Выстава «Колеры беларускай рэвалюцыі» ў Бучы — фотафакт

Учора ў Публічнай бібліятэцы Бучынскай грамады адкрылася выстава пра беларусаў, асуджаных за праўкраінскую пазіцыю.

Партрэты зняволеных украінцаў, якія падтрымалі беларусаў падчас падзей 2020 года. Выявы журналістаў і актывістаў, якія пішуць на ўкраінскія тэмы, і якіх за гэта пераследуюць. Партрэты асуджаных людзей за антываенную пазіцыю. Партрэты беларусаў, якія загінулі, змагаючыся на баку ўкраінцаў з 2014 года… Праект «Колеры беларускай рэвалюцыі» дае магчымасць убачыць пазіцыю беларусаў у дачыненні да вайны і асабіста пазнаёміцца з гісторыямі людзей, якія пацярпелі за свае погляды і ўчынкі.

Асабліва хвалююча, што распавесці гэтыя гісторыі атрымалася ў Бучы — горадзе, які сёння стаўся сімвалам злачынстваў расійскіх войскаў.

Выстава сталася магчымай дзякуючы ўдзелу нашых суайчынніц — праваабаронцы Анісіі Казлюк, медыяэкспертцы Аліны Рудзінай, і арганізатаркі Настассі Доль, беларускі, якая жыла ў Ірпені яшчэ да вайны і вярнулася туды зусім нядаўна.

У мясцовых чатах гучалі меркаванні аб тым, як беларусы адважыліся прыехаць у Бучу са сваім праектам. Але выстава на адкрыцці была прынята цёпла.

Па словах Настассі, многія ўкраінцы былі шчыра здзіўлены тымі выракамі, якія даюць беларусам за дапамогу Украіне.

Сёння арганізатары праекта вядуць перамовы аб яго паказе ў Кіеве, Чарнігаве і Адэсе.

Выстава «Колеры беларускай рэвалюцыі» ў Бучы будзе ладзіцца да 20 верасня.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Колеры беларускай рэвалюцыі» ў Бучы. Фота: Kvetka.
У экспазіцыі ўсе фатаграфіі стылізаваны пад імгненныя здымкі Polaroid. Унізе размешчана кароткая даведка пра тое, за што чалавек быў затрыманы, QR-код, які вядзе на старонку з гісторыяй палітвязня на сайтах праваабарончых ініцыятыў. Фота: Kvetka.
На выставе ў Бучы арганізатары далучылі да экспазіцыі дваццаць два партрэты беларускіх ваяроў, якія загінулі, змагаючыся за Украіну з 2014 года. Фота: Kvetka.
Фрагмент экспазіцыі выставы «Колеры беларускай рэвалюцыі» ў Бучы. Фота: Kvetka.
Праваабаронца Анісія Казлюк падчас адкрыцця выставы. Фота: Настасся Доль.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!