5 фактаў, чаму святкаваць «Дзень народнага адзінства» кепская ідэя

Общество
Ваенная кампанія ў Польшчы ў 1939 годзе. Фота: wikipedia.

17 верасня ўлады Беларусі адзначаюць «Дзень народнага адзінства», аднак нават у часы панавання камуністычнай ідэалогіі гэтая дата (Дзень уз’яднання Беларусі) успрымалася як даволі неадназначная ­– галоўным чынам з прычыны таго, што тэма пачатку вайны для савецкай гістарыяграфіі была вельмі хваравітай.

Паводле сучаснай афіцыйнай версіі, 17 верасня 1939 года быў пакладзены пачатак узнаўленню адзінства беларускага народа, гэты дзень сімвалізуе здзяйсненне акту гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора.

Усё сапраўды так: 17 верасня адбылося аб’яднанне дзвюх частак беларускай этнічнай тэрыторыі ў складзе Беларускай ССР – адміністратыўнай адзінкі СССР.

Гэта важная для нас дата, аднак не святочная.

Паспрабуем патлумачыць чаму.

  1. Заходняя Беларусь пагрузілася ў тэрор і беднасць

Разам з Чырвонай арміяй на тэрыторыю Заходняй Беларусі зайшлі 92 аператыўна-чэкісцкія групы. У іх функцыі ўваходзіла складанне спісаў нядобранадзейных элементаў і арышты. Па стану на 22 кастрычніка ў Заходняй Беларусі было арыштавана 4315 чалавек. Тэрор закрануў палітычных дзеячаў, святароў,  асаднікаў (ветэранаў польска-савецкай вайны 1920 года, якія атрымалі ад уладаў зямлю ў Заходняй Беларусі), чыноўнікаў, афіцэраў, паліцэйскіх.

Адначасова «рэвалюцыйныя камітэты», якія ствараліся мясцовымі прасавецкімі актывістамі, арганізавалі «народную помсту», пад якую патрапілі не толькі палякі, але і шмат беларусаў, што былі заможнымі ці прытрымліваліся іншых поглядаў.

Адбыліся чатыры дэпартацыі, падчас якіх вывезлі, па розных звестках, ад 180 да 360 тысяч асобаў.

Савецкая ўлада хутка стала выклікаць расчараванне ў мясцовага насельніцтва: яна прынесла заходнім беларусам раскулачванне, канфіскацыю маёмасці, рэпрэсіі і беднасць. Тагачасная Польшча была вельмі далёкая ад дэмакратыі, аднак канцлагер Бяроза-Картузская не параўнаць з Гулагам, а польскі аўтарытарызм з савецкім таталітарызмам.

Краіна аб’ядналася, але ў рамках антыбеларускай таталітарнай сістэмы.

Дата 17 верасня не аб’ядноўвае, а раз’ядноўвае на ўзроўні сямей, родавай памяці. Для часткі насельніцтва Заходняй Беларусі падзеі 17 верасня – гэта трагедыя, што прывяла да смерці іх родзічаў, а адзінства на трагедыі не пабудуеш.

  1. Мы страцілі частку этнічных зямель

Сталін не ставіў за мэту аб’яднаць Беларусь: атрымаўшы гэтыя тэрыторыі, ён стаў раздаваць іх суседзям дзеля дасягнення сваіх палітычных мэтаў. У выніку Віленшчына, на якой беларускае насельніцтва складала большасць, адышла да Літвы, а Беласточчына да Польшчы.

  1. Мы святкуем пачатак Другой сусветнай вайны

Адзначаючы свята 17 верасня, мы святкуем пачатак вайны.

Падзелам Польшчы паміж Германіяй і СССР распачалася Другая сусветная вайна, наступствы якой для Беларусі былі катастрафічныя.

  1. Мяжа паміж часткамі падзеленай Беларусі пасля 17 верасня заставалася яшчэ некалькі гадоў

Каб праехаць у заходнія рэгіёны Беларусі, быў патрэбны спецпропуск. Старую мяжу па-ранейшаму ахоўвалі памежнікі да самага пачатку вайны паміж Германіяй і СССР.

  1. Ускладняюцца адносіны з Польшчай, якая ў выніку гэтых падзей перастала існаваць як дзяржава

Гучнае святкаванне гэтай падзеі ўскладняе адносіны з заходнім суседам. 17 верасня 1939 года армія СССР перайшла заходнюю мяжу, і пачалася інтэрвенцыя супраць Польшчы, якая з 1 верасня змагалася супраць Германіі. У польскай гісторыі дзень 17 верасня 1939 года называюць «нож у спіну»: быў парушаны дагавор СССР з Польшчай аб ненападзенні, падоўжаны абодвума бакамі ў 1934 годзе да 31 снежня 1945 года. У выніку Польшча была падзелена паміж СССР і Германіяй паводле таемных пратаколаў да падпісанага 23 жніўня 1939 года пакту Молатава-Рыбентропа.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: