Стужка беларускай дакументалісткі Таццяны Свірэпа «Беларусь 23.34» намінавана на ўзнагароду чэшскага фестывалю Ji.hlava

Фільм пра беларусаў, якія пацярпелі ў час і пасля пратэстаў 2020 года, — «Беларусь 23.34» Таццяны Свірэпанамінаваны на прэмію «Сярэбранае вока» на Міжнародным кінафестывалі дакументальнага кіно ў чэшскім Йіглаве.

Узнагарода ўручаецца ў межах Індустрыяльнай платформы кінафорума — East Silver Market — за лепшую кароткаметражную і поўнаметражную карціну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Прэмія заснавана фестывалем Ji.hlava разам з чэшскім Інстытутам дакументальнага кіно.

«Беларусь 23.34» — стужка беларускай фатографкі і рэжысёркі Таццяны Свірэпа, якая была створана пры падтрымцы ўкраінскіх, бельгійскіх і польскіх кінематаграфістаў. У ёй распавядаюцца гісторыі беларусаў, што сутыкнуліся з рэпрэсіямі.

«Хлопец, які проста праехаў на ровары міма абеліска горада-героя Мінска і апынуўся ў пекле на Акрэсціна; сантэхнік, які выйшаў на станцыі «Фрунзенская», таму што цягнік метро далей не пайшоў, а праз некалькі хвілін ён ужо ляжаў на падлозе; маці семярых дзяцей, якая падышла да турэмнага грузавіка, абараняючы свайго сына, і ўбачыла, як яго пазначылі чырвонай фарбай; жанчына-лекарка, якую атруцілі газам у турэмным грузавіку, а затым прымусілі прыгнуцца і бегчы па калідорах Жодзінскай турмы… 30 адважных людзей распавялі нам, як яны перажылі затрыманне і катаванні ў жніўні-снежні, што яны адчуваюць і што, на іх думку, змянілася ў беларускім грамадстве», — адзначаецца ў анатацыі да поўнаметражнай даккарціны.

У карціне выкарастаны 25 інтэрв’ю.

«У фільме паказаны шлях зняволенага на акцыі пратэсту ў Беларусі: марш і затрыманне, паездка ў турэмным грузавіку, рэгістрацыя ў паліцэйскім участку, суд, турма, вызваленне і разважанні пра перажытае».

Ji.hlava IDFF — міжнародны кінафестываль дакументальнага кіно ў Чэхіі, які лічыцца адным з буйных форумаў даккіно ў Еўропе. Яго дэвіз — «мысленне праз фільм». 26-я эдыцыя Ji.hlava адбудзецца з 25 па 30 кастрычніка 2022 года. Прэмія ж «Сярэбранае вока» за лепшы поўнаметражны фільм будзе ўручана падчас цырымоніі закрыцця фестывалю 29 кастрычніка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!