Канадская навукова-даследчая лабараторыя Wzmh Architects распрацавала зборна-модульную сістэму для хуткага ўзнаўлення тысяч будынкаў па ўсёй Украіне, якія былі часткова або цалкам разбураныя падчас вайны, – піша suspilne.media.
Праект называецца «Speedstack», ён можа рэалізоўвацца ў некалькі этапаў. Усё залежыць ад ступені пашкоджанняў – калі дом разбураны толькі часткова, то замена модуля будзе адбывацца адносна проста, бо праект распрацаваны для блокавых дамоў.
План аднаўлення такі: пасля расчысткі знішчаных секцый на іх месца змесцяць бетонныя модулі. Канструкцыі ўжо будуць мець убудаваныя інжынерныя камунікацыі – іх трэба толькі падлучыць да наяўнай інфраструктуры дома.
Пасольства Украіны ў Канадзе ўжо ўхваліла канцэпцыю. У далейшым лабараторыя плануе супрацоўнічаць з украінскім урадам.