершы «Гэты крык, што жыве Беларусь!»? Як гэта патлумачыць? Беларускі класік літаратуры — таксама прыхільнік абсалютнага зла?

— Дык не толькі ж Купала! І Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, савецкія партызаны, ды нават дзяржаўная «Народная газета», у якой гэты вокліч быў лозунгам шмат гадоў, ды шмат, шмат хто яшчэ…

Але зноўку, лукашэнкаўская сістэма паслядоўна абыякавая да любога культурніцкага бэкграўнду. Ёсць зразумелая вузкая мэта захавання ўлады. У цяперашніх умовах гэта значыць захаванне ўзроўню рэпрэсіўнага ціску. Для гэтага ў печку кідаюцца максімальна важныя для беларусаў сімвалы.

Як вы лічаце, ці акажацца ўрэшце гэта забарона дзейснай? Ці наадварот?

— Цяпер усё ў нашых руках. Мы нясём адказнасць за напаўненне гэтага сімвала. І за тое, каб як найхутчэй ён мог адкрыта прамаўляцца ў Беларусі.

Зрэшты, сам вокліч дае надзею: ён не мае часавых абмежаванняў.

Беларусь Жыве Вечна!

Жыве!

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!